Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.01.2020

Дагавор аб супрацоўніцтве падпісалі НАН Беларусі і Беларуская біятэхналагічная карпарацыя

30 студзеня 2020 года НАН Беларусі і ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве. Подпісы пад дакументам паставілі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і дырэктар ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» (БНБК) Данііл Урыцкі.

Паводле дакумента, бакі дамовіліся ўзаемадзейнічаць па самым шырокім спектры напрамкаў, сярод якіх – правядзенне сумесных навуковых даследаванняў, садзейнічанне ў навукова-метадычным забеспячэнні дзейнасці арганізацый НАН Беларусі і БНБК, выкарыстанне матэрыяльна-тэхнічнай базы (даследчых лабараторый) арганізацый НАН Беларусі і БНБК для правядзення навукова-даследчых работ, удзел у навуковых і навукова-тэхнічных семінарах, канферэнцыях і выстаўках. Будзе праведзены комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне якасці падрыхтоўкі і кваліфікацыі спецыялістаў БНБК на базе вядучых профільных арганізацый НАН Беларусі, аказанне арганізацыям НАН Беларусі кансультатыўнай дапамогі, а таксама дапамогі ў атрыманні патэнтаў на прадукцыю БНБК.

Кажучы пра важнасць падпісанага дакумента, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў, што «падпісанне Пагаднення адкрывае шырокія магчымасці для пашырэння супрацоўніцтва навуковых інстытутаў Акадэміі навук з адной з буйнейшых біятэхналагічных карпарацый. Гэта дазволіць вучоным больш актыўна ўкараняць вынікі сваёй дзейнасці ў практыку, прапрацоўваць на перспектыву пытанні актывізацыі ўзаемадзеяння». Дырэктар ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» Данііл Урыцкі, у сваю чаргу, адзначыў важнасць узмацнення навуковага суправаджэння дзейнасці кампаніі па асноўных напрамках.