Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.04.2020

У Інстытуце фізіялогіі прайшоў Міжнародны беларуска-італьянскі круглы стол з элементамі вэбінару «Прафілактыка раку шыйкі маткі ў Беларусі»

2 красавіка 2020 г. Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі сумесна з Саветам маладых вучоных Аддзялення медыцынскіх навук правёў Міжнародны беларуска-італьянскі круглы стол з элементамі вэбінару «Прафілактыка раку шыйкі маткі ў Беларусі». З прывітальным словам выступілі кіраўнік місіі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Беларусі Марыа Джорджа Стэфана Бальдзі, доктар геаграфічных навук, першы сакратар, аташэ па знешнеэканамічных сувязях Пасольства Венгрыі ў Беларусі Андрэа Сегедзі, акадэмік, доктар медыцынскіх навук, прафесар факультэта эксперыментальнай і клінічнай медыцыны Універсітэта Фларэнцыі Нікола Камода, дырэктар Інстытута фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Сяргей Губкін.

З дыстанцыйнымі дакладамі выступілі прэзідэнт праектнай камісіі «Ротары клуб Ада Ладыджана» Джузэпэ Нікалеці («Дабрачынны праект Rotary Club: “Прафілактыка і дыягностыка раку шыйкі маткі ў Беларусі”»), Фульвія Мерканціні («Пілотныя вынікі праекта Rotary Club: “Прафілактыка і дыягностыка раку шыйкі маткі ў Беларусі”»), дацэнт кафедры акушэрства, гінекалогіі і рэпрадуктыўнага здароўя БелМАПА Дзмітрый Бур’як («Скрынінг раку і перадраку шыйкі маткі ў Беларусі: бягучая сітуацыя і перспектывы»).

У вэбінары таксама прынялі ўдзел і абмеркавалі асноўныя праблемы прафілактыкі і дыягностыкі раку шыйкі маткі ў Беларусі вядучыя беларускія вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, спецыялісты «Ротары клуба» (Італія) і другія. З апорай на шматгадовы сумесны вопыт урачоў і вучоных Італіі і Беларусі былі акрэслены асноўныя тактыкі па павышэнні паінфармаванасці насельніцтва пра магчымасці зніжэння смяротнасці ад раку шыйкі маткі, прапанаваны новыя падыходы да прафілактыкі і дыягностыкі раку шыйкі маткі з мэтай зніжэння смяротнасці ад дадзенага захворвання ў Рэспубліцы Беларусь.