Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.03.2020

Адбылася прэс-канферэнцыя «Найноўшыя распрацоўкі айчынных вучоных-аграрыяў для падрыхтоўкі і правядзення пасяўной кампаніі 2020 года»

27 сакавіка 2020 г. у Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя «Найноўшыя распрацоўкі айчынных вучоных-аграрыяў для падрыхтоўкі і правядзення пасяўной кампаніі 2020 года». У якасці спікераў на мерапрыемстве выступілі дырэктар РУП «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» НАН Беларусі Віталій Лапа, намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук па земляробстве» Эрома Урбан, намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі» Мікалай Бакач, намеснік дырэктара па навуковай рабоце РУП «Інстытут аховы раслін» НАН Беларусі Аляксандр Жукоўскі.

Акадэмік Віталій Лапа паведаміў журналістам, што «ў свеце каля 70% ад усяго аб’ёму ўгнаенняў выкарыстоўваецца ў выглядзе комплексных. Наш інстытут распрацаваў 84 новыя формы такіх угнаенняў практычна для ўсіх культур, якія вырошчваюцца ў Беларусі. Яны збалансаваныя па колькасці асноўных макра- і мікраэлементаў. Іх кошт на 8–10% вышэйшы, чым у простых форм угнаенняў эквівалентнай дозы».

Намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук па земляробстве» Эрома Урбан, у сваю чаргу, заўважыў, што ў гэтым годзе азімыя ў Беларусі пасля зімоўкі знаходзяцца ў здавальняючым стане. Ужо цяпер расліны неабходна забяспечыць падкормкай і апрацоўваць сродкамі аховы ад хвароб.



Фота БПЦ, І. Гармель, газета Навука