Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.08.2019

У падмурак будучага будынка Навукова-тэхналагічнага цэнтра імя Юсуфа Хаміда закладзена капсула з пасланнем у будучыню

31 ліпеня 2019 года на базе дзяржаўнага прадпрыемства “Акадэмфарм” НАН Беларусі адбылася цырымонія закладкі капсулы з тэкстам у будучыню ў падмурак новага Навукова-тэхналагічнага цэнтра імя доктара Ю.Хаміда. Гэтае мерапрыемства паклала пачатак будаўніцтву першага этапу суперсучаснай фармацэўтычнай індыйска-беларускай вытворчасці.

У мерапрыемстве прыняла ўдзел дэлегацыя індыйскай фармацэўтычнай кампаніі Cipla Limited на чале са Старшынёй праўлення кампаніі доктарам Юсуфам Хваджа Хамідам, ганаровым членам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь сп-ня Сангіта Бахадур, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Індыя Андрэй Ржэускі, намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Барыс Андрасюк, іншыя афіцыйныя асобы.

Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў адзначыў, што новы Навукова-тэхналагічны цэнтр – гэта ўнікальны для краіны праект. “У цяперашні час выканана I-я чарга аб’екта “Стварэнне доследна-прамысловай вытворчасці цвёрдых лекавых форм з прымяненнем інавацыйных тэхналогій” – дэмантаж складоў, падрыхтавана будаўнічая пляцоўка для рэалізацыі праекта. Завяршаецца праектаванне II-й чаргі аб’екта – будаўніцтва вытворчага будынка з размяшчэннем Навукова-тэхналагічнага фармацэўтычнага цэнтра імя доктара Юсуфа Хаміда”, – паведаміў Уладзімір Гусакоў.

Як падкрэсліў старшыня праўлення індыйскай фармацэўтычнай кампаніі Cipla Limited доктар Юсуф Хамід, важна забяспечыць доступ да якасных лекавых прэпаратаў па прымальнай цане. Ён выказаў надзею, што Беларусь стане цэнтрам кампетэнцыі ў рэгіёне ў галіне фармвытворчасцей. Беларускія навуковыя работнікі могуць прыехаць у Індыю для навучання і авалодання адпаведнымі ведамі і методыкамі.

Стварэнне новай вытворчасці лекаў мяркуе асваенне новых тэхналагічных прыёмаў: мікранізацыі, сухога гранулявання, атрымання шматслойных таблетак і інш. Дасягнута дамоўленасць аб лакалізацыі на тэрыторыі Беларусі вытворчасці эфектыўных і бяспечных прэпаратаў для лячэння сацыяльна значных захворванняў: ВІЧ-інфекцый, гепатытаў В і С, хваробы Альцгеймера, артэрыяльнай лёгачнай гіпертэнзіі. Найноўшыя лекавыя сродкі будуць вырабляць па поўным цыкле – ад навуковай ідэі – да вытворчасці. Індыйскі бок інвеставаў у праект $ 1 млн.

1 жніўня 2019 года ў Вялікай канферэнц-зале Прэзідыума НАН Беларусі доктар Юсуф Хамід выступіў перад маладымі беларускімі вучонымі па тэме развіцця лекавай незалежнасці краіны.

Фота В. Лясновай, газета “Навука”