Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.05.2020

НАН Беларусі праводзіць Тыдзень роднай прыроды

З 22 па 29 мая 2020 года навуковыя арганізацыі Аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі праводзяць Тыдзень роднай прыроды, прымеркаваны да святкавання Міжнароднага дня біялагічнай разнастайнасці (22 мая). ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах», ДНУ «Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі», ДНУ «Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі» і ДНУ «Інстытут лесу НАН Беларусі» падрыхтавалі цэлы шэраг мерапрыемстваў, большасць з якіх пройдзе ў рэжыме анлайн.

Так, ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах» правядзе 1-ы анлайн-семінар для экспертаў-бенефіцыяраў праекта «Інтэграванае кіраванне і сістэма мер па зніжэнні негатыўнага ўздзеяння інвазіўных чужародных відаў у ахоўных раёнах трансгранічнага рэгіёна» / «Кіраванне IAS» у фармаце анлайн-сустрэчы. Мэта дадзенага праекта – замацаваць супрацоўніцтва паміж Латвіяй, Літвой і Беларуссю для рашэння агульнай праблемы – трансгранічнага распаўсюджання інвазіўных чужародных відаў і папярэджання іх негатыўнага ўздзеяння на здароўе насельніцтва і цэнныя прыродныя месцы жыхарства.

У ДНУ «Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі» ў анлайн-рэжыме адбудзецца VI Міжнародны навукова-практычны і адукацыйны семінар «Сучасныя тэхналогіі ў дзейнасці асабліва ахоўных прыродных тэрыторый: геаінфармацыйныя сістэмы, дыстанцыйнае зандзіраванне Зямлі». Удзельнікамі мерапрыемства стануць навуковыя ўстановы, запаведнікі і нацыянальныя паркі Беларусі, Расійскай Федэрацыі і Украіны. Вучоныя Інстытута прачытаюць лекцыю для школьнікаў у фармаце анлайн-сустрэчы «Небяспечныя расліны Беларусі».

Саветам маладых вучоных ДНУ «Інстытут лесу НАН Беларусі» будзе арганізавана правядзенне вучнёўскай навуковай канферэнцыі і абласнога этапу юніёрскага конкурсу «Квiтней, мой лес» у фармаце анлайн-сустрэчы. Усяго да ўдзелу ў конкурсе прынята 55 навукова-даследчых прац, падрыхтаваных навучэнцамі школ з 17 раёнаў горада Гомеля і Гомельскай вобласці. Супрацоўнікі інстытута выступяць у якасці членаў журы і будуць ацэньваць працы ў рамках трох секцый: «Экалогія лясных жывёл», «Экалогія лясных раслін», «Устойлівае лесакіраванне». Пераможцы будуць узнагароджаны дыпломамі і ў далейшым выступяць са сваімі навукова-даследчымі працамі на выніковым Рэспубліканскім этапе конкурсу.

У Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі ў анлайн-рэжыме пройдуць кансультацыі з навуковымі супрацоўнікамі і спецыялістамі-куратарамі калекцый бэзу і рададэндрану. Да завяршэння мерапрыемстваў Тыдня роднай прыроды на сайце ЦБС будуць размешчаны відэа, у якіх спецыялісты адкажуць на самыя папулярныя і надзённыя пытанні па агратэхніцы вырошчвання і догляду за бэзам і рададэндранамі.

Міжнародны дзень біялагічнай разнастайнасці быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у 1995 годзе. Мэта свята – павысіць дасведчанасць грамадства ў пытаннях захавання экалагічнай сістэмы, звярнуць увагу грамадскасці на праблему незваротнага знікнення на Зямлі многіх прадстаўнікоў флоры і фаўны.