Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.04.2020

Адбылася прэс-канферэнцыя «Тэхнагенная катастрофа на ЧАЭС. Аналіз наступстваў. Навейшыя тэхналогіі маніторынгу і выкарыстання зямель сельскагаспадарчага прызначэння, вытворчасць чыстай прадукцыі»

23 красавіка 2020 г. у Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя «Тэхнагенная катастрофа на ЧАЭС. Аналіз наступстваў. Навейшыя тэхналогіі маніторынгу і выкарыстання зямель сельскагаспадарчага прызначэння, вытворчасць чыстай прадукцыі».

Ад НАН Беларусі ў мерапрыемстве прынялі ўдзел Ігар Чэшык, дырэктар ДНУ «Інстытут радыебіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», кандыдат біялагічных навук, дацэнт, і Галіна Седукова, загадчык лабараторыі аграэкалогіі ДНУ «Інстытут радыебіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», кандыдат сельскагаспадарчых навук.

Вучоныя расказалі пра выкананне задач па забеспячэнні насельніцтва рэспублікі чыстымі прадуктамі харчавання і аб вяртанні ў абарот сельскагаспадарчых угоддзяў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Было адзначана паляпшэнне радыяцыйнай абстаноўкі на сельскагаспадарчых землях і значнае зніжэнне канцэнтрацыі радыенуклідаў цэзію-137 і стронцыю-90 у глебе.

У сваім выступленні Галіна Седукова паведаміла, што ў Інстытуце радыебіялогіі распрацоўваюцца рэкамендацыі па вядзенні сельскай гаспадаркі, па прымяненні розных дабавак пры вырошчванні сельскагаспадарчых культур і гадаванні жывёл. У выніку цэлага комплексу мер зніжана да мінімуму колькасць радыенуклідаў з доўгім перыядам паўраспаду ў тых прадуктах харчавання, якія трапляюць на стол да чалавека. «Гэта вынікі, атрыманыя шляхам эксперыментаў у галіне жывёлагадоўлі, непасрэдна на той тэрыторыі, дзе жывуць людзі і дзе ў першыя гады пасля аварыі рэгістравалася прадукцыя, якая не адпавядала нарматывам», – канстатавала яна. Ігар Чэшык адзначыў, што ўзровень захворвання насельніцтва на тэрыторыі, пацярпелай ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, нічым не адрозніваецца ад паказчыкаў другіх рэгіёнаў, і нават некалькі ніжэйшы за іх па некаторых класах захворванняў, у тым ліку анкалагічных.

Фота В. Ляснова, газета Навука