Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

01.10.2019

НАН Беларусі аб’яўляе аб правядзенні конкурсу “Топ-10”

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аб’яўляе аб правядзенні конкурсу “Топ-10” вынікаў дзейнасці вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў за 2019 год.

На конкурс прадстаўляюцца ўпершыню атрыманыя або завершаныя ў 2019 годзе вынікі навуковай дзейнасці вучоных і навуковых калектываў, якія працуюць у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў, у выглядзе публікацый і інавацыйных распрацовак, калі яны адпавядаюць наступным крытэрыям: вынік апублікаваны ў выданні, якое мае высокі імпакт-фактар; публікацыя ўключана ў міжнародныя базы даных; атрыманая прынцыпова новая навуковая інфармацыя ўпершыню апублікавана ў выглядзе кніжнага выдання (главы ў манаграфіі) і мае важнае значэнне для прагрэсу айчыннай і сусветнай навукі, будзе аказваць істотны ўплыў на развіццё эканомікі краіны, рашэнне сацыяльных, экалагічных і іншых праблем; на аснове вынікаў даследаванняў створаны аб’ект новай тэхнікі (спосаб, тэхналагічны працэс), які па большасці тэхнічных параметраў адпавядае сусветнаму ўзроўню.

Права вылучэння намінантаў для ўдзелу ў конкурсе “Топ-10” даецца навуковым арганізацыям НАН Беларусі і сапраўдным членам (акадэмікам) НАН Беларусі. Арганізацыя (акадэмік) можа вылучыць некалькі аўтарскіх калектываў (індывідуальных аўтараў) для ўдзелу ў конкурсе “Топ-10”.

Арганізацыі (акадэмікі), якія вылучаюць намінантаў на конкурс, прадстаўляюць наступны камплект дакументаў:

  • пісьмо аб прадстаўленні намінантаў на адрас Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, падпісанае кіраўніком арганізацыі або акадэмікам, якое ўключае кароткае матываванае прадстаўленне намінантаў і характарыстыку іх навуковых дасягненняў;
  • кароткую фармулёўку выніку (не больш за 400 знакаў); у выпадку вылучэння цыкла навуковых прац дадаткова пазначыць пералік работ, уключаных у цыкл;
  • спіс усіх навуковых прац намінантаў, апублікаваных па тэме атрыманага выніку, з указаннем імпакт-фактараў выданняў, у якіх апублікаваны вынікі;
  • копіі навуковых прац намінантаў, апублікаваных у 2019 годзе па тэме атрыманага выніку;
  • копіі дакументаў, якія пацвярджаюць важнасць распрацоўкі для сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь (патэнты, аўтарскія пасведчанні, акты ўкаранення навуковых вынікаў у практычную дзейнасць і (або) навучальны працэс), пры іх наяўнасці;
  • даведку-аб’ектыўку кожнага з намінантаў;
  • ксеракопіі 25, 31 - 33 старонак пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь кожнага з намінантаў;
  • зводную заяўку (з формай заяўкі можна азнаёміцца тут) у выглядзе файла, сумяшчальнага з MS Word, і раздрукоўкі, падпісанай кіраўніком арганізацыі або акадэмікам.
  • Камплект дакументаў з пазнакай “На конкурс “Топ-10” вынікаў дзейнасці вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па выніках 2019 года” накіроўваецца ў профільнае аддзяленне НАН Беларусі не пазней за 29 лістапада 2019 г.

    З Палажэннем аб конкурсе “Топ-10” вынікаў дзейнасці вучоных НАН Беларусі ў галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў можна азнаёміцца ў раздзеле Конкурсы.