Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.05.2019

У НАН Беларусі абмеркавалі супрацоўніцтва з індыйскай фармацэўтычнай кампаніяй Cipla Limited

У Акадэміі навук адбыліся перагаворы Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова з доктарам Лаліт Чокані, Ганаровым консулам Рэспублікі Беларусь у Індыі. Былі абмеркаваны пытанні пашырэння супрацоўніцтва і перспектыўных механізмаў узаемадзеяння паміж НАН Беларусі і індыйскай фармацэўтычнай кампаніяй Cipla Limited, арганізацыі навукова-тэхналагічнага цэнтра па вытворчасці цвёрдых лекавых форм з прымяненнем інавацыйных тэхналогій на базе дзяржаўнага прадпрыемства “Акадэмфарм” НАН Беларусі.

Індыйскі бок ужо інвеставаў ў гэты праект $1 млн. Стварэнне гэтай вытворчасці лекаў мяркуе асваенне новых тэхналагічных прыёмаў: мікранізацыі, сухога гранулявання, атрымання шматслойных таблетак і г.д. Плануецца, што вытворчасць найноўшых лекавых сродкаў у гэтым цэнтры будзе ажыццяўляцца па поўным цыкле – ад навуковай ідэі да вырабу.

У цяперашні час дасягнута дамоўленасць аб лакалізацыі вытворчасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь эфектыўных і бяспечных лекавых сродкаў для лячэння сацыяльна значных захворванняў: ВІЧ-інфекцыі, гепатыту В і гепатыту С, а таксама хваробы Альцгеймера і артэрыяльнай лёгачнай гіпертэнзіі. Генеральны праекціроўшчык аб’екта актыўна распрацоўвае архітэктурны праект, ідзе праца па атрыманні ўсяго пераліку тэхнічных умоў для праекта, выдзелены падрыхтоўчы этап аб’екта для дэмантажу існуючых будынкаў складоў. Згодна з Пратаколам даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А.Р., дадзеных 11 – 13 верасня 2017 г. у выніку візіту дзяржаўнай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у Рэспубліку Індыя, да 31 снежня 2020 года павінен быць ажыццёўлены трансфер тэхналогій вытворчасці прэпаратаў з удзелам спецыялістаў кампаніі Cipla Limited і арганізацыя вытворчасці на прадпрыемстве “Акадэмфарм” па поўным тэхналагічным цыкле. Плануецца, што для абмеркавання далейшага ходу рэалізацыі гэтага праекта, у ліпені 2019 года Мінск наведае дэлегацыя індыйскай фармацэўтычнай кампаніі Cipla Limited на чале са Старшынёй праўлення кампаніі доктарам Юсуфам Хваджа Хамідам, ганаровым членам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Супрацоўніцтва паміж кампаніяй Cipla Limited і Дзяржаўным прадпрыемствам “Акадэмфарм” па пытанні арганізацыі кантрактнай вытворчасці сацыяльна значных лекавых сродкаў пачата ў 2016 годзе. У жніўні 2018 года адбылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця ландшафтнага комплексу ў гонар пачатку будаўніцтва навукова-тэхналагічнага цэнтра па вытворчасці лекаў на базе дзяржаўнага прадпрыемства “Акадэмфарм” НАН Беларусі.