Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Палажэнне аб прэміях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Галоўная старонка / Дзейнасць акадэміі / Прэміі акадэміі / Палажэнне аб прэміях НАН Беларусі


ПАЛАЖЭННЕ
аб прэміях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Зацверджана пастановай Прэзiдыума АН Беларусi ад 17.03.1995 №26
(у рэдакцыі пастановы Прэзідыума НАН Беларусі ад 16.12.2007 №54)



1. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

1.1. Прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (далей - прэміі НАН Беларусі) заснаваны для падтрымкі айчынных вучоных, навуковыя работы якіх атрымалі прызнанне ў рэспубліцы і за яе межамі, а таксама для заахвочвання творчай актыўнасці і садзейнічання прафесійнаму росту маладых вучоных, выяўлення і падтрымкі схільных да навуковай работы студэнтаў.

1.2. Конкурсы работ, вылучаных на атрыманне прэмій, праводзяцца адзін раз у два гады, кожны няцотны год. Аб'яву аб чарговым конкурсе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі даводзіць да ведама арганізацый і асоб, пералічаных у пункце 4.1. дадзенага Палажэння ў красавіку конкурснага года. Работы, вылучаныя на саісканне прэміі, прымаюцца да разгляду Камісіяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па прэміях (далей - Камісія па прэміях) да 1 кастрычніка года, у якім прысуджаюцца прэміі.

Рашэнне аб прысуджэнні прэмій прымаецца Прэзідыумам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі да дня заснавання акадэміі (29 снежня) на аснове рэкамендацый Камісіі па прэміях.

1.3. Асобам, удастоеным прэміі, напярэдадні Дня беларускай навукі ва ўрачыстай абстаноўцы (на сесіі Агульнага сходу ці на пасяджэнні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі) уручаюцца ганаровыя дыпломы лаўрэатаў прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, падпісаныя Старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і галоўным вучоным сакратаром Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пры прысуджэнні прэміі калектыву аўтараў грашовая частка прэміі дзеліцца пароўну паміж членамі калектыву.

2. КОЛЬКАСЦЬ I ПАМЕР ПРЭМIЙ

Устанаўліваюцца наступныя колькасць і памер прэмій:

14 прэмій НАН Беларусі памерам 150 базавых велічынь кожная,

14 прэмій НАН Беларусі імя акадэміка В.Ф.Купрэвіча для маладых вучоных памерам 60 базавых велічынь кожная,

7 прэмій НАН Беларусі імя акадэміка В.Ф.Купрэвіча для студэнтаў памерам 40 базавых велічынь кожная.

У ліку гэтых прэмій:

дзве прэміі НАН Беларусі, дзве прэміі НАН Беларусі імя акадэміка В.Ф.Купрэвіча для маладых вучоных і адна прэмія НАН Беларусі імя акадэміка В.Ф.Купрэвіча для студэнтаў у галіне фізікі, матэматыкі і інфарматыкі;

дзве прэміі НАН Беларусі, дзве прэміі НАН Беларусі імя акадэміка В.Ф.Купрэвіча для маладых вучоных і адна прэмія НАН Беларусі імя акадэміка В.Ф.Купрэвіча для студэнтаў у галіне фізіка-тэхнічных навук;

дзве прэміі НАН Беларусі, дзве прэміі НАН Беларусі імя акадэміка В.Ф.Купрэвіча для маладых вучоных і адна прэмія НАН Беларусі імя акадэміка В.Ф.Купрэвіча для студэнтаў у галіне хімічных навук і навук аб Зямлі;

дзве прэміі НАН Беларусі, дзве прэміі НАН Беларусі імя акадэміка В.Ф.Купрэвіча для маладых вучоных і адна прэмія НАН Беларусі імя акадэміка В.Ф.Купрэвіча для студэнтаў у галіне біялагічных навук;

дзве прэміі НАН Беларусі, дзве прэміі НАН Беларусі імя акадэміка В.Ф.Купрэвіча для маладых вучоных і адна прэмія НАН Беларусі імя акадэміка В.Ф.Купрэвіча для студэнтаў у галіне медыцынскіх навук;

дзве прэміі НАН Беларусі, дзве прэміі НАН Беларусі імя акадэміка В.Ф.Купрэвіча для маладых вучоных і адна прэмія НАН Беларусі імя акадэміка В.Ф.Купрэвіча для студэнтаў у галіне аграрных навук.

