Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.09.2019

X Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў”

12-13 верасня 2019 г. у 10:00, у ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” (вул. Сурганава, д. 1, корп. 2) адкрыецца 10-я штогадовая двухдзённая навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў”.

Мэтай канферэнцыі з’яўляецца абмеркаванне ролі навуковых даследаванняў у галіне архітэктуры, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэатразнаўства, музыкі, фатаграфіі, кіно, экранных відаў мастацтваў у вырашэнні актуальных задач сучаснай культуры; абмеркаванне актуальных праблем вывучэння этнакультурных традыцый, фалькларыстыкі, антрапалогіі; пошук сістэмных падыходаў да вырашэння актуальных задач захавання нацыянальных культур і гісторыка-культурнай спадчыны ва ўмовах глабалізацыі. Арганізатары канферэнцыі – Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” (філіял “Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі”.

Да ўдзелу ў канферэнцыі запрошаны вядучыя спецыялісты з Рэспублікі Беларусь і краін СНД – Расійскай Федэрацыі, Украіны, Рэспублікі Казахстан, Рэспублікі Узбекістан, Рэспублікі Арменіі, Рэспублікі Малдовы, а таксама з Велікабрытаніі. Плануюцца выступленні вучоных з Інстытута этналогіі і антрапалогіі РАН, Інстытута археалогіі РАН, Інстытута славяназнаўства РАН, Лонданскага ўніверсітэта, Інстытута Культурнай спадчыны Міністэрства адукацыі, культуры і даследаванняў Рэспублікі Малдова, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава, Балтыйскага Федэральнага ўніверсітэта імя І. Канта, Інстытута мовы, літаратуры і гісторыі Карэльскага навуковага цэнтра РАН, Смаленскага дзяржаўнага універсітэта, Растоўскага-на-Доне філіяла Усерасійскага Дзяржаўнага Інстытута Кінематаграфіі імя С. А. Герасімава, Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта, Белгарадскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў і культуры, Самарскага дзяржаўнага сацыяльна-педагагічнага ўніверсітэта, Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта кіно і тэлебачання, Маскоўскай дзяржаўнай мастацка-прамысловай акадэміі імя С. Строганава, Кемераўскага дзяржаўнага інстытута культуры, Музейна-выставачнага цэнтра “Музей Моды”, Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага гісторыка-культурнага запаведніка, Харкаўскай дзяржаўнай акадэміі дызайну і мастацтваў, Архітэктурна-мастацкага інстытута Адэскай дзяржаўнай акадэміі будаўніцтва і архітэктуры, Львоўскага нацыянальнага аграрнага ўніверсітэта і інш.

У ходзе правядзення канферэнцыі магазін “Акадэмкніга” прадставіць навуковыя выданні, якія можна будзе купіць на кніжнай выставе-продажы. Таксама ў якасці суправаджальных мерапрыемстваў уключаны: кінапаказ дакументальных фільмаў з цыкла “Беларускі народны каляндар” (сцэнарыст - Т. І. Кухаронак), круглы стол “Беларускае канцэртнае выканальніцтва ў кантэксце сусветнай культуры” (каб. 210, вул. Сурганава, 1, корп. 2), наведванне залы экспазіцыі чарнобыльскай зоны Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі (вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, 2 паверх) і наведванне Цэнтральнага Батанічнага Саду НАН Беларусі.

Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у рабоце X Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў”.

Праграма канферэнцыі