Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.05.2020

Наведванне выпрабавальнага палігона НАН Беларусі

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка 5 мая 2020 г. наведаў Рэспубліканскі палігон для выпрабаванняў мабільных машын Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук. Як паведамляе прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні даручэнняў па стварэнні айчыннага электратранспарту, дзейнасці палігона. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з выпрабавальнай тэхнікай і абсталяваннем для выпрабаванняў, распрацоўкамі ў галіне электратранспарту. Прэзідэнт заявіў, што «ў цэлым нам трэба правесці сур’ёзную рэвізію работы Акадэміі навук. Хоць гэта няпроста. Там сапраўды разумныя, таленавітыя людзі сабраныя. І паглядзець па асноўных напрамках, як працуе Акадэмія навук, як выкананы прынятыя намі рашэнні». Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вырашыў асабіста азнаёміцца з развіццём электратранспарту: «Хацелася б убачыць, наколькі вы прасунуліся і наколькі словы адпавядаюць справам».

Ён звярнуў увагу, што сярод пераваг гэтага напрамку – чаканы прафіцыт электраэнергіі ў краіне і экалагічнасць.

У цэлым беларускі лідар падкрэсліў, што ў наступнай пяцігодцы асабліва актыўна трэба падключаць навуку да развіцця краіны, улічваючы рост узроўню тэхналагічнай канкурэнцыі ў свеце. «Нам у гэтай жорсткай барацьбе давядзецца выстаяць, каб людзьмі звацца і не згубіць той кавалачак зямлі, на якім жывём», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што беларускія прадпрыемствы зарыентуюць на вытворчасць айчынных кампанентаў для электратранспарту, якіх не хапае. Кіраўніку дзяржавы паведамілі, што па многіх напрамках у Беларусі ўжо асвоена вытворчасць неабходных кампанентаў, аднак гэтага недастаткова. Аляксандр Лукашэнка даручыў заняцца гэтым пытаннем комплексна: «З цягам часу вы павінны сказаць, хто будзе рабіць акумулятары, рухавікі і іншае. Мы іх (прадпрыемствы – Заўв.) накіруем, куды трэба, і дапаможам у тым, што трэба. Нам патрэбны вопытныя ўзоры, якія вы зробіце. Вы павінны нам на стол пакласці будучыню. Потым мы павінны пралічыць рынкі».

Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў даклаў Кіраўніку дзяржавы, што ўсе яго даручэнні ў сферы развіцця электратранспарту пастаўлены на найстражэйшы кантроль і выконваюцца без зрываў. Фактычна створана новая навуковая школа, напрацаваны кампетэнцыі, арганізавана неабходная інфраструктура, сфарміравана група спецыялістаў і вучоных, здольных рашаць любыя задачы ў галіне электратранспарту.

«У самой Акадэміі навук створаны ўчастак зборкі кампанентаў электрамабіляў, участак зборкі батарэй, участак па вырабе найноўшых узораў айчынных накапляльнікаў – літый-іонных. Але мы распрацоўваем і свае – графенавыя, гібрыдныя. Зараз у нас цалкам айчынная элементная база (электрамабіля – Заўв.), за выключэннем кузава», – расказаў Уладзімір Гусакоў. Работа па развіцці электратранспарту вядзецца па самых розных кірунках. Гэта не толькі легкавыя аўтамабілі, але і груза-пасажырскія, мінівэны. Створаны ўзор лёдазалівачнага камбайна з электрапрыводам, таксама вопытныя ўзоры электравеласіпедаў, электраскутараў, электрасамакатаў. Арганізаваны эксперыментальны ўчастак па зборцы літый-іонных акумулятарных батарэй для персанальных электрычных транспартных сродкаў. Паралельна ствараецца інфраструктура для выкарыстання электратранспарту, уключаючы вытворчасць і ўстаноўку зарадных станцый. Электратэхналогіі прымяняюцца і пры вырабе беспілотных лятальных апаратаў.

Кіраўніку дзяржавы паказалі эксперыментальны ўзор беларускага родстара – двухмеснага электрамабіля-кабрыялета. На думку распрацоўшчыкаў, гэты родстар зможа ў будучым паспаборнічаць з Tesla. Ён лёгкі і манеўраны, адносіцца да класа М1 і мае палепшаныя дынамічныя характарыстыкі, здольны развіваць хуткасць да 170 км/г і пераадольваць адлегласць у 270 км без падзарадкі.

