Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.05.2020

НАН Беларусі прысудзіла прэмію імя акадэміка Ф.І. Фёдарава 2020 года

Прэзідыум НАН Беларусі 29 мая 2020 года прыняў рашэнне прысудзіць прэмію імя акадэміка Ф.І. Фёдарава 2020 года вядучаму навуковаму супрацоўніку лабараторыі праблем ядзернай фізікі і бяспекі ДНУ «Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў – Сосны» НАН Беларусі, кандыдату фізіка-матэматычных навук Міхаілу Галынскаму за цыкл прац «Палярызацыйныя, нелінейныя і структурныя эфекты актуальных працэсаў квантавай электрадынамікі».

Цыкл уключае 50 навуковых прац, апублікаваных у 1981 – 2019 гг.: з іх 30 артыкулаў у рэцэнзуемых часопісах, у тым ліку міжнародных (Physical Review, Nucllear Physics, Nuclear Instruments and Methods, European Physical Journal, International Journal of Modern Physics), 10 артыкулаў у зборніках прац міжнародных канферэнцый, 5 артыкулаў у зборніках навуковых прац «Ковариантные методы в теоретической физике», 5 прэпрынтаў. Дадзеныя працы маюць важнае значэнне для распрацоўкі і стварэння паскаральнікаў новага тыпу і прызнаны міжнароднай навуковай супольнасцю.

Прэмія імя выбітнага беларускага вучонага-фізіка акадэміка Фёдара Іванавіча Фёдарава прысуджваецца за работы, якія робяць буйны ўнёсак у развіццё даследаванняў у галіне фізіка-матэматычных навук. Гэта – стварэнне і развіццё новага навуковага напрамку, адкрыццё новых з’яў і заканамернасцей, распрацоўка новых прынцыпаў і метадаў, атрыманне новых ведаў, што складаюць аснову прагрэсіўных тэхналогій.

Прэмія (адна) прысуджваецца адзін раз на тры гады напярэдадні дня нараджэння Фёдара Фёдарава (19 чэрвеня). Конкурсы на атрыманне гэтай прэміі праведзены ў 2004, 2007, 2011 (да 100-годдзя з дня нараджэння акадэміка Ф.І. Фёдарава), 2014 і 2017 гадах. На конкурс 2020 года паступілі 4 цыклы прац, з якіх 2 – ад НАН Беларусі і 2 – ад БДУ. Усе працы былі вылучаны вучонымі саветамі арганізацый, у якіх працуюць суіскальнікі.


Тэгi
#прэміі