Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.07.2019

Вучоныя НАН Беларусі прынялі ўдзел у відэамосце Мінск – Масква “Аперацыя “Баграціён”. Да 75-годдзя вызвалення Мінска”

Вучоныя-гісторыкі НАН Беларусі прынялі ўдзел у рабоце тэлемоста Мінск – Масква "Аперацыя “Баграціён”. Да 75-годдзя вызвалення Мінска", які прайшоў у мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь 2 ліпеня 2019 г.

Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя расказаў пра ўклад партызанскіх фарміраванняў у справу вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. “Калі мы сёння гаворым аб чатырох франтах, то я хацеў бы яшчэ сказаць пра пяты, унутраны партызанскі і падпольны фронт, які спрыяў стратэгічнаму рашэнню аперацыі “Баграціён”. Ён звярнуў увагу, што па сутнасці 60% тэрыторыі Беларусі было вызвалена пад ўдарамі партызанскіх атрадаў і брыгад. Таксама Аляксандр Каваленя зрабіў акцэнт на важнасці захавання памяці пра воінаў-вызваліцеляў: "на тэрыторыі Беларусі 8,5 тысячы помнікаў воінам-вызваліцелям. Нам сёння вельмі важна захоўваць памяць пра тых, хто аддаў свае жыцці на алтар свабоды”.

Кандыдат гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Анатолій Крыварот падзяліўся звесткамі аб супрацоўніцтве партызан з войскамі Чырвонай арміі: “Каля 30 раённых цэнтраў было вызвалена партызанамі пры ўзаемадзеянні з Чырвонай арміяй. Вядома, гэта былі не спантанныя дзеянні. План узаемадзеяння партызан з войскамі Чырвонай арміі быў распрацаваны загадзя Беларускім штабам партызанскага руху і быў ухвалены Цэнтральным камітэтам Камуністычнай партыі Беларусі”, – удакладніў Анатолій Крыварот.

Паводле інфармацыі Sputnik.by