Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

18.09.2019

Інстытут генетыкі і цыталогіі праводзіць круглы стол “Умацаванне супрацоўніцтва краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і перадача ведаў у галіне біятэхналогіі і біябяспекі”

18–20 верасня 2019 г. Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць круглы стол “Умацаванне супрацоўніцтва краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і перадача ведаў у галіне біятэхналогіі і біябяспекі” у рамках выканання праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі Цэнтральнай Еўрапейскай Ініцыятывы.

У рабоце круглага стала прымаюць удзел прадстаўнікі Міжнароднага цэнтра геннай інжынерыі і біятэхналогіі (ICGEB, Італія), Аб’яднанага даследчага цэнтра Еўрапейскай Камісіі (JRC, Бельгія); вучоныя і эксперты міністэрстваў Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі, Балгарыі, Сербіі, Малдовы, Славеніі, Чэхіі, Украіны, Венгрыі.

У агучаным на адкрыцці круглага стала вітальным слове намесніка Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Аляксандра Кільчэўскага і акадэміка-сакратара аддзялення біялагічных навук Валерыя Нікіфарава было адзначана ў прыватнасці, што “біятэхналагічны напрамак стаіць сёння сярод прыярытэтаў развіцця большасці інстытутаў біялагічнага профілю Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На апераджальнае развіццё біятэхналогій у нашай краіне накіраваны намаганні акадэміі па стварэнні БелБіяграда”, а таксама падкрэслена важнасць і неабходнасць работы ў напрамку біябяспекі.

Абмеркаванні ў рамках круглага стала накіраваны на распрацоўку механізмаў і метадаў умацавання і ўдасканалення навуковага ўзаемадзеяння ў галіне біятэхналогіі і біябяспекі паміж Рэспублікай Беларусь і краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.