Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.02.2020

У Інстытуце генетыкі і цыталогіі адбылося выязное прэс-мерапрыемства, прысвечанае рэалізацыі праграмы Саюзнай дзяржавы «ДНК-ідэнтыфікацыя»

21 лютага 2020 года НАН Беларусі і Нацыянальны Прэс-цэнтр Рэспублікі Беларусь правялі выязное прэс-мерапрыемства «Навуковыя дасягненні беларускіх вучоных у галіне генагеаграфічных і геномных тэхналогій ідэнтыфікацыі асобы. Рэалізацыя праграмы Саюзнай дзяржавы “ДНК-ідэнтыфікацыя”».

Перад прадстаўнікамі рэспубліканскіх і Саюзных СМІ з дакладамі выступілі намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, навуковы кіраўнік праграмы Саюзнай дзяржавы «ДНК-ідэнтыфікацыя» з беларускага боку акадэмік Аляксандр Кільчэўскі і начальнік упраўлення судова-біялагічных экспертыз Галоўнага ўпраўлення судова-медыцынскіх экспертыз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Сяргей Бароўка. Як адзначыў Аляксандр Кільчэўскі, беларускія вучоныя займаюцца выяўленнем генетычных механізмаў рызыкі ўзнікнення шырокараспаўсюджаных захворванняў, а таксама распрацоўкай ДНК-тэхналогіі вызначэння псіхаэмацыянальнага статусу чалавека. «Мы выконваем шэсць праектаў, якія датычацца сардэчна-сасудзістых, эндакрынных, аўтаімунных, касцёва-мышачных, анкалагічных захворванняў і некаранарагенных захворванняў сэрца. Вызначаны генетычныя асаблівасці пацыентаў з вузламі шчытападобнай залозы і цукровым дыябетам 2 тыпу, што дазваляе ацаніць рызыку, персаніфікаваць падыходы да прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння. Вызначаны маркёры, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць схільнасць да захворванняў трамбагеннага характару», – сказаў Аляксандр Кільчэўскі.

Журналісты наведалі структурныя падраздзяленні інстытута.

Фота І. Гармель, газета Навука