Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.08.2019

У фонд Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі паступіла лімітаванае выданне «ANTARCTICA»

У фонд Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі паступіла лімітаванае выданне кнігі «ANTARCTICA» канадскай кампаніі «Nahanni Productions Inc.».

Гэтае выданне, да якога прыкладаецца сертыфікат, падпісаны намеснікам МУС Чэшскай Рэспублікі М. Смолекам, перададзена ў дар Кіраўніку Урада Рэспублікі Беларусь з нагоды 60-й гадавіны падпісання Дагавора аб Антарктыдзе, святкаванне якой адбылося ў рамках XLII Кансультацыйнай Нарады па Дагаворы аб Антарктыдзе (1–11 чэрвеня 2019, г. Прага). Прынята рашэнне аб перадачы выдання на захаванне ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі з мэтай азнаямлення з ім усіх зацікаўленых.

«ANTARCTICA» з’яўляецца адным з самых вытанчаных твораў кніжнага мастацтва нашага часу. Аформлены ў традыцыях старыннага пераплёту, гэты objetd’art, які ўтрымлівае эксклюзіўныя, архіўныя матэрыялы, атрымаў 19 міжнародных узнагарод за цудоўнае выкананне і ручную работу – больш, чым любая іншая сучасная кніга. Сярод гэтых узнагарод: “Лепшы ў свеце фотаальбом («World's Best Photography Book»), Прэмія «Залатое чарніла» ў намінацыі «Вытанчаныя выданні» («GoldInkAward – FineEditionBooks»), Выдатная кніга года ў намінацыі “Лепшае кніжнае афармленне ручной работы” («OutstandingBookoftheYear – BestBookartsCraftsmanship»), Прэмія Бенджаміна Франкліна (Лепшае друкаванае выданне ў свеце) («BenjaminFranklinAward – World'sbestprinting») і інш.

Дзесяць гадоў напружаных намаганняў увасобіліся ў тыраж 1 000 экзэмпляраў, з якіх 950 пранумараваны і індывідуальна падпісаны аўтарамі. Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі стала трымальніцай экзэмпляра № 701. Таксама выданне ўтрымлівае аўтограф яе Вялікасці Каралевы Іарданіі Нур, Ганаровага Прэзідэнта Міжнароднай арганізацыі па ахове птушак і захаванні іх асяроддзя існавання (Bird Life International), які пацвярджае, што ўсе сабраныя сродкі будуць накіраваны на кампанію па выратаванні альбатросаў.

336 старонак утрымліваюць 345 фатаграфій, зробленых аўтарамі кнігі мужам і жонкай Пэтам і Розмары Кіу. Эксперты па палярных даследаваннях і мастацтве сцвярджаюць, што няма іншага апублікаванага партфоліа Антарктыды, якое магло б параўнацца з творчасцю Кіу. За гэтую працу Пэт і Розмары былі ўдастоены звання “Фатограф прыроды года” і “Лепшая кніга па фатаграфіі ў свеце” ад Міжнароднага камітэта па фатаграфіі. Кожная выява кнігі размешчана на шыкоўнай шчыльнай паперы з выкарыстаннем святлоўстойлівых пігментаў і літаграфіі з самым высокім распазнаваннем.

Вага тома, якая складае прыкладна 12,5 кг (27,6 фунтаў), роўная вазе двухгадовага дзіцяці.

Блокі ўсіх экзэмпляраў кнігі, уключаючы экзэмпляр, перададзены на захаванне ў Цэнтральную навуковую бібліятэку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, пашытыя ўручную і адзеты ў пераплёт з дробназярністай казінай шкуры маракен, які імітуе мастацкія пераплёты, што вырабляліся ў Венецыі ў XV ст. Кожны экзэмпляр знаходзіцца ў трывалай ільняной і бархатнай архіўнай скрынцы.

Кніга будзе даступная ў чытальнай зале аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (220072, г. Мінск, вул. Сурганава, 15).

Тэгi
#выданні