Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.09.2019

Дэлегацыя НАН Беларусі прымае ўдзел у пасяджэнні Савета МААН у Душанбэ

Дэлегацыя НАН Беларусі прымае ўдзел у рабоце 32-га пасяджэння Савета Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН), якое праходзіць 19-20 верасня ў г. Душанбэ (Рэспубліка Таджыкістан).

Удзельнікі мерапрыемства – кіраўнікі акадэмій навук краін СНД, вядучых замежных акадэмій, вядомыя вучоныя – разгледзяць цэлы шэраг важных пытанняў. Сярод іх – план работы МААН на 2019-2021 гады, зацвярджэнне Дэкларацыі аб развіцці МААН на перыяд да 2030 года; абмеркаванне перспектыўных напрамкаў навуковых даследаванняў акадэмій навук – членаў асацыяцыі: АН Рэспублікі Таджыкістан і вучоных Кітайскай акадэміі навук. Кіраўнікі акадэмій навук падвядуць вынікі дзейнасці навуковых саветаў МААН і вызначаць задачы на перспектыву. Акрамя таго, будуць зацверджаны значок і грамата МААН. За значны ўклад у развіццё Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук першымі граматай будуць узнагароджаны Прэзідэнт НАН Украіны акадэмік Барыс Патон і Прэзідэнт Акадэміі навук Рэспублікі Таджыкістан акадэмік Фарход Рахімі.

Асаблівая ўвага будзе нададзена вопыту НАН Беларусі па падтрымцы маладых навукоўцаў для выкарыстання ў дзейнасці МААН. З дакладам па гэтым пытанні выступіць галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, старшыня Савета маладых вучоных Андрэй Іванец.

На пасяджэнні Савета плануецца абмеркаваць уступленне ў МААН Мангольскай акадэміі навук у якасці паўнапраўнага члена і Акадэмій навук правінцый Хэйлунцзян і Шаньдун (КНР) у якасці асацыіраваных членаў.

Удзельнікі пасяджэння наведаюць арганізацыі АН Рэспублікі Таджыкістан, а таксама прымуць удзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Роля маладых вучоных у развіцці навукі, інавацый і тэхналогій”.