Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

12.09.2019

Вучоныя НАН Беларусі прынялі ўдзел у прэс-канферэнцыі на тэму: “Інавацыйныя тэхналогіі ў спорце высокіх дасягненняў”

12 верасня 2019 года ў Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: “Інавацыйныя тэхналогіі ў спорце высокіх дасягненняў”. На мерапрыемстве выступілі: Сяргей Губкін – дырэктар ДНУ “Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі”, Тыгран Мелік-Касумаў – загадчык лабараторыі фізіялогіі харчавання ДНУ “Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі”, Зоя Куваева – загадчык аддзела лекавых рэчываў ДНУ “Інстытут фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі”, Ірма Масэ – загадчык лабараторыі генетыкі чалавека ДНУ “Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі” і Ірына Гайдукевіч – старшы навуковы супрацоўнік ДНУ “Інстытут біяарганічнай хіміі НАН Беларусі”.

Прадстаўнікі навуковых арганізацый НАН Беларусі расказалі пра тое, як інавацыйныя тэхналогіі дапамагаюць беларускім спартсменам дасягаць высокіх вынікаў. Па словах дырэктара ДНУ “Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі” Сяргея Губкіна, у цяперашні час у краіне створана нямала інавацыйных распрацовак. Арганізаваны аб’яднаны з БНТУ навуковы кластар з сучаснымі лабараторыямі і абсталяваннем, якія дазваляюць вывучаць тыя ці іншыя методыкі. Аднак вельмі шмат залежыць ад таго, наколькі гэтыя распрацоўкі будуць цікавыя спецыялістам і знойдуць прымяненне ў рабоце. ДНУ “Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі” запусціў пілотны праект па персаніфікацыі харчавання спартсменаў, паведаміў журналістам загадчык лабараторыі фізіялогіі харчавання і спорту інстытута кандыдат біялагічных навук Тыгран Мелік-Касумаў. “Праект запушчаны ў гэтым годзе і разлічаны на два гады. Цяпер мы прыступаем да практычнай часткі даследавання, каб вызначыць індывідуальную генетычную схільнасць спартсменаў да таго ці іншага рэжыму харчавання”, – расказаў Тыгран Мелік-Касумаў.

Аб генетычнай пашпартызацыі спартсменаў расказала Ірма Масэ, загадчыца лабараторыі генетыкі чалавека ДНУ “Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі”. Беларускія вучоныя гатовы працаваць пад патрэбы спорту высокіх дасягненняў, паведаміла журналістам загадчык аддзела лекавых рэчываў Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі доктар хімічных навук, прафесар Зоя Куваева. Інстытут займаецца распрацоўкай і вытворчасцю лекавых сродкаў, біялагічна актыўных дабавак і спартыўнага харчавання. “У нас ужо ёсць 13 БАДаў і 8 пазіцый спартыўнага харчавання, – раказала Зоя Куваева. – Мы гатовы супрацоўнічаць з трэнерамі і спартсменамі. У нас мабільная вытворчасць, і мы гатовы працаваць пад патрэбы спорту высокіх дасягненняў”.

Ірына Гайдукевіч, старшы навуковы супрацоўнік ДНУ “Інстытут біяарганічнай хіміі”, распавяла аб распрацоўцы сістэмы, якая дазволіць комплексна вывучаць і аналізаваць усе даныя арганізма спартсмена, што дапаможа не толькі зрабіць яго падрыхтоўку максімальна эфектыўнай, але і, напрыклад, выключыць выпадкі сіндрому раптоўнай смерці.

Фота В. Лясновай, газета “Навука”