Прэзідэнту прадэманстравалі таксама вопытны ўзор камбайна для заліўкі лёду, які працуе на электрапрыводзе. Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне аснасціць такой тэхнікай лядовыя арэны краіны, паставіўшы для пачатку 25 камбайнаў, але папярэдзіў: «Мы сфарміруем заказ, але каб была якасць!»

На экспазіцыі быў прадстаўлены новы ўзор кампактнай камунальнай тэхнікі, якой ужо зацікавіліся сталічныя ўлады. Кіраўнік дзяржавы выказаў сваё меркаванне аб перспектыўнасці яе выкарыстання: «Давайце будзем на гэта арыентавацца».

Прэзідэнт падрабязна азнаёміўся з распрацоўкамі па вырабе акумулятарных батарэй, ячэек, а таксама зарадных станцый рознага прызначэння – ад магутных стацыянарных да кампактных варыянтаў для выкарыстання ў прыватных гаражах.

Беларускія вучоныя цяпер вядуць распрацоўкі ў сферы літый-іонных батарэй, што ў асноўным выкарыстоўваюцца ў свеце, а таксама графенавых, эфектыўнасць іх пакуль саступае першым, затое пазбаўляе ад неабходнасці закупляць літый, які прадае толькі Кітай. Акрамя таго, графенавыя батарэі больш танныя. Вучоныя разлічваюць у хуткім часе ўраўнаваць два віды батарэй па паказчыку эфектыўнасці. «Гэта будзе прарыў», – ацаніў перспектыву Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы асобна зацікавіўся вопытнымі ўзорамі электравеласіпедаў, электраскутараў, электрасамакатаў, іх тэхнічнымі характарыстыкамі, хуткасцю, запасам ходу. Ён завастрыў увагу на неабходнасці ўдасканаліць дызайн некаторых мадэлей. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся на прапанову ўзяць для эксплуатацыі некаторыя экзэмпляры, каб пратэсціраваць іх асабіста.

У экспазіцыі былі шырока прадстаўлены айчынныя беспілотныя лятальныя апараты і авіяцыйныя комплексы, у прыватнасці, распрацаваныя і зробленыя Навукова-вытворчым цэнтрам шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі: БАК «Буравеснік» і БЛА «Бусел». Аляксандр Лукашэнка лічыць іх добрым, эфектыўным і ў той жа час недарагім узбраеннем. Кіраўніку дзяржавы расказалі пра распрацоўку сучаснага лазернага дальнамера, які дазваляе павялічыць дакладнасць удараў беспілотнікаў. Прэзідэнта зацікавілі прадстаўленыя ўзоры, ён вырашыў у будучым асабіста пабываць у навукова-вытворчым цэнтры. У ліку навінак, паказаных Кіраўніку дзяржавы, быў беспілотны верталёт Eye Sky распрацоўкі і вытворчасці ААТ «КБ Беспілотныя верталёты». У кампаніі сцвярджаюць, што гэта першы ў свеце ў дадзеным класе ваенна-ўдарны верталёт і што толькі 8 краін займаюцца распрацоўкай беспілотных верталётаў масай больш за 100 кг, і Беларусь – адна з іх. На постсавецкай прасторы наша краіна адзіная серыйна выпускае такія беспілотнікі. Больш за тое, да лета гэтага года кампанія плануе зрабіць беспілотны верталёт масай 700 кг, аналаг якога маюць толькі ЗША.

Прэзідэнт у цэлым пазітыўна ацаніў распрацоўкі беларускіх вучоных, накіраваныя на развіццё электратранспарту, і так іх пракаментаваў: «Мяне гэта ўражвае, нават вельмі ўражвае. Не чакаў, што за кароткі час яны змогуць такое зрабіць».

Разам з тым, на думку Кіраўніка дзяржавы, пакуль заўчасна казаць пра сур’ёзныя, прарыўныя дасягненні сусветнага ўзроўню ў сферы вытворчасці электратранспарту. Пакуль адбыўся першы этап азнаямлення з тым, як вучоныя выканалі раней пастаўленыя перад імі Кіраўніком дзяржавы задачы. «Будзе другі, і тады мы больш канкрэтна скажам пра вынікі работы, – адзначыў Прэзідэнт. – Каб ацаніць іх належным чынам, трэба паглядзець, ці адпавядаюць яны (айчынныя распрацоўкі – Заўв.) сусветным стандартам і якія перспектывы. Маю на ўвазе, што не цацку ж мы робім, а тавар, які патрэбна будзе рэалізаваць на рынках і атрымаць за яго валюту».

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Тэгi
#візіты