Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.06.2019

Сучасныя дасягненні мікрабіялогіі і біятэхналогіі абмяркуюць у Мінску

4 чэрвеня 2019 года ў 10.00 у вялікай канферэнц-зале гасцініцы “Беларусь” (вул. Старажоўская, 15) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё XI Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Мікробныя біятэхналогіі: фундаментальныя і прыкладныя аспекты”.

Канферэнцыя збярэ больш за 150 вядомых навукоўцаў, маладых даследчыкаў, спецыялістаў аграпрамысловага сектара, прадстаўнікоў біятэхналагічных кампаній з Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург, Перм, Саратаў, Краснадар), Казахстана (Нур-Султан, Алма-Ата), Латвіі (Рыга), Беларусі (Мінск, Гомель, Гродна, Віцебск, Магілёў, Пінск) для ацэнкі сучаснага стану, выяўлення прыярытэтаў і перспектыўных напрамкаў далейшага развіцця мікрабіялогіі і біятэхналогіі.

На канферэнцыі будуць прадстаўлены вынікі дзейнасці айчынных мікрабіёлагаў, інавацыйныя распрацоўкі для сельскай гаспадаркі, медыцыны, прамысловасці, аховы навакольнага асяроддзя. Не застануцца без увагі пытанні распрацоўкі канцэпцыі новай міждзяржаўнай праграмы ЕАЭС у сферы біятэхналогіі, перспектывы эфектыўнай трансфармацыі вынаходстваў у інавацыі і іх ўкаранення ў рэальны сектар эканомікі.

У рамках канферэнцыі адбудзецца пасяджэнне Усходнепалеарктычнай секцыі Міжнароднай арганізацыі па біялагічнай барацьбе са шкоднымі жывёламі і раслінамі. Будзе працаваць выстава біятэхналагічнай прадукцыі з мэтай прэзентацыі найноўшых распрацовак сусветнага ўзроўню для розных галін эканомікі, абсталявання і рэагентаў для біялагічных даследаванняў.

Праграма і матэрыялы канферэнцыі размешчаны на сайце Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі.