Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

31.07.2020

Адбылося пашыранае пасяджэнне Бюро Прэзідыума НАН Беларусі

31 ліпеня 2020 года адбылося пашыранае пасяджэнне Бюро Прэзідыума НАН Беларусі з удзелам кіраўнікоў арганізацый. Ацэнцы дзейнасці арганізацый НАН Беларусі за студзень-чэрвень 2020 года, а таксама экспарту навукова-тэхнічнай прадукцыі быў прысвечаны даклад начальніка Галоўнага планава-фінансавага ўпраўлення апарата НАН Беларусі Надзеі Сцяпанавай.

У цэлым па НАН Беларусі планавыя паказчыкі і мэтавыя індыкатары за 6 месяцаў 2020 г. выкананы: агульны аб’ём работ склаў 310,1 млн. рублёў, 106,6 % адносна плана справаздачнага перыяду, або 100,6 % адносна адпаведнага перыяду 2019 года. На пашыраным пасяджэнні Бюро Прэзідыума адбылася сур’ёзная і прынцыповая размова аб удасканаленні дзейнасці арганізацый. Былі заслуханы кіраўнікі арганізацый, якія не выканалі асобныя паказчыкі развіцця за 6 месяцаў 2020 года. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў яшчэ раз звярнуў увагу дырэктараў на абавязковае выкананне асноўных паказчыкаў, на тое, што сёння недапушчальна працаваць па інерцыі. Да канца года кіраўнікі дзяржаўных навукова-вытворчых аб’яднанняў, навукова-практычных цэнтраў, бюджэтных навуковых арганізацый і камерцыйных арганізацый НАН Беларусі павінны забяспечыць выкананне асноўных паказчыкаў дзейнасці пад персанальную адказнасць.

Фота М. Гулякевіч, газета Навука