Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.05.2020

Адбылося першае пасяджэнне Рэспубліканскай міжведамаснай працоўнай групы па пераадоленні COVID-19

20 мая 2020 года ў рэжыме відэаканферэнцыі адбылося першае пасяджэнне Рэспубліканскай міжведамаснай працоўнай групы па пераадоленні COVID-19.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў падкрэсліў у сваім выступленні, што пасяджэнне рабочай групы – адзін з элементаў узаемадзеяння паміж вучонымі і медыцынскімі работнікамі. «Папярэдне мы правялі сур’ёзную падрыхтоўчую работу: зрабілі аналіз развіцця сітуацыі ў краіне і ў свеце, актуалізавалі задзелы вучоных у галіне прафілактыкі і лячэння, атрымалі прапановы профільных арганізацый па колькасным і якасным напаўненні групы спецыялістамі, вучонымі і практыкамі, якія працуюць «на перадавой». Мы адпрацавалі асноўныя напрамкі, дзейнасць па якіх будзе найбольш прадуктыўнай. Працоўная група павінна стаць камунікатыўнай пляцоўкай для адпрацоўкі навукова абгрунтаваных прапаноў, зыходзячы з актуальнай сітуацыі, навейшых напрацовак айчынных і замежных экспертаў», – адзначыў Уладзімір Гусакоў.

Плануецца прыцягнуць да ўдзелу ў рабоце міжведамаснай групы і вядучых замежных вучоных. «Нацыянальная акадэмія навук Беларусі супрацоўнічае з кітайскімі арганізацыямі рознага профілю. Праведзена серыя перамоў з даследчымі лабараторыямі КНР па сумеснай навукова-вытворчай дзейнасці. У цяперашні час фарміруецца Навуковы Савет па каранавірусе пры Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук, многія з якіх ужо даслалі свае прапановы па выпрацоўцы комплексных стратэгічных рашэнняў адносна работы ў неспрыяльных умовах. Я размаўляў з Прэзідэнтам Расійскай акадэміі навук, мы абмеркавалі шырокі спектр сумеснай дзейнасці і дамовіліся аб’яднаць нашы намаганні», – падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

Рэспубліканская міжведамасная працоўная група па пераадоленні COVID-19 была створана Пастановай Бюро Прэзідыума НАН Беларусі ад 18 мая 2020 года № 223. У яе ўвайшлі больш за 30 спецыялістаў, якія прадстаўляюць акадэмічную і ўніверсітэцкую навуку, – гэта вядучыя вучоныя НАН Беларусі, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі, а таксама медыкі як практыкі арганізацый сістэмы аховы здароўя краіны. Мэта Міжведамаснай групы – арганізацыя і каардынацыя дзейнасці вучоных і медыцынскіх работнікаў усёй краіны па практычнай рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў па пераадоленні каранавіруса. На першым пасяджэнні былі абмеркаваны Палажэнне аб Міжведамаснай групе, асноўныя напрамкі работы, план навуковых даследаванняў па распрацоўцы новых тэхналогій прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння COVID-19, кірункі работы НАН Беларусі па барацьбе з каранавірусам.

Фота С. Дубовік, газета Навука