Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.04.2020

Адбылася прэс-канферэнцыя «Літаратура ў гісторыка-культурным дыялогу беларускага і рускага народаў. Прэзентацыя новых тэматычных выданняў»

1 красавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь прайшла прэс-канферэнцыя «Літаратура ў гісторыка-культурным дыялогу беларускага і рускага народаў. Прэзентацыя новых тэматычных выданняў».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Іван Саверчанка, загадчык аддзела тэорыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Ганна Кісліцына, загадчык аддзела тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Алена Васілевіч і навуковы супрацоўнік Інстытута Наталля Якавенка.

Падчас прэс-канферэнцыі былі прадстаўлены як новыя, так і вядомыя выданні, якія працягваюцца, падрыхтаваныя вучонымі Інстытута. Іван Саверчанка, у прыватнасці, спыніўся на тэме гісторыка-культурнага дыялогу беларускага і рускага народаў. Дадзенай тэме прысвечана мастацкая кніга «Трон», што выйшла ў мінулым годзе ў выдавецтве «Беларусь», у якой асвятляецца беларуская гісторыя Х – ХIII стст. «Выданне складаецца з цыкла аповесцей. Гэта асэнсаванне нашых палітычных, эканамічных, сацыяльных адносін у часы Рагвалода, Рагнеды, Усяслава Чарадзея. На канкрэтных гістарычных сюжэтах паказваецца глыбокая сувязь паміж усходнеславянскімі народамі, – адзначыў Іван Саверчанка. – У гэтай кнізе я прадставіў гісторыка-мастацкую рэканструкцыю глыбокіх працэсаў узаемадзеяння паміж нашымі народамі, культурамі і землямі».

У гэтым годзе пабачыла свет кніга «Канцлер Леў Сапега», на старонках якой апісваецца дзейнасць палітыка і дыпламата ВКЛ Льва Сапегі (1557 –1633), яго ўнёсак у пабудову прававой дзяржавы, стварэнне Статута 1588 года і ўмацаванне суверэнітэту і незалежнасці. «Нашыя землі былі пасрэднікам паміж Еўропай і Маскоўскай Руссю, таму той складаны час я паказаў праз гісторыка-дакументальны твор. Над ім я працаваў з 1992 года. Кніга прызначана для школьнікаў і студэнтаў», – пракаментаваў Іван Саверчанка.