Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.04.2020

Адбылася прэс-канферэнцыя «Навуковыя распрацоўкі як аснова павышэння эфектыўнасці вытворчасці. Скарыстанне ўнікальных беларускіх тэхналогій у прамысловасці»

1 красавіка ў 11:00 у Прэс-цэнтры Дома прэсы прайшла прэс-канферэнцыя «Навуковыя распрацоўкі як аснова павышэння эфектыўнасці вытворчасці. Скарыстанне ўнікальных беларускіх тэхналогій у прамысловасці».

Ад НАН Беларусі ў мерапрыемстве прыняў удзел намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце ДНУ «Аб’яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Аляксей Шмялёў, які расказаў пра ўнікальную распрацоўку вучоных Інстытута, якая не мае аналагаў ні ў адной краіне СНД. Распрацоўка прызначана для забеспячэння бяспекі людзей пры правядзенні дарожна-рамонтных работ.

У апошні час рух на трасах пры выкананні дарожна-рамонтных работ не перакрываецца. Каб засцерагчы ад небяспекі рабочых, у пачатку ўчастка, які рамантуецца, выстаўляюцца аўтамабілі прыкрыцця – цяжкія грузавыя машыны. Хоць яны і абазначаны звычайна яркімі сігнальнымі агнямі, нярэдка кіроўцы не паспяваюць іх аб’ехаць, здараецца сутыкненне з трагічнымі наступствамі. Мабільная дэмпферная канструкцыя прымацоўваецца да задняй часткі аўтамабіля прыкрыцця. Яна мінімізуе наступствы ад сутыкнення машын з дарожна-будаўнічай тэхнікай, забяспечвае ахову дарожных рабочых, зніжае матэрыяльныя выдаткі на рамонт дарагой тэхнікі і элементаў дарогі. Канструкцыя забяспечвае гашэнне энергіі аўтамабіля-тарана, з’яўляючыся фактычна падушкай, што змяншае сілу ўдару. Пры распрацоўцы канструкцыі выкарыстоўвалася камп’ютарнае мадэляванне, а для выпрабаванняў быў змадэляваны паўнацэнны краш-тэст. Натурны эксперымент на палігоне адразу пацвердзіў заяўленыя якасці.