Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.09.2019

У Доме прэсы прайшла прэс-канферэнцыя на тэму: “Актуальныя пытанні навуковых даследаванняў: новыя міжнародныя форумы і праекты”

26 верасня 2019 г. у Доме прэсы адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: “Актуальныя пытанні навуковых даследаванняў: новыя міжнародныя форумы і праекты”.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел: Наталля Ліцвінка, намеснік галоўнага вучонага сакратара НАН Беларусі; Станіслаў Юрэцкі, намеснік старшыні Савета маладых вучоных НАН Беларусі, загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі; Наталля Марцалева, прэс-сакратар апарату НАН Беларусі; Сяргей Дубовік, галоўны рэдактар газеты “Навука”.

Наталля Ліцвінка расказала пра найбольш цікавыя навуковыя мерапрыемствы, якія будуць праходзіць у НАН Беларусі. У прыватнасці былі згаданы: I-ая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Навукова-тэхнічны прагрэс у жыллёва-камунальнай гаспадарцы”, II Кангрэс “Навука, харчаванне і здароўе”, Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Беларускія лекі” і іншыя. Таксама намеснік галоўнага вучонага сакратара расказала аб праектах НАН Беларусі ў галіне біялогіі, інфармацыйных тэхналогій, касмічных даследаванняў, даследаванняў Антарктыкі і інш.

Станіслаў Юрэцкі анансаваў правядзенне буйной XVI Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Моладзь у навуцы 2.0'19”, якая ў гэтым годзе мяняе свой фармат і будзе ўключаць новыя формы работы – прадстаўленне старт-ап праектаў, робатурнір, навуковыя лекторыі.

Наталля Марцалева запрасіла прадстаўнікоў СМІ да ўдзелу ў конкурсе на лепшае асвятленне ў СМІ навуковых дасягненняў 2019 года. “У гэтым годзе конкурс праводзіцца ў дзясяты раз з мэтай фарміравання цэласнага пазітыўнага вобразу навукі, павышэння яе аўтарытэту, прыцягнення ўвагі шырокіх слаёў грамадскасці да дасягненняў беларускіх вучоных, прадстаўлення актуальнай інфармацыі аб распрацоўках, якія праводзяцца ў інтарэсах сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, стымулявання творчай і прафесійнай актыўнасці як журналістаў, так і непрафесійных папулярызатараў навукі”, – сказала Наталля Марцалева.

Сяргей Дубовік расказаў пра гісторыю газеты "Навука", працы калектыву штотыднёвіка па асвятленні дзейнасці беларускіх навукоўцаў і аб маючым адбыцца юбілеі газеты, якой у кастрычніку спаўняецца 40 гадоў. Ён выказаў думку аб мэтазгоднасці дыялогу паміж навукоўцамі і журналістамі. “Варта абмеркаваць праблемы супрацоўніцтва журналістаў і навукоўцаў. Магчыма, у фармаце семінара або падчас творчай сустрэчы напярэдадні нашага юбілею, які плануецца правесці ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі. Сёння навукоўцам важна ведаць, па якіх законах працуюць СМІ, а журналістам – як знайсці падыход да дзеячаў навукі. Мы гатовыя дзяліцца сваім вопытам ", – падкрэсліў С. Дубовік.