Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.02.2020

На выстаўцы ва Узбекістане НАН Беларусі прадстаўляе больш за 60 інавацыйных распрацовак і тэхналогій для сельскай гаспадаркі

Мармелад з агародніны, хелатныя ўгнаенні і новыя гатункі бульбы, устойлівыя да комплексу захворванняў. На выстаўцы ў Ташкенце ў рамках І Беларуска-Узбекскага аграрнага форуму Нацыянальная акадэмія навук Беларусі прадстаўляе больш за 60 інавацыйных распрацовак і тэхналогій, перспектыўных для ўзбекскага сельскагаспадарчага рынку.

Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па харчаванні дэманструе наведвальнікам і ўдзельнікам форуму цэлую серыю прадуктаў харчавання для розных груп насельніцтва. Сярод навінак – мармелад з агародніны: лінейку смаку склалі салодкая кукуруза, рыжая морква, спелы гарбуз, сакавіты тамат і пікантны сельдэрэй. У састаў мармеладу ўваходзяць прэбіётыкі, у ім адсутнічаюць штучныя фарбавальнікі. Вучоныя распрацавалі таксама сухія сняданкі і канцэнтраты для прафілактычнага харчавання, абагачаныя вітамінамі і харчовымі валокнамі. У іх ліку – кукурузныя палачкі з ільняным семем, прадукты для дзіцячага харчавання з высокай харчовай і біялагічнай каштоўнасцю, абагачаныя мінеральнымі рэчывамі і вітамінамі, з харчовымі валокнамі.

Інстытут мяса-малочнай прамысловасці прадстаўляе сухія закваскі для малочнай прамысловасці і хатняга выкарыстання, а таксама сухія сумесі для марожанага.

Інстытут глебазнаўства і аграхіміі дэманструе асартымент комплексных мінеральных угнаенняў са збалансаванымі суадносінамі элементаў харчавання сельскагаспадарчых культур. Адметная асаблівасць комплексных угнаенняў у тым, што макра- і мікраэлементы, рэгулятары росту спалучаны ў адной грануле ў аптымальных суадносінах элементаў харчавання для канкрэтнай культуры. Вучоныя распрацавалі таксама шэраг вадкіх комплексных форм мікраўгнаенняў на хелатнай аснове (медныя, марганцавыя, цынкавыя, кобальтавыя, борныя, малібдэнавыя). Акрамя мікраэлементаў вадкія комплексныя ўгнаенні змяшчаюць рэгулятары росту, што павышае іх эфектыўнасць і адрознівае ад другіх аналагічных форм мікраўгнаенняў.

Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве прадстаўляе ў Ташкенце новыя гатункі бульбы, устойлівыя да комплексу захворванняў, такія, як Маніфест, Уладар, Палац і інш.

Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя С. М. Вышалескага дэманструе вакцыны для прафілактыкі і лячэння вірусных і бактэрыяльных хвароб сельскагаспадарчых жывёл.

Вучоныя Цэнтра сістэм ідэнтыфікацыі і электронных дзелавых аперацый НАН Беларусі дэманструюць тэхналогіі лічбавай ідэнтыфікацыі і прасочвання жывёл і прадуктаў жывёльнага паходжання. У сістэме рэалізаваны функцыянальны комплекс, які забяспечвае прасочванне па прынцыпе «ад фермы да прылаўка» партый вырабленай і адгружанай прадпрыемствамі Рэспублікі Беларусь прадукцыі.

Беларуска-Узбекскі аграрны форум праходзіць 25―26 лютага 2020 года ў Ташкенце (Рэспубліка Узбекістан). Мерапрыемства праводзіцца пад патранажам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Дворніка. Галоўная мэта – практычная рэалізацыя Плана («Дарожнай карты») па развіцці супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Узбекістан.

Тэгi
#выставы