Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.10.2019

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі Джон Гудзенаф наведваў НАН Беларусі

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі Джон Гудзенаф, амерыканскі вучоны, спецыяліст у галіне фізікі і матэрыялазнаўства, неаднаразова наведваў Інстытут фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў НАН Беларусі*. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве, член-карэспандэнт НАН Беларусі Валерый Федасюк. “Мы ганарымся тым, што адзін з лаўрэатаў прэміі – Джон Гудзенаф неаднаразова наведваў наш Інстытут і быў шчырым сябрам першага дырэктара і заснавальніка нашага Інстытута Мікалая Мікалаевіча Сіраты”, – адзначыў Валерый Федасюк.

Гаворачы пра значэнне Нобелеўскай прэміі па хіміі, якая у 2019 годзе прысуджана за развіццё тэхналогій літый-іонных батарэй, вучоны адзначыў, што ў 70-х і 80-х гадах, калі закладваліся асновы гэтай прылады, цяжка было ўявіць што новая “літыевая батарэйка” стане сэрцам адразу некалькіх прамысловых пераваротаў. Дзякуючы ёй электроніка стала партатыўнай, бытавая тэхніка – бесправадной, энергетыка – аднаўляльнай, а мегаполісы – у хуткім часе пазбавяцца сваіх звыклых атрыбутаў – смогу і шуму, дзякуючы электратранспарту.

Валерый Федасюк адзначыў, што вучоныя НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве актыўна працуюць у галіне стварэння акумулятараў новага тыпу і графенутрымліваючых матэрыялаў. “Намі распрацаваны новы, танны і экалагічна бяспечны спосаб атрымання графенападобных матэрыялаў, прапанаваны спосаб яго арганізацыі ў трохмерныя сотавыя структуры і стабілізацыі за кошт хімічных “сшывак”. Развіты метады прышыўкі да яго функцыянальных груп. Усе гэтыя напрацаваныя намі рашэнні дазволілі прымяніць новую канцэпцыю выкарыстання вугляроду ў батарэях. Яна заключаецца ў тым, што вугляродны матэрыял служыць не толькі інертным токаздымальнікам, а кампанентам, які ўдзельнічае у акісляльна-аднаўленчых рэакцыях. Пакуль гэтую канцэпцыю мы рэалізавалі ў суперкандэнсатарах, якія сёння выпрабоўваюцца ў складзе электрамабіля. На чарзе – стварэнне доследнага ўзору батарэі па новай канцэпцыі”, – адзначыў вучоны.

У НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве ўжо створаны доследны ўзор суперкандэнсатара на аснове графенутрымліваючага матэрыялу. Гэта распрацоўка сусветнага ўзроўню ўжываецца ў вытворчасці назапашвальнікаў энергіі для электратранспарту і не мае замежных аналагаў. Вучоныя таксама распрацавалі графенутрымліваючы матэрыял. Гэта таксама распрацоўка сусветнага ўзроўню. Ужываецца ў вытворчасці канструкцыйных элементаў, назапашвальніках энергіі, змазкі, сарбентаў, сэнсараў і інш.


* Інстытут фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі заснаваны ў лістападзе 1963 года. У 1975 годзе створана Аддзяленне інстытута ў г. Віцебску, якое ў 1993 годзе было пераўтворана ў Інстытут тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі. У 2005 г. Інстытут перайменаваны ў дзяржаўную навуковую ўстанову “Аб’яднаны інстытут фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». У 2007 г. Інстытут ператвораны ў Дзяржаўнае навукова-вытворчае аб’яднанне “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па матэрыялазнаўстве”.