Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.06.2020

У НАН Беларусі абмеркавалі асаблівасці імунітэту пры COVID-19

У НАН Беларусі пад кіраўніцтвам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова адбылося чарговае пасяджэнне Рэспубліканскай міжведамаснай рабочай групы па пераадоленні COVID-19 на тэму «Ацэнка спецыфічнага гумаральнага і клетачнага імунітэту пры каранавіруснай інфекцыі». У рабоце прынялі ўдзел вядучыя вучоныя Акадэміі навук, Міністэрства аховы здароўя, ВНУ медыцынскага, біялагічнага і хімічнага профілю.

З асноўнымі дакладамі выступілі Ігар Карпаў, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Андрэй Ганчароў, дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі і Алена Фаміна, загадчык лабараторыі імуналогіі і клетачнай біятэхналогіі РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.

Удзельнікамі пасяджэння была адзначана клінічная значнасць вызначэння паказчыкаў клетачнага і гумаральнага імунітэту ў пацыентаў пры каранавіруснай інфекцыі для эфектыўнай рэалізацыі індывідуальнага комплексу лячэбна-дыягнастычных мерапрыемстваў, важнасць правядзення сералагічных даследаванняў для выяўлення груп з больш высокай рызыкай заражэння і мадэлявання імуннага адказу пасля вакцынацыі.

Вучоныя пацвердзілі актуальнасць выканання фундаментальных навуковых даследаванняў па вывучэнні патагенетычных механізмаў пашкоджання розных органаў і сістэм арганізма пры COVID-19 інфекцыі для абгрунтавання і распрацоўкі новых метадаў лячэння з выкарыстаннем клетачных тэхналогій, лазернага апрамянення крыві і інш. Адзначана неабходнасць разгляду і комплекснай ацэнкі вынікаў сусветных навуковых даследаванняў па стварэнні вакцыны для масавай прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі і магчымасцей айчынных вучоных у рашэнні дадзенай праблемы.

Прынята рашэнне аб публікацыі зборніка дакладаў па выніках правядзення пасяджэнняў Міжведамаснай групы і відэаканферэнцыі Расійскай акадэміі навук і НАН Беларусі «Каранавірусная інфекцыя: фундаментальныя, клінічныя і эпідэміялагічныя аспекты. Сацыяльна-эканамічныя выклікі ахове здароўя».

Рэспубліканская міжведамасная рабочая група па пераадоленні COVID-19 была створана Пастановай Бюро Прэзідыума НАН Беларусі ад 18 мая 2020 года № 223. У яе ўвайшлі больш за 30 спецыялістаў, якія прадстаўляюць акадэмічную і ўніверсітэцкую навуку: вядучыя вучоныя НАН Беларусі, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі, медыкі-практыкі арганізацый сістэмы аховы здароўя краіны. Мэта Міжведамаснай групы – арганізацыя і каардынацыя дзейнасці медыцынскіх работнікаў усёй нашай краіны па практычнай рэалізацыі комплексаў мерапрыемстваў па пераадоленні каранавіруса.