Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.10.2019

Акадэмічная газета “Навука” адзначыла 40-гадовы юбілей

23 кастрычніка 2019 г. у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 40-гадоваму юбілею акадэмічнай газеты “Навука”.

Мерапрыемства пачалося з відэа-прэзентацыі, падрыхтаванай супрацоўнікамі ЦНБ НАН Беларусі, у якой былі асветлены асноўныя вехі гісторыі існавання газеты.

Затым галоўны рэдактар выдання Сяргей Дубовік прывітаў усіх прысутных і зачытаў маналог-гісторыю першага рэдактара газеты Уладзіміра Прылуцкага, у якім расказваецца пра гісторыю з’яўлення першай назвы газеты (“За перадавую навуку”), дэталях стварэння першага выпуску і цяжкасцях, з якімі даводзілася сутыкацца рэдакцыі.

Дырэктар Выдавецкага дома “Беларуская навука” Аляксандр Дудзік падзякаваў стваральнікам газеты і адзначыў яе творчы рост, напаўненне маляўнічымі фотаматэрыяламі, актыўнае вядзенне сайта выдання. Таксама Аляксандр Дудзік уручыў ганаровыя граматы стваральнікам газеты.

У гэты дзень са словамі шчырай падзякі газету “Навука” прыйшлі павіншаваць прадстаўнікі аддзяленняў і арганізацый НАН Беларусі.

ЦНБ НАН Беларусі арганізавала выставу газетных выданняў, дзе былі прадстаўлены нумары газеты ад заснавання да сучаснасці.