Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

12.03.2020

Акадэмік Уладзімір Гніламёдаў вылучаны на прэмію імя Чынгіза Айтматава

На пасяджэнні Пастаяннай камісіі Міжпарламенцкай Асамблеі СНД у Санкт-Пецярбургу абмяркоўваліся перспектывы супрацоўніцтва краін Садружнасці ў культурна-гуманітарнай сферы. Адным з пытанняў стала вылучэнне намінантаў на прэмію імя Чынгіза Айтматава.

Члены камісіі падтрымалі прапанову Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі аб вылучэнні на высокую ўзнагароду ў 2020 годзе акадэміка, заслужанага дзеяча культуры, доктара філалагічных навук, прафесара, пісьменніка і літаратуразнаўца Уладзіміра Гніламёдава.

Уладзімір Гніламёдаў ужо даўно лічыцца адным з карыфеяў, старэйшын беларускага літаратуразнаўства і крытыкі. Ім апублікавана больш за 260 артыкулаў, напісана 14 кніг. Шмат увагі ён надае праблемам школы: пад яго кіраўніцтвам і пры яго асабістым удзеле былі складзены праграмы для ўстаноў сярэдняй і вышэйшай адукацыі, Уладзімір Гніламёдаў з’яўляецца адным з сааўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры».

Прэмія імя Чынгіза Айтматава заснавана ў 2012 годзе Міжпарламенцкай Асамблеяй СНД і Жагорку Кенешам (парламентам Кіргізскай Рэспублікі) і прысуджваецца штогод «за заслугі ў галіне культуры, асветы, унёсак у развіццё гуманітарных навук, літаратуры і мастацтва, за вывучэнне і захаванне культурнай спадчыны, збліжэнне і ўзаемаўзбагачэнне культур, нацый і народнасцей, умацаванне міру і сяброўства, а таксама за развіццё духоўных сувязяў паміж дзяржавамі».

vb.kg

Тэгi
#прэміі