дзве прэміі НАН Беларусі, дзве прэміі НАН Беларусі імя акадэміка В.Ф.Купрэвіча для маладых вучоных і адна прэмія НАН Беларусі імя акадэміка В.Ф.Купрэвіча для студэнтаў у галіне гуманітарных і сацыяльных навук."

3. ПАТРАБАВАННI ДА САІСКАЛЬНІКАЎ ПРЭМІЙ

3.1. Саіскальнікамі прэмій НАН Беларусі могуць быць вучоныя, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, або калектывы вучоных-саіскальнікаў прэміі (не больш 3 чалавек), якія надрукавалі вынікі праведзеных імі даследаванняў ў выглядзе манаграфіі (манаграфій), або цыкла артыкулаў у вядучых навуковых часопісах.

3.2. Саіскальнікамі прэмій для маладых вучоных могуць быць вучоныя, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, ва ўзросце да 35 год на 1 студзеня года, у якім ажыццяўляецца конкурс і якія надрукавалі вынікі праведзенага імі даследавання ў выглядзе манаграфіі, артыкула або цыкла артыкулаў у вядучых навуковых часопісах. Да разгляду прымаюцца работы, выкананыя ў сааўтарстве, калі ўклад маладога вучонага значны і падцверджаны адпаведнай даведкай, падпісанай сааўтарамі калектыўнай публікацыі.

3.3. Саіскальнікамі прэміі для студэнтаў могуць быць студэнты вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, якія выканалі самастойнае навуковае даследаванне і яго вынікі апублікавалі або накіравалі для апублікавання ў навуковых часопісах і іншых выданнях, у тым ліку ў сааўтарстве са старэйшымі калегамі. У асобных выпадках могуць быць прадстаўлены рукапісныя навуковыя работы, якія вызначаюцца арыгінальнасцю ў пастаноўцы і рашэнні актуальных праблем.

4. ПАРАДАК ВЫЛУЧЭННЯ І АФАРМЛЕННЯ РАБОТ НА САІСКАННЕ ПРЭМІІ

4.1. Права вылучэння работы на атрыманне прэміі НАН Беларусі маюць акадэмікі і члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (па сваёй спецыяльнасці), вучоныя і навукова-тэхнічныя саветы навуковых арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Работа можа быць вылучана вучонымі і навукова-тэхнічнымі саветамі арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з саветамі іншых арганізацый Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ўстаноў вышэйшай адукацыі (або іх факультэтаў). Пры гэтым адна з арганізацый вызначаецца як галаўная, іншыя - як сумежныя арганізацыі.

4.2. Вылучэнне кандыдатур у аўтарскі калектыў з ліку ўсіх выканаўцаў работы адбываецца зыходзячы з ацэнкі творчага ўкладу кожнага з іх.

4.3. Работы, вылучаныя на атрыманне прэміі, прымаюцца да разгляду Камісіяй па прэміях да 1 кастрычніка года, у якім прысуджаюцца прэміі.

4.4. Работа лічыцца вылучанай на атрыманне прэміі НАН Беларусі, калі ў Камісію па прэміях прадстаўлены ў адным экземпляры камплект наступных дакументаў, завераных ва ўстаноўленым парадку:

4.4.1. Матывіраваная рэкамендацыя асоб ці арганізацый, пералічаных у пункце 4.1., аб вылучэнні работы на атрыманне прэміі, з абгрунтаваннем яе значэння для навукі і практыкі;

4.4.2. Вылучаная на саісканне прэміі работа: тэматычна звязаныя паміж сабой кнігі і копіі артыкулаў, патэнтаў, матэрыялы па ўкараненні распрацовак, якія разам адлюстроўваюць вырашэнне буйной навуковай і практычнай праблемы (студэнты могуць прадставіць рукапісы сваіх навуковых работ);

