Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.04.2020

Адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная дзейнасці беларускай гістарычнай навукі напярэдадні 75-годдзя Перамогі

9 красавіка 2020 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя «Распрацоўка “белых плям” гісторыі і правядзенне спецыялізаваных навуковых канферэнцый: аб дзейнасці беларускай гістарычнай навукі напярэдадні 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел супрацоўнікі Інстытута гісторыі: дырэктар Вячаслаў Даніловіч, загадчык аддзела ваеннай гісторыі Аляксей Літвін, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі Аляксей Крыварот і старшы навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі Аляксандра Кузняцова-Цімонава.

Як паведаміў Вячаслаў Даніловіч, першую кнігу «Народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны» плануецца выдаць да 9 мая. «Акцыю “Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх” ініцыявала Нацыянальная акадэмія навук. У наш інстытут ужо паступіла больш за 100 зваротаў. Цяпер завяршаецца падрыхтоўка першай кнігі народнага летапісу, якая, мы спадзяемся, пабачыць свет напярэдадні 9 мая, – адзначыў дырэктар інстытута гісторыі. – Да 75-годдзя Перамогі ў нас запланаваны цэлы цыкл мерапрыемстваў, у тым ліку і навуковыя форумы, фармат якіх удакладняецца з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. Аднак па іх выніках абавязкова будуць выдадзены адпаведныя зборнікі. Акрамя таго, на лета 2020 года запланавана правядзенне традыцыйнай міжнароднай школы гісторыкаў, а восенню чакае VII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, у рабоце якога плануецца правядзенне гістарычнай сесіі на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

Фота газета Навука