Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.03.2018

Шведскія і беларускія вучоныя будуць супрацоўнічаць у галіне экалогіі і энергетыкі

З 26 лютага па 2 сакавіка 2018 года па запрашэнні НАН Беларусі ў г. Мінску знаходзіўся з візітам віцэ-прэзідэнт Шведскай Каралеўскай акадэміі інжынерных навук Магнус Брайдн. Мэтай візіту было абмеркаванне перспектыўных напрамкаў і механізмаў развіцця навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і арганізацыямі Швецыі.

У ходзе перагавораў паміж Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Гусаковым і віцэ-прэзідэнтам Шведскай Каралеўскай акадэміі інжынерных навук Магнусам Брайднам была выказана зацікаўленасць у паглыбленні супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і Шведскай Каралеўскай акадэміяй інжынерных навук праз рэалізацыю сумесных навуковых праграм, навуковых мерапрыемстваў, а таксама мерапрыемстваў па развіцці інавацыйнай інфраструктуры ў галіне экалогіі і энергетыкі. “Сёння гэтыя два напрамкі з’яўляюцца галоўнымі, над якімі працуе наша акадэмія. У цяперашні час вельмі важна мець канкурэнтаздольную энергетыку, якая павінна быць і экалагічна бяспечнай. Я лічу, што экалагічна чыстая і эканамічна эфектыўная энергетычная сістэма – гэта тая сфера, у якой мы павінны аб’яднаць нашы сумесныя намаганні”, – сказаў Магнус Брайдн.

Акрамя энергетыкі і экалогіі ў якасці магчымых галін для ініцыявання сумесных даследаванняў і мерапрыемстваў названы машынабудаванне, электратэхніка, будаўніцтва, горная справа і матэрыялы, лясная тэхніка, біятэхналогія, інфармацыйныя тэхналогіі. Па выніках перагавораў дасягнута дамоўленасць аб тым, што ў бліжэйшы час беларускія і шведскія вучоныя сумесна вызначаць прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва і канкрэтныя механізмы іх рэалізацыі; будуць падтрымліваць прамыя навуковыя кантакты паміж экспертамі ў мэтах далейшага нарошчвання патэнцыялу па стварэнні сумесных навуковых распрацовак, а таксама прапрацуюць магчымасць падпісання Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Шведскай Каралеўскай акадэміяй інжынерных навук.

Віцэ-прэзідэнт Шведскай Каралеўскай акадэміі інжынерных навук доктар Магнус Брайдн выказаў падзяку кіраўніцтву НАН Беларусі за сардэчны прыём і плённую праграму знаходжання ў НАН Беларусі і запрасіў Старшыню Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова наведаць Шведскую Каралеўскую акадэмію інжынерных навук для ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды 100-годдзя акадэміі, якія будуць праходзіць у бліжэйшы час.

У рамках візіту д-р Магнус Брайдн наведаў наступныя арганізацыі НАН Беларусі: ДНВА парашковай металургіі, Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве, ДНВА “Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка”, Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі, Навукова-інжынернае прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сістэмы”, Інстытут хіміі новых матэрыялаў і Фізіка-тэхнічны інстытут. Д-р Магнус Брайдн азнаёміўся з самымі новымі інавацыйнымі распрацоўкамі і тэхналогіямі арганізацый і абмеркаваў шэраг перспектыўных галін для магчымага ўзаемадзеяння.