Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.09.2019

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас наведаў НАН Беларусі

5 верасня 2019 года Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас наведаў Нацыянальную акадэмію навук і азнаёміўся з новымі распрацоўкамі беларускіх вучоных.

19 вядучых арганізацый Акадэміі прадставілі каля 100 новых навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацовак і тэхналогій. Так, Аб’яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі прадэманстраваў эксперыментальны ўзор электрамабіля Geely SC7, які прызначаны для выкарыстання ў якасці ўнутрыгарадскога індывідуальнага транспарту, аўтамабіляў службаў таксі і каршэрынгу. Прэм’ер-міністру таксама паказалі эксперыментальны ўзор камерцыйнага электрамабіля (базавы машынакамплект - Joylong EF5), які прызначаны для выкарыстання ў якасці службовага транспарту і аўтамабіляў службаў таксі і можа перавозіць пяць-сем пасажыраў на адлегласць да 300 км. У яго ёсць сістэма хуткай зарадкі. Па словах вучоных, мінівэн акупляе сябе за тры гады эксплуатацыі. Кампанентная база сілавой устаноўкі электрамабіляў распрацавана і выраблена ў Беларусі. Зараз спецыялісты інстытута займаюцца распрацоўкай грузавога электрамабіля. Кіраўнік Урада даручыў пралічыць эканамічны складнік выкарыстання беларускіх электрамабіляў і параўнаць з выдаткамі па эксплуатацыі стандартнага аўтамабіля.

Прэм’ер-міністру паказалі лінейку малога беларускага электратранспарту – электравеласіпеды, электраскутары, электраматацыклы. НПЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі распрацаваў цэлы шэраг беспілотнікаў тыпу “Буравеснік”, “Бусел М40” і “Бусел М50”, а таксама беспілотны лятальны апарат на базе дырыжабля. Яны прызначаны для відэаманіторынгу мясцовасці, суправаджэння рухомых аб’ектаў з магчымасцю вызначэння іх каардынатаў і перадачы па радыёканале атрыманай відэаінфармацыі на наземны пункт кіравання і іншым аддаленым спажыўцам. Прэм’ер-міністру расказалі, што, акрамя распрацовак для МНС, НПЦ працуе таксама над праектамі для Міністэрства абароны – ударнымі дронамі. У планах таксама распрацоўка беспілотнікаў, якія могуць праводзіць рэгістрацыю і ацэнку ўсыхання лясоў, ацэнку цепластраты.

Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі прадэманстраваў эксперыментальны ўзор офіснага суперкамп’ютара са спецыяльным праграмным забеспячэннем, а таксама сістэму дыстанцыйнага маніторынгу стану сельскагаспадарчых культур у маштабе асобнай гаспадаркі.

Спецыялісты УП “Геаінфармацыйныя сістэмы” расказалі пра стварэнне расійска-беларускага касмічнага апарата высокага распазнавання, які прызначаны для збору касмічнай інфармацыі аб зямной паверхні ў бачным і бліжнім інфрачырвоным дыяпазонах спектру, а таксама відэаінфармацыі для вырашэння дзяржаўных і камерцыйных задач.

Сяргей Румас таксама азнаёміўся з распрацоўкамі НПЦ НАН па механізацыі сельскай гаспадаркі. Сярод вынікаў працы вучоных цэнтра паварочвацель стужак ільну, паўпрыцэпная транспартна-тэхналагічная сістэма на ўніфікаваным трохвосевым шасі грузападымальнасцю 25 т для ўнясення цвёрдых арганічных угнаенняў, паўрадны ягадаўборачны камбайн для збору ягад парэчкі, ароніі, агрэсту, шыпшынніку.

Вучоныя Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі расказалі пра свае ўнікальныя распрацоўкі, у ліку якіх генератар паветранага плазменнага струменя для стэрылізацыі і паскарэння гаення ран. Быў таксама прэзентаваны тэрагерцавы спектраметрычны комплекс для бескантактнага аналізу прадуктаў харчавання і выяўлення фальсіфікаванай прадукцыі, лекавых прэпаратаў, небяспечных рэчываў і зброі.

У НАН Беларусі створаны навукова-практычныя цэнтры, лабараторыі і саветы ў розных галінах навуковай дзейнасці, у тым ліку сумесныя з вядучымі вытворцамі (БелАЗ, МАЗ, МТЗ, ММЗ, “Інтэграл”). Сфарміравана сістэма больш чым з 70 міждысцыплінарных навукова-даследчых лабараторый і цэнтраў перспектыўных навуковых даследаванняў. Створаны і функцыянуюць вытворчасці V-VI тэхналагічных укладаў, рэалізуюцца сістэмныя праекты, якія забяспечваюць развіццё традыцыйных і прынцыпова новых для Беларусі сектараў і відаў дзейнасці. Выбудаваны завершаны ланцужок – ад ідэі і фундаментальных даследаванняў да практычных распрацовак, стварэння эксперыментальнай або доследнай вытворчасці і продажу гатовай інавацыйнай прадукцыі.

Фота С. Дубовік, газета “Навука”


Тэгi
#візіты