Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

17.07.2019

Прадстаўнік НАН Беларусі прыняў удзел у брыфінгу, прысвечаным завяршэнню чарговага этапу касмічнага эксперымента “SIRIUS”

17 ліпеня 2019 г. супрацоўнік лабараторыі біяразнастайнасці раслінных рэсурсаў Дзяржаўнай навуковай установы “Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларус” Данііл Дубар прыняў удзел у брыфінгу, прысвечаным завяршэнню чарговага этапу касмічнага эксперымента «SIRIUS».

У Інстытуце медыка-біялагічных праблем Расійскай акадэміі навук (ІМБП РАН) завяршыўся чарговы этап праекта “SIRIUS”, у рамках якога інтэрнацыянальная група ўдзельнікаў чатыры месяцы мадэлявала асноўныя характарыстыкі рэальнага касмічнага палёту на Месяц, якія ўключаюць пералёт да спадарожніка; аблёт з пошукам месца прызямлення; прызямленне 4 членаў экіпажа для правядзення аперацый на паверхні; знаходжанне на арбіце Месяца і дыстанцыйнае кіраванне месяцавым роверам, які дастаўляецца на спадарожнік; вяртанне назад на Зямлю. Камандзір Яўгеній Тарэлкін, бортінжынер Дар’я Жыдова, даследчыкі Ален Міркадыраў (ЗША), Анастасія Сцяпанава і Рэйнхолд Павілаіціс (ЗША), а таксама урач Стэфанія Фядзяй пакінулі наземны комплекс, які імітуе касмічны карабель, у якім яны знаходзіліся ў ізаляцыі ад знешняга свету з 19 сакавіка.

Навуковая праграма этапу праекта складалася з 79 эксперыментаў, уключаючы праграму навуковых даследаванняў па вывучэнні ўплыву ізаляцыі ў замкнёнай прасторы на псіхалогію і фізіялогію чалавека і адносіны ў разнаполым экіпажы. “Дадзены эксперымент закліканы стаць адной з апор арганізацыі працяглых палётаў. Цяперашні эксперымент дазволіць нам планамерна падрыхтаваць будучыя місіі на Месяц і мінімізаваць рызыкі”, – канстатаваў намеснік генеральнага дырэктара па міжнародным супрацоўніцтве Дзяржкарпарацыі “Раскосмас” Сяргей Савельеў.

Міжнародны навуковы праект “SIRIUS” – Scientific International Research In Unique terrestrial Station (навуковае даследаванне ва ўнікальным наземным комплексе) – рэалізуецца ІМБП РАН і Нацыянальным агенцтвам па аэранаўтыцы і даследаванні касмічнай прасторы (NASA) ЗША ў кааперацыі з арганізацыямі-партнёрамі з Германіі, Італіі, Японіі і іншых краін. Праект “SIRIUS” разлічаны на перыяд да пяці гадоў з магчымым працягам. Навуковыя эксперыменты, якія праводзяцца ў рамках праекта, разглядаюцца як этап падрыхтоўкі будучых доўгачасовых палётаў чалавека ў космас.

Прадстаўнік НАН Беларусі ўваходзіць у дублюючы экіпаж праекта, таксама плануецца ўдзел Данііла Дубара ў наступных этапах праекта: васьмімесячным (канец 2020 года) і гадавым эксперыментах.

Адным з асноўных навуковых партнёраў праекта з’яўляецца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

Паводле інфармацыі
Агенцтва па касмічных даследаваннях НАН Беларусі