Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Члены-карэспандэнты

Галоўная старонка / Члены Акадэміі / Члены-карэспандэнты

Гурскі Л.І.

Член-карэспандэнт ГУРСКІ Леанід Ілліч

Леанід Ільіч Гурскі (н.10.01.1936, Мінск), вучоны ў галіне фізікі цвёрдага цела, атамнай фізікі, мікраэлектронікі і матэрыялазнаўства. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994), доктар тэхнічных навук (1973), прафесар (1978).

Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1959). У 1956-1961 гг. канструктар спецыяльнага канструктарскага бюро Саўнаргаса БССР, у 1961-1993 гг. аспірант, малодшы навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар, старшы навуковы супрацоўнік, намеснік дырэктара, загадчык лабараторыі, загадчык аддзела Фізіка-тэхнічнага інстытута АН Беларусі. З 1993 г. намеснік старшыні - галоўны вучоны сакратар Вышэйшай атэстацыйнай камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (з 1995 г. - Дзяржаўнага вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь). У 1995-2001 гг. начальнік аддзела прыродазнаўчых навук Дзяржаўнага вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь. З 2001 г. прафесар кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Упершыню на аснове прапанаванай мадэлі атама, якая змяшчае вірыял, і дынамічных сіметрый фізічна абгрунтаваў сіметрыйныя ўласцівасці Перыядычнай сістэмы і разлічыў мультыплеты, змест якіх цалкам пацверджаны эксперыментальна ўсталяваным складам электронных абалонак для ўсіх хімічных элементаў. Эксперыментальна выявіў новыя з'явы - высокатэмпературная першасная рэкрышталізацыя ў нанапамерных гетэрагенных матэрыялах; утварэнне пры дэфармацыі металаў ячэістай дыслакацыйнай структуры ў аб'ёме і аморфнага пласта на паверхні; анамальнае павелічэнне шчыльнасці дыслакацый пры дэфармацыі зрухам; утварэнне ў структурах метал-дыэлектрык-паўправаднік радыяцыйных дэфектаў пры высокаполевай інжэкцыі электронаў; анамальнае павелічэнне фіксаванага зарада пры высокіх тэмпературах у дыяксідзе крэмнію; утварэнне ў шматкампанентных сістэмах злучэнняў і азеатропных сумесяў, недысацыіруючых пры змене агрэгатнага стану рэчыва. Стварыў некалькі пакаленняў прыбораў і аўтаматызаваных комплексаў для кантролю фізічных уласцівасцей металаў, паўправаднікоў, дыэлектрыкаў, характарыстык кандэнсатараў, дыёдаў, транзістараў, мікрасхем, вадкакрышталічных індыкатараў, прэцызійных рэзістараў, цэлюлозы, матэрыялаў у глыбокім вакууме, дынамічных характарыстык пры выпрабаванні тарпед, аптычных характарыстык выходных вокнаў звышмагутных ВК-лазераў. На эфектах рэзананснага тунэлявання электронаў у квантуючых арыентаваных палях структур метал-дыэлектрык-паўправаднік з грэйтынгавай кіруючай сістэмай распрацаваў метады фарміравання квантавых ям і квантавых кропак. Удзельнічаў у работах па стварэнні на эфектах дыфракцыі паскораных электронаў у крышталях перабудоўваемага рэнтгенаўскага лазера. Прапанаваў канцэпцыю безытэрацыйнага праектавання мікрасхем, якая рэалізавана на НВА "Інтэграл" пры вытворчасці мікрапрацэсарных комплексаў, мікраЭВМ і больш за 100 відаў іншых мікрасхем для прамысловай і бытавой тэхнікі.

Аўтар больш за 250 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій, 65 вынаходстваў.

Дзяржаўная прэмія БССР 1984 г. за стварэнне навуковых асноў, распрацоўку тэхналогіі і арганізацыю высокарэнтабельнай масавай вытворчасці нізкапарогавых вялікіх інтэгральных мікрасхем на камплементарных метал-вокісел-паўправаднік структурах.

Узнагароджаны медалём.

Асноўныя працы:
1. Структура в объеме и на поверхности прокатанных металлов. Мн., 1972 (совм. с В.П.Северденко).
2. Структура и кинетика взаимодействия металла с окисляющими средами. Мн., 1982.
3. Зарядовые свойства МОП-структур. Мн., 1980 (совм. с Н.В.Румаком, В.В.Куксо).
4. Проектирование микросхем. Мн., 1991 (совм. с В.Я.Степанцом).

Літаратура:
1. Леонид Ильич Гурский (К 70-летию со дня рождения) // Весці НАН Беларусі. Сер. фіз.-матэм. навук. 2006. №1.

Галоўная старонка / Члены Акадэміі / Члены-карэспандэнты / Да пачатку старонкі