Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.08.2019

Адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная Фестывалю навукі - 2019

22 жніўня 2019 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя на тэму “Аб правядзенні ў горадзе Мінску Фестывалю навукі – 2019”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел: Сяргей Чыжык, першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік; Станіслаў Юрэцкі, намеснік старшыні Савета маладых вучоных НАН Беларусі, загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства ДНУ “Інстытут гісторыі НАН Беларусі”; Аляксандр Зайцаў, вядучы спецыяліст Галоўнага ўпраўлення міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва апарату НАН Беларусі і Ганна Барэйка, навуковы супрацоўнік ДНУ “Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі”.

Як адзначыў Сяргей Чыжык, Фестываль навукі пройдзе 7 верасня ў Цэнтральным батанічным садзе. “Фестываль пройдзе другі раз, упершыню яго правяді ў Дзень горада ў мінулым годзе. Ён сабраў 7 тыс. наведвальнікаў. Думаю, у гэтым годзе будзе яшчэ больш унушальная лічба, - адзначыў Сяргей Чыжык. – Фестываль праходзіць пад адкрытым небам у Батанічным садзе – гэта вельмі прыцягальная пляцоўка для гаражан і гасцей Мінска”. Мерапрыемствы фестывалю пачнуцца ў 12.00, кошт білетаў будзе дэмакратычным – 5 рублёў.

Як расказалі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі, адна з мэт мерапрыемства – папулярызаваць навуку і прафесіі будучага, прыцягнуць у навуковую сферу дзяцей і моладзь.

Праграма мерапрыемства ўключае мноства пляцовак, падзеленых тэрытарыяльна і па змесце, разлічаных на наведвальнікаў рознага ўзросту і інтарэсаў. Так, прадугледжана праца лекцыйных пляцовак, забаўляльнай зоны, якая аб’яднае майстар-класы, віктарыны, выстаўкі экспанатаў музеяў навукі і навукова-папулярных праектаў. Будуць арганізаваны пляцоўкі: “Робаты і тэхналогіі”, “Універсітэты” (пляцоўка, на якой вышэйшыя навучальныя ўстановы прадставяць сябе і спецыяльнасці, па якіх вядзецца падрыхтоўка), “Навука ежы” (пункты харчавання і мерапрыемствы, якія распавядаюць пра здаровае харчаванне і навінкі харчовай прамысловасці), дзіцячая пляцоўка для дзяцей дашкольнага ўзросту. Наведвальнікі свята змогуць азнаёміцца з выстаўкай стартапаў і выстаўкамі распрацовак вучоных НАН Беларусі.

Акрамя арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук, да фестывалю падключацца Парк высокіх тэхналогій, вядучыя ВНУ краіны, якія пакажуць свае распрацоўкі.

У рамках Фестывалю пройдзе выстаўка-форум «Зялёны турызм у Беларусі», які праводзіць Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах. Для наведвальнікаў будуць арганізаваны выстаўка эколага-турыстычнай накіраванасці, паказ відэафільмаў у фармаце кіназалы пад адкрытым небам, экалагічныя гульні для дзяцей, фотавыстаўка аўтарскіх работ, праца актыўнай фотазоны. Спецыялісты абмяркуюць актуальныя праблемы і перспектывы развіцця зялёнага (экалагічнага) турызму на пасяджэнні ў фармаце адкрытага круглага стала.

Фота С. Дубовік, газета Навука