Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

07.09.2019

У Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі прайшоў Другі фестываль навукі

У Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі прайшоў Фестываль навукі, які збірае самых цікаўных мінчан і гасцей сталіцы ўжо ў другі раз. У гэтым годзе праграма форуму значна пашырылася.

Наведваючы фестываль, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў важнасць правядзення такога роду мерапрыемстваў, таму што яны дазваляюць зрабіць навуку больш адкрытай для шырокага кола цікаўных – ад самых маленькіх наведвальнікаў і школьнікаў, якія выберуць свой шлях у жыцці, моладзі, да іх бацькоў. “Тут яны могуць на рэальных прыкладах убачыць, што такое навука, як праводзяцца эксперыменты, і з якой працай здабываецца навуковае веданне. Для навуковых арганізацый – гэта пляцоўка для дэманстрацыі вынікаў нашай працы ў самых розных галінах, ці гэта фізіка, ці аграрныя, медыцынскія або біялагічныя навукі”, – адзначыў Уладзімір Гусакоў.

Галоўны вучоны сакратар НАН, старшыня Савета маладых вучоных Андрэй Іванец выказаў надзею на тое, што дадзены фестываль стане штогадовым, а таксама ў перспектыве, асобныя яго лакацыі плануецца зрабіць мабільнымі, каб іх можна было дэманстраваць у рэгіёнах краіны.

Пад адкрытым небам размясціліся дзясяткі пляцовак, на якіх кожны змог знайсці сабе занятак па інтарэсах: навуковыя лекцыі, выступленні, інтэрактыўныя гульні і забавы, квэсты, касплеі, фотазоны, эксперыменты і многае іншае.