Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.10.2019

НАН Беларусі супрацоўнічае з 20 рэгіёнамі Расіі

НАН Беларусі ажыццяўляе супрацоўніцтва з навуковымі арганізацыямі 20 расійскіх рэгіёнаў. Пра гэта паведаміў сёння ў час перагавораў з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрыем Мезенцавым Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. “Мы маем сувязі з навуковымі арганізацыямі 20 расійскіх рэгіёнаў. Нашы канкрэтныя інстытуты і цэнтры актыўна працуюць з расійскімі рэгіёнамі”, – адзначыў Уладзімір Гусакоў. “У нас вельмі цесныя сувязі з расійскімі вучонымі, Расійскай акадэміяй навук, з усімі рэгіянальнымі аддзяленнямі навук РАН. Працуе міжакадэмічны Савет РАН і НАН Беларусі. Мы працуем па самым шырокім спектры сумесных даследаванняў і праектаў і зацікаўлены яшчэ ў больш цесным супрацоўніцтве з расійскімі рэгіёнамі”, – паведаміў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі. Гаворачы аб супрацоўніцтве беларускіх і расійскіх вучоных, кіраўнік Акадэміі навук адзначыў, што сёння ажыццяўляецца прапрацоўка сумесных праектаў у прыярытэтных напрамках навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Было адзначана, што супрацоўніцтва паміж Расіяй і Беларуссю ажыццяўляецца і ў рамках Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук, штаб-кватэра якой у 2017 годзе перамешчана ў г. Мінск на базу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Мезенцаў прапанаваў арганізаваць цыкл сустрэч, у першую чаргу, моладзі, з вядучымі вучонымі Расіі і Беларусі з мэтай прапаганды дасягненняў вучоных дзвюх краін. “Гэта можа быць размова пра беларускую навуку, расійскую навуку, аб жыцці грамадства, пра важныя праблемы. Такія сустрэчы могуць праходзіць як у Беларусі, так і ў Расіі”, – адзначыў Дзмітрый Мезенцаў. Гаворачы аб расійска-беларускім навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, Пасол Расіі звярнуў увагу на развіццё больш цесных кантактаў беларускіх вучоных з вядучымі расійскімі навуковымі цэнтрамі, у прыватнасці, з Нацыянальным даследчым цэнтрам “Курчатаўскага інстытута”.

З мэтай пашырэння ўзаемадзеяння вучоных дзвюх краін у ходзе перагавораў была дасягнута дамоўленасць аб тым, каб у праграмы візітаў расійскіх губернатараў у Рэспубліку Беларусь уключалася і наведванне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

10 кастрычніка 2019 года адбыўся візіт у НАН Беларусі дэлегацыі Пасольства Расійскай Федэрацыі на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрыем Мезенцавым. Госці правялі перагаворы з кіраўніцтвам Нацыянальнай акадэміі навук, наведалі пастаянна дзеючую выставу “Дасягненні айчыннай навукі – вытворчасці”, дзе азнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі акадэмічных вучоных.

Фота С. Дубовік, газета “Навука”


Тэгi
#візіты