Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.03.2020

Памёр вядомы археолаг Пётр Лысенка

23 сакавіка 2020 года пайшоў з жыцця вядомы археолаг, доктар гістарычных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Пётр Фёдаравіч Лысенка. 60 гадоў яго жыцця былі звязаны з Інстытутам гісторыі.

П.Ф. Лысенка нарадзіўся 16 верасня 1931 года ў вёсцы Зарачаны Полацкага раёна Віцебскай вобласці; беларус. У 1953 годзе закончыў гістарычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага і працаваў настаўнікам гісторыі Пагосцкай сярэдняй школы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. У 1954–1956 гг. служыў у Савецкай Арміі, пасля службы з 1957 па 1960 г. працаваў выхавацелем у Паплаўскім дзіцячым доме, завучам Брадзецкай сярэдняй школы, завучам Мікуліцкай васьмігадовай сярэдняй школы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. З 1960 па 1963 навучаўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі АН БССР. Тэма кандыдацкай дысертацыі – «Гарады Тураўскай зямлі». Пасля заканчэння аспірантуры ў 1964 годзе П.Ф. Лысенка застаўся працаваць у інстытуце на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка. З 1973 года стаў старшым навуковым супрацоўнікам, з 1980 – загадчыкам аддзела сярэдневяковай археалогіі, а з ліпеня 2001 і да канца жыцця працаваў галоўным навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН Беларусі. За доўгія гады працы ў інстытуце падрыхтаваў двух дактароў і васьмярых кандыдатаў гістарычных навук.

П.Ф. Лысенка – вядомы ў краіне і за яе межамі спецыяліст у галіне гістарычнай навукі і старажытнабеларускай культуры. Яго навуковыя інтарэсы ў першую чаргу былі скіраваны на раннефеадальны перыяд гісторыі Беларусі. На працягу 50 гадоў ён вывучаў усходнеславянскія старажытнасці і старажытнарускія гарады Паўднёвай Беларусі (Тураў, Брэст, Пінск, Мазыр, Давыд-Гарадок, Слуцк, Клецк, Рагачоў). П.Ф. Лысенка выявіў і даследаваў унікальны археалагічны помнік – гарадзішча старажытнага Берасця. Па распараджэнні Урада БССР арганізаваў яго музеефікацыю. Пры яго непасрэдным удзеле быў створаны ўнікальны музей старажытнага (XI – XIV стст.) драўлянага горада (адкрыты ў 1982 г.), што з’яўляецца вялікім унёскам у навуку і культурным дасягненнем міжнароднага значэння. П.Ф. Лысенка даказаў этнічную і палітычную прыналежнасць Беларускага Пабужжа да ўсходнеславянскага насельніцтва старажытнай Русі, што мае вялікае палітычнае і дзяржаўнае значэнне. Матэрыялы даследаванняў П.Ф. Лысенкі складаюць аснову экспазіцый Брэсцкага, Тураўскага, Пінскага, Столінскага, Клецкага краязнаўчых музеяў. Гарадзішча старажытнага Турава, якое даследаваў П.Ф. Лысенка з 1961 года, з’яўляецца адзіным на тэрыторыі Беларусі і Усходняй Еўропы археалагічным помнікам, які захаваў старажытны выгляд і абрысы забудовы больш позняга часу, што дае ўнікальную магчымасць узнаўлення гістарычнага аблічча драўлянага горада старажытнай Русі.

П.Ф. Лысенка з’яўляецца аўтарам больш за 150 навуковых артыкулаў і публікацый, 13 манаграфій, сааўтарам 18 калектыўных манаграфій. Яго навуковыя дасягненні атрымалі шырокае прызнанне навуковай і культурнай грамадскасці як у Беларусі, так і далёка за яе межамі. Па матэрыялах, сабраных П.Ф. Лысенкам, створана 6 прафесійных кінастужак, аматарскі дакументальны фільм, шэраг радыё- і тэлеперадач, напісаны вершы, песні, намаляваны цыкл карцін, апублікавана 200 артыкулаў у абласным, рэспубліканскім і міжнародным друку.

У 1987 годзе па выніках шматгадовых даследаванняў старажытнага Берасця П.Ф. Лысенка абараніў доктарскую дысертацыю «Берасце». У 1993 годзе атрымаў вучонае званне прафесара. У 2002 годзе за цыкл навуковых прац «Паўднёвая Беларусь у IX – XIII стст.» стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі. У 1998 годзе абраны членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, у 2009 годзе – акадэмікам Міжнароднай славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры.

П.Ф. Лысенка – ганаровы грамадзянін г. Турава і г. Пінска, узнагароджаны «Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР» (1979), медалём «Ветэран працы» (1990), нагрудным знакам узнагароды імя У.М. Ігнатоўскага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2019 г.).