Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.08.2019

Адбылося пасяджэнне Міжведамаснай камісіі па пытаннях Антарктыкі

28 – 29 жніўня ў НАН Беларусі адбылося пашыранае рабочае пасяджэнне Міжведамаснай камісіі Рэспублікі Беларусь па пытаннях Антарктыкі. У мерапрыемстве прыняла ўдзел дэлегацыя Росгідрамета і Расійскай антарктычнай экспедыцыі Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы “Інстытут Арктыкі і Антарктыкі” (г. Санкт-Пецярбург). Быў разгледжаны ход выканання ў 2018–2019 гг. плана мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Пагаднення аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі. Таксама абмяркоўваліся планы навуковага і лагістычнага супрацоўніцтва на 2019–2020 гг., у тым ліку ў рамках правядзення 12 Беларускай антарктычнай экспедыцыі і 65 Расійскай антарктычнай экспедыцыі. Як адзначыў па выніках пасяджэння намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў НАН Беларусі, начальнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў: “У час пасяджэння пацверджана доўгатэрміновая падтрымка з боку Расійскай Федэрацыі нашых транспартна-лагістычных схем. Мы па-ранейшаму можам разлічваць на папутную дастаўку асабовага складу і грузаў”. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі яшчэ адзін важны момант – прыблізную лагістычную схему на наступны сезон.

У ходзе візіту адбылася сустрэча са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімірам Гусаковым. Уладзімір Гусакоў уручыў Ганне Быстрамовіч, намесніку начальніка ўпраўлення арганізацыі навуковых даследаванняў і Росгідрамета, Аляксандру Клепікаву, намесніку дырэктара, начальніку Расійскай антарктычнай экспедыцыі Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы “Інстытут Арктыкі і Антарктыкі” Росгідрамета і Уладзіміру Кучыну, намесніку начальніка Лагістычнага цэнтра Расійскай антарктычнай экспедыцыі – Ганаровыя Граматы НАН Беларусі. Члены дэлегацыі наведалі пастаянную выстаўку НАН Беларусі “Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці”.

Фота С. Дубовік, газета Навука