Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.12.2019

У НАН Беларусі адбудзецца прэзентацыя кніжнага праекта “Беларускі кнігазбор”

13 снежня 2019 года ў 14:00 у будынку Прэзідыума НАН Беларусі (пр. Незалежнасці, 66, аўд. 216) адбудзецца прэзентацыя 100-томнага ўнікальнага кніжнага праекта “Беларускі кнігазбор”, у якім прадстаўлены лепшыя творы мастацкай літаратуры, айчыннага літаратуразнаўства і гісторыі. Першы том (Ян Чачот. Выбраныя творы”) быў апублікаваны ў 1996 годзе, апошні, 100-ы юбілейны том (“Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Выбраныя творы”) выйшаў у свет у кастрычніку 2019 года.

Серыя распрацавана ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Аўтарам ідэі і галоўным рэдактарам з’яўляецца беларускі пісьменнік, фалькларыст, перакладчык і літаратуразнаўца К. А. Цвірка. “Беларускі кнігазбор” уключае тры серыі: мастацкая літаратура, гісторыка-літаратурныя помнікі і пераклады замежнай класікі. Безумоўна, самым значным з’яўляецца серыя I – мастацкая літаратура: у ёй выйшла 77 тамоў. З 2008 года да ажыццяўлення праекта далучылася акадэмічнае выдавецтва “Беларуская навука”. Дзякуючы сумесным намаганням, былі апублікаваны яшчэ амаль тры з паловай дзясяткі кніг. Упершыню шырокая грамадскасць атрымала такія фундаментальныя выданні, як “Беларускія летапісы і хронікі”, “Беларуская старажытная літаратура”, “Беларусы” Яўхіма Карскага, “Выбраныя творы” Уршулі Радзівіл, Францішка Багушэвіча, Уладзіслава Сыракомлі, Элізы Ажэшкі і многія іншыя. Побач з класічнымі творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Кузьмы Чорнага, Васіля Быкава, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, якія складаюць залаты фонд нацыянальнай літаратуры, у культурную прастору вернута і творчая спадчына Усевалада Ігнатоўскага, Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх, Вацлава Ластоўскага, Уладзіміра Жылкі, Язэпа Лёсіка і іншых рэпрэсіраваных пісьменнікаў. Арыгінальнай і не менш каштоўнай часткай праекта сталі пераклады на беларускую мову твораў Іагана Вольфганга Гётэ і Фёдара Дастаеўскага.

Нацыянальная культура адыгрывае вялікую ролю ў развіцці грамадства і духоўным адраджэнні любога народа. На працягу шматгадовай гісторыі свайго існавання беларускі народ стварыў самабытную літаратуру, адну з самых багатых у свеце.

100 тамоў “Беларускага кнігазбору” – гэта сапраўдная скарбніца лепшых твораў нацыянальнай літаратуры, выданне, якое атрымала вядомасць, прызнанне і высокую ацэнку не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.