4.4.3. Анатацыя работы аб'ёмам каля трох старонак машынапіснага тэксту, падпісаная аўтарамі з указаннем яе поўнай назвы, прозвішчаў, імён, імён па-бацьку вучонай ступені, месца працы і пасады, кожнага з аўтараў работы, вылучанай на прэмію (у двух экземплярах);

4.4.4. Вылучаная на саісканне прэміі работа, калі яна прадстаўлена не на беларускай мове, павінна мець кароткую анатацыю на беларускай мове (поўная назва, прозвішчы, імёны, імёны па-бацьку кожнага з аўтараў работы, кароткі змест работы, вылучанай на прэмію);

4.4.5. Звесткі аб аўтарах работы (Curriculum vitae) на кожнага;

4.4.6. Завераны спіс надрукаваных кожным аўтарам работ;

4.4.7. Даведку аб асабістым укладзе саіскальніка (саіскальнікаў), падпісаную ўсімі сааўтарамі работы, калі работа выканана ў сааўтарстве. Вылучаная на саісканне прэміі работа павінна быць выканана і яе вынікі надрукаваны ў асноўным за апошнія 5 год. Дапускаецца ўключэнне ў цыкл даследавання больш ранніх тэматычна звязаных з работай публікацый і іншых вынікаў даследаванняў. Рукапісы дысертацыйных работ на конкурс не прымаюцца.

4.5. Вылучаная на саісканне прэміі работа разам з пералічанымі дакументамі, увязаная ў папку з паметкай на вокладцы "На саісканне Прэміі НАН Беларусі 200_ года", указаннем назвы работы і яе аўтараў прадстаўляюцца на адрас: 220072, г. Мінск, прасп. Незалежнасці, 66, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, ў Камісію НАН Беларусі па прэміях.

5. ПАРАДАК РАЗГЛЯДУ РАБОТ, ВЫЛУЧАНЫХ НА АТРЫМАННЕ ПРЭМІІ

5.1. Работы, вылучаныя на атрыманне прэмій НАН Беларусі, разглядаюцца ў два этапы. На першым этапе работы разглядаюцца ў секцыях Камісіі па прэміях. Работы накіроўваюцца на экспертызу вядучым вучоным адпаведнай спецыяльнасці. Пасля атрымання экспертных заключэнняў па ўсіх разглядаемых работах на пасяджэнні секцыі шляхам галасавання яе членаў вызначаюцца работы, рэкамендуемыя секцыяй да прысуджэння прэмій. Рэкамендацыі секцыі, выпрацаваныя на пасяджэнні, афармляюцца пратаколам.

На другім этапе пасля абмеркавання на пасяджэнні Камісіі па прэміях шляхам тайнага галасавання яе членаў вызначаюцца работы для прысуджэння прэмій. Прапановы Камісіі па прэміях аб прысуджэнні прэмій афармляецца пратаколам за подпісам старшыні і сакратара пасяджэння Камісіі па прэміях.

У асобных выпадках Камісія па прэміях НАН Беларусі можа ўнесці на разгляд Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прапановы аб прысуджэнні прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў колькасці, устаноўленай часткай першай пункта 2, але з размеркаваннем па галінах навукі, адрозніваемых ад устаноўленых часткай другой пункта 2.

Аўтар работы, прадстаўленай на саісканне прэміі, які з'яўляецца членам Камісіі па прэміях або членам яе секцыі, не мае права прымаць удзел у рабоце Камісіі, яе секцый і не мае права знаёміцца з матэрыяламі па пытаннях прысуджэння прэмій ў годзе, у якім гэты член Камісіі вылучаны на саісканне прэміі.

5.2. Прапановы Камісіі па прэміях аб прысуджэнні прэмій прадстаўляецца да 1 снежня на разгляд Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

5.3. Прапановы Камісіі па прэміях аб прысуджэнні прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі набываюць сілу пасля іх зацвярджэння Пастановай Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

5.4. Інфармацыя аб навуковых работах, якім прысуджаны прэміі НАН Беларусі, публікуецца ў друку.

5.5. Выплата грашовай часткі прэмій НАН Беларусі ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, выдзеляемых Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на фінансаванне фундаментальных і прыкладных даследаванняў. <>