Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.11.2019

Акадэмік НАН Беларусі Сяргей Кілін абраны замежным членам РАН

Намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, акадэмік Сяргей Кілін абраны замежным членам Расійскай акадэміі навук. Такое рашэнне прынята сёння, 15 лістапада 2019 года, на Агульным сходзе РАН.

Сяргей Кілін – вядомы вучоны - фізік, спецыяліст у галіне квантавай оптыкі і квантавай інфарматыкі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Аўтар больш за 620 навуковых прац, у т. л. 6 манаграфій. Узнагароджаны Прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі (1982 г.) за цыкл артыкулаў “Квантавая тэорыя рэзананснага рассейвання лазернага выпраменьвання”. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2002 г.) за цыкл прац “Квантавая электрадынаміка і кагерэнтныя ядзерныя працэсы ў асяроддзі: квантавая і ядзерная оптыка”. У 2014 годзе ўзнагароджаны медалём Ф.Скарыны.

Сяргей Кілін вядзе актыўную выкладчыцкую работу, чытае курсы лекцый у БДУ і ўніверсітэтах шэрагу іншых краін па квантавай оптыцы і інфарматыцы. Кіраўнік буйных нацыянальных навуковых праграм і міжнародных навуковых праектаў у галіне квантавай фізікі і інфарматыкі.

Акадэмік Кілін – член рэдкалегіі часопіса “Оптыка і спектраскапія”, галоўны рэдактар часопісаў “Часопіс прыкладной спектраскапіі” і “Весці НАН Беларусі: серыя фізіка-матэматычных навук”, член двух дысертацыйных саветаў па абароне, старшыня серыі 16-ці міжнародных канферэнцый па квантавай оптыцы і інфарматыцы (ICQOQI), член вучонага савета АІЯД (Дубна), КПС Фонду Сколкава.

У сваіх піянерскіх працах Сяргей Кілін зрабіў асноватворны ўклад у развіццё цвёрдацельнай квантавай інфарматыкі: у яго працах упершыню прапанавана выкарыстанне цвёрдацельных дэфектаў – т.зв. NV-цэнтраў у алмазе – для квантавых інфармацыйных тэхналогій. Прадэманстравана, што дадзеная сістэма забяспечвае захаванне квантавай кагерэнтнасці і пераблытанасці пры пакаёвай тэмпературы, а таксама дае магчымасць кіравання адзіночнымі электроннымі і ядзернымі спінамі, якія адыгрываюць ролю квантавых кюбітаў у розных квантава-інфармацыйных прыладах. Сяргеем Кіліным былі распрацаваны дадаткі для квантавых сістэм на аснове NV-цэнтраў у алмазе: ад лагічных квантавых вентыляў да квантавых сэнсараў, у тым ліку магнітных градыёметраў, якія былі прадэманстраваны ў шэрагу эксперыментаў.

Сярод іншых буйных вынікаў Сяргея Кіліна – першая ў СНД валаконна-аптычная сістэма квантавай крыптаграфіі і ўнікальны квантавы генератар выпадковых лікаў на аснове оптаэлектроннай пары, які працуе на адзіночных фатонах.

Дадзеныя прынцыпова важныя вынікі ў квантавай інфарматыцы былі атрыманы Сяргеем Кіліным дзякуючы яго працам у галіне квантавай оптыкі (генерацыі сціснутых і іншых некласічных станаў святла), тэорыі бесперапынных квантавых назіранняў, тэорыі выпраменьвання адзіночных квантавых аб’ектаў. Ён прадказаў шэраг новых квантавых эфектаў і з’яў, якія сталі ключавымі для рэалізацыі квантава-інфармацыйных тэхналогій. Сярод іх: эфект групоўкі і антыгрупоўкі фатонаў, вылучаных адзіночнымі выпраменьвальнікамі, які выкарыстоўваецца ў цяперашні час у выглядзе агульнапрынятай методыкі тэсціравання “адзіночнай” квантавай сістэмы на аснове змянення g (2); з’ява аднаатамнай фазавай бістабільнасці ў высокадабротных мікрарэзанатарах; “замарожванне” спантанага распаду ў фатонных крышталях – з’ява, якая выкарыстоўваецца для захавання квантавай кагерэнтнасці выпраменьваючых кюбітаў; эфект падаўлення квантавага дынамічнага тунэлявання з дапамогай кагерэнтнага перыядычнага адхілення, на аснове якога распрацаваны метады кіравання дынамікай кюбітаў.

13 – 15 лістапада ў Маскве праходзіў Агульны сход Расійскай акадэміі навук, на якім былі абраны новыя правадзейныя члены РАН, члены-карэспандэнты і замежныя члены РАН. Працэдура выбараў у склад РАН займае тры этапы. У панядзелак праходзіла тайнае галасаванне на секцыях тэматычных аддзяленняў акадэміі. Абраных там навукоўцаў зацвярджалі ў аўторак тайным галасаваннем на агульным сходзе кожнага аддзялення. Пасля гэтага ў чацвер імёны выбраных вынеслі на канчатковае тайнае галасаванне агульнага сходу РАН, якое і прынята лічыць уласна выбарамі ў склад Акадэміі навук. У заключны дзень агульнага сходу Расійскай акадэміі навук зацверджаны пратаколы падліковых камісій па выбарах новых сапраўдных членаў РАН, членаў-карэспандэнтаў і замежных членаў РАН.

Замежнымі членамі Расійскай акадэміі навук выбіраюцца найбуйнейшыя замежныя вучоныя, якія атрымалі прызнанне сусветнай навуковай супольнасці. Замежныя члены РАН абіраюцца Агульным сходам РАН.