Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Члены-карэспандэнты

Галоўная / Члены акадэміі / Члены-карэспандэнты

Член-карэспандэнт КАЗАКЕВІЧ Пётр Пятровіч

Пётр Пятровіч Казакевіч нарадзіўся 01.01.1955 г., у 1977-м з адзнакай скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці механізацыя гідрамеліярацыйных работ. У 1978-2003 гадах працаваў у ЦНІІМЭСХ (цяпер НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі) малодшым, старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам лабараторыі, намеснікам дырэктара па навуковай рабоце. У 1986 г. годзе яму прысуджана вучоная ступень кандыдата тэхнічных навук. У 1998-м абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Паляпшэнне аграэкалагічных уласцівасцей глеб на аснове распрацоўкі спецыяльных адвальных плугоў». У 2008 годзе Прэзідыумам ВАК Рэспублікі Беларусь яму прысвоена вучонае званне прафесара па спецыяльнасці «аграінжынерныя сістэмы». Абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі ў 2009 годзе.

З 2003 па 2014 г. П.Казакевіч працаваў у Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на пасадах галоўнага дарадцы, загадчыка сектара стратэгіі развіцця сельскай гаспадаркі, намеснікам начальніка галоўнага эканамічнага ўпраўлення. Адначасова, па сумяшчальніцтве, на пасадзе вядучага навуковага супрацоўніка ён працягвае навукова-даследчую працу ў лабараторыі апрацоўкі глебы і сяўбы НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі, а таксама вучэбна-педагагічную дзейнасць на пасадзе прафесара кафедры «Эксплуатацыя машынна-трактарнага парку» БДАТУ.

П.Казакевіч вядомы навуковымі працамі ў галіне механізацыі працэсаў аграэкалагічнага паляпшэння мелказалежных тарфянікаў і забруджаных радыеактыўнымі рэчывамі глеб, механічнай апрацоўкі глебаў, вырошчвання, уборкі і першаснай перапрацоўкі лёну.

Ім асабіста і пры яго навуковым кіраўніцтве распрацаваны: плуг спецыяльны двух'ярусны ПТН-0,9 для глыбокага меліярацыйнага ўзворвання тарфянікаў, які быў уключаны ў саюзную Сістэму машын для меліярацыі зямель і рэкамендаваны Заходняй МВС на серыйную вытворчасць (з яго прымяненнем тэхналогія структурнай меліярацыі тарфянікаў укаранёна на плошчы больш за 1 тыс.га); плуг спецыяльны навясны ПСН-4-40 для глыбокага ўзворвання павярхоўна забруджаных радыеактыўнымі рэчывамі сельгасугоддзяў, на яго аснове распрацавана тэхналогія рэабілітацыі лугапашавых зямель (пасля аварыі на ЧАЭС яна ўжыта ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь на плошчы больш за 16 тыс.га); плугі паваротныя навясныя ПНГ-3-43, ПНГ-4 (5) -43 для гладкага ўзворвання стараворных глеб.

Пад навуковым кіраўніцтвам П.Казакевіча быў створаны комплекс ільноўборачных машын для камбайнавай і раздзельнай уборкі лёну з ужываннем рулоннай тэхналогіі нарыхтоўкі льнотрасты (варочвальнікі стужак ОД-1 і Ол-1, успушвальнік У-1, прэс-падборшчыкі ПРФ 110Л і ПРЛ-150, падборшчык -ачэсвальнік АГА-1), абгрунтавана эфектыўнасць прымянення самаходных ільноўборачных машын ва ўмовах фарміравання ільноўборачных атрадаў пры ільнозаводах. У цяперашні час Пётр Пятровіч працягвае навуковую дзейнасць у галіне абгрунтавання і распрацоўкі плугоў для гладкага ўзворвання глеб, глебаапрацоўча-пасяўных агрэгатаў.

Працуючы ў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Пётр Пятровіч падтрымліваў цесную сувязь з аграрнай навукай. Паводле яго прапаноў распрацавана сістэма перспектыўных машын для рэалізацыі інавацыйных тэхналогій вытворчасці асноўных відаў прадукцыі раслінаводства, жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі на 2011-2015 гады. Ён прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады, Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады. З чэрвеня 2014 года П.Казакевіч працуе на пасадзе намесніка Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі.

Ім апублікавана больш за 165 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій, два падручнікі, атрымана больш за 22 аўтарскіх пасведчанні і патэнты (у суаўтарстве), а таксама выдадзены тры вучэбна-метадычныя працы.

П.Казакевіч прымае актыўны ўдзел у падрыхтоўцы навуковых кадраў. Ён член двух саветаў па абароне дысертацый. Ім падрыхтаваны адзін доктар і два кандыдаты тэхнічных навук.

Галоўная / Члены акадэміі / Члены-карэспандэнты / Да пачатку старонкі