Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.02.2020

Аб конкурсе 2020 года на суісканне прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аб’яўляе аб правядзенні ў 2020 годзе конкурсу на суісканне прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Акадэмія навук Беларусі ўстанавіла восем прэмій за лепшую навуковую работу ў наступных галінах:

у галіне фізіка-матэматычных навук (адна прэмія);
у галіне інфармацыйных тэхналогій (адна прэмія);
у галіне фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук (адна прэмія);
у галіне хімічных навук і навук аб Зямлі (адна прэмія);
у галіне біялагічных навук (адна прэмія);
у галіне медыцынскіх навук (адна прэмія);
у галіне гуманітарных і сацыяльных навук (адна прэмія);
у галіне аграрных навук (адна прэмія).
Суіскальнікамі прэмій НАН Беларусі могуць быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь – асобныя вучоныя або калектывы вучоных (не больш за тры чалавекі), якія надрукавалі вынікі даследаванняў у манаграфіях, цыклах артыкулаў у вядучых навуковых часопісах, здзейснілі распрацоўкі, практычная рэалізацыя якіх у сукупнасці адлюстроўвае рашэнне значнай навуковай і/ці практычнай праблемы.

Работа, якая прэтэндуе на атрыманне прэміі НАН Беларусі, павінна быць выканана, а яе вынікі – надрукаваныя ў асноўным за апошнія пяць гадоў. Дапушчаецца ўключэнне ў цыкл артыкулаў найбольш важных, тэматычна звязаных з работай публікацый і другіх вынікаў даследаванняў, ажыццёўленых раней за ўказаны тэрмін. Аўтарэфераты і рукапісы дысертацыйных работ не ўключаюцца ў лік матэрыялаў на конкурс.

Права вылучэння работ на суісканне прэмій НАН Беларусі маюць акадэмікі і члены-карэспандэнты НАН Беларусі (па сваёй спецыяльнасці), вучоныя, вучоныя і навукова-тэхнічныя саветы арганізацый Акадэміі навук. Работа можа быць вылучана вучонымі або вучонымі саветамі другіх арганізацый Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ўстаноў вышэйшай адукацыі або іх факультэтаў сумесна з вучоным або навукова-тэхнічным саветам арганізацыі НАН Беларусі.

Арганізацыі і асобы, якія вылучылі кандыдатуры на суісканне прэмій, павінны падаць у адным экзэмпляры камплект наступных дакументаў (у агульнай папцы са скорасшывальнікам ці ў пераплёце):

у выпадку вылучэння работы арганізацыяй – выпіска з пратакола пасяджэння вучонага (навукова-тэхнічнага) савета арганізацыі аб вылучэнні работы (цыкла работ) з абгрунтаваннем значнасці вынікаў гэтай работы для навукі і практыкі. Пры вылучэнні работы арганізацыяй НАН Беларусі сумесна з навуковай арганізацыяй другой ведамаснай падпарадкаванасці або з установай вышэйшай адукацыі падаюцца выпіскі з пратаколаў пасяджэнняў вучоных (навукова-тэхнічных) саветаў абедзвюх арганізацый;

у выпадку вылучэння работы членам НАН Беларусі – рэкамендацыя акадэміка або члена-карэспандэнта з абгрунтаваннем значнасці вынікаў работы для навукі і практыкі;

работа, якая прэтэндуе на атрыманне прэміі: тэматычна звязаныя паміж сабой манаграфіі, другія кніжныя выданні, копіі артыкулаў, патэнтаў, матэрыялаў, якія пацвярджаюць практычнае асваенне вынікаў работы і ў сукупнасці адлюстроўваюць рашэнне значнай навуковай і/ці практычнай праблемы;

анатацыя работы аб’ёмам каля трох старонак стандартнага машынапіснага тэксту, падпісаная аўтарам (аўтарамі), якая змяшчае наступныя звесткі: назва работы; поўнае імя, вучоная ступень, званне, пасада і месца працы кожнага з членаў аўтарскага калектыву; пастаноўка праблемы і яе актуальнасць, шляхі рашэння, атрыманыя вынікі;

кароткая анатацыя работы на беларускай мове аб’ёмам не больш за старонку з указаннем назвы работы, поўных імён, вучоных ступеняў, званняў, пасад і месца працы кожнага з членаў аўтарскага калектыву (для работ, аформленых на рускай мове);

завераны спіс публікацый, уключаных у работу, і спісы публікацый кожнага з аўтараў;

даведка пра асабісты ўнёсак кожнага члена аўтарскага калектыву, падпісаная ўсімі сааўтарамі работы (цыкла работ);

звесткі пра аўтара/аўтараў (прозвішча, імя, імя па бацьку; месяц і год нараджэння; месца нараджэння; адукацыя (якую ўстанову вышэйшай адукацыі скончыў і калі), спецыяльнасць па адукацыі; вучоная ступень і вучонае званне; пасада з указаннем месца працы і года ўступання на яе; узнагароды (з указаннем даты ўзнагароджання); ранейшая праца; асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці; агульная колькасць публікацый; кіраўніцтва аспірантамі і суіскальнікамі; хатні і службовы адрасы і тэлефоны;

копія 25, 31 – 33 старонак пашпарта кожнага з членаў аўтарскага калектыву;

інфармацыя згодна з Дадаткам да дадзенай аб’явы і яе электронная версія (e-mail: alla@presidium.bas-net.by).

Матэрыялы з надпісам «На суісканне прэміі НАН Беларусі 2020 года» ў адным экзэмпляры падаюцца да 1 кастрычніка 2020 года ва ўпраўленне прэмій, стыпендый і ўзнагарод Галоўнага ўпраўлення кадраў і кадравай палітыкі апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па адрасе: 220072, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 66, каб. 317, 406.

Тэл. для даведак: (017) 284-24-56; (017) 284-28-26.

З Палажэннем аб прэміях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі можна азнаёміцца тут.