Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.02.2020

На выстаўцы ў Егіпце НАН Беларусі прадставіць больш за 40 інавацыйных распрацовак і тэхналогій

На выстаўцы «Беларусь – Егіпет: партнёрства, звернутае ў будучыню» (г. Каір, Арабская Рэспубліка Егіпет) Нацыянальная акадэмія навук Беларусі прадставіць больш за 40 інавацыйных распрацовак і тэхналогій, перспектыўных для егіпецкага рынку.

НВЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве прадэманструе тыпавую модульную станцыю комплекснай ачысткі вады СКАВ «Геапрофіль». Яна прызначана для ачысткі вады з падземных крыніц ад раствораных у ёй дамешак (жалеза, марганцу, серавадароду, солі амонію, мутнасці, колернасці і інш.). Станцыя можа быць убудавана ў новыя аб’екты водазабеспячэння населеных пунктаў або ў тыя, што ўжо існуюць. Усё абсталяванне зроблена з нержавеючай сталі. Прадугледжана поўная аўтаматызацыя з перадачай дадзеных праз інтэрнэт. Вучоныя НВЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве прадэманструюць і доследную мадэль суперкандэнсатара на аснове матэрыялу, што ўтрымлівае ў сваёй структуры графен. Такая распрацоўка не мае аналагаў у свеце.

Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі прадэманструе цэлы шэраг беспілотных лятальных апаратаў (БЛА) тыпу «Буравеснік», «Бусел М40» і «Бусел М50», макет беспілотнага лятальнага апарата «Ястраб», а таксама беспілотны лятальны апарат на базе дырыжабля. БЛА прызначаны для відэаманіторынгу мясцовасці і аб’ектаў, суправаджэння рухомых аб’ектаў з борта беспілотнага лятальнага апарата з магчымасцю вызначэння іх каардынат і перадачы па радыёканале атрыманай відэаінфармацыі на наземны пункт кіравання і другім аддаленым спажыўцам.

Вучоныя Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі прадставяць на выстаўцы ў Каіры біятэхналогіі для жывёлагадоўлі, рыбаводства, раслінаводства, харчавання (якасныя прадукты і кармы). Дадзеныя інавацыйныя тэхналогіі дазволяць праводзіць генетычную экспертызу буйных рагатых жывёл, свіней, вызначаць відавую прыналежнасць рыб сямейства асятровых, ласасёвых, раслінаедных і прадукцыі з іх метадам ДНК-аналізу, праводзіць маркёр-суправаджальную селекцыю сельскагаспадарчых раслін па генах устойлівасці і якасці, вызначаць наяўнасць генетычна мадыфікаваных крыніц (ГМК) у сельскагаспадарчай сыравіне, харчовых прадуктах, кармах і насенным матэрыяле. Вучоныя прадставяць таксама сучасныя генетычныя тэхналогіі ў медыцыне і вобласці спартыўнай генетыкі.

Паміж вучонымі Беларусі і Егіпта ўсталяваны плённыя навуковыя сувязі. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Акадэмія навуковых даследаванняў і тэхналогій Егіпта падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, у рамках якога рэалізуюцца пяць сумесных навукова-даследчых праектаў у сферах раслінаводства, нанаматэрыялаў, малекулярнай генетыкі, металазнаўства. Усе названыя праекты таксама будуць прадстаўлены на выстаўцы ў Каіры.

Тэгi
#выставы