Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.01.2020

У НАН Беларусі пройдзе адкрытая лекцыя вядучага сусветнага эксперта ў галіне мікрабіёму

15 студзеня 2020 года (серада) у 10:00 у будынку Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (пр-т Незалежнасці, 66, ауд.216) адбудзецца адкрытая лекцыя запрошанага спікера, дырэктара Інстытута вывучэння мікрабіёму (Чыкагскі ўніверсітэт, ЗША), лаўрэата прэміі Нацыянальнага інстытута аховы здароўя ЗША ў галіне навукі, прафесара Эрыка Дж. Памера (Eric G. Pamer).

Тэма лекцыі “Microbiota-mediated defense against antibiotic-resistant bacterial infection” (“Мікрабіёта як фактар абароны супраць устойлівых да антыбіётыкаў бактэрыяльных інфекцый”).

Вядучы сусветны эксперт у галіне мікрабіёму, прафесар Эрык Памер уваходзіць у рэдакцыйныя саветы вядомых навуковых часопісаў: Microbesand Infection, Journal of Immunology, Immunity, Journal of Experimental Medicine, Annual Reviews of Immunology, а таксама з’яўляецца аўтарам больш за 150 навуковых артыкулаў, індэксаваных у PubMed. Даследаванні прафесара Памера зараз сканцэнтраваны на вывучэнні мікрабіёты кішэчніка ў кантэксце ўстойлівасці да інфекцый, выкліканых Enterococcusfaecium, Clostridiumdifficile і Klebsiellapneumoniae, у анкалагічных пацыентаў з імунасупрэсіяй. Яго лабараторыя таксама даследуе ролю манацытаў у механізмах абароны ад інфекцый і асаблівасці ўзаемадзеяння паміж кішэчнымі мікраарганізмамі і імуннай сістэмай млекакормячых.

Візіт прафесара Эрыка Памера ў Беларусь мае высокую значнасць у сувязі з развіццём новага навуковага напрамку ў СНД – навукі аб мікрабіёме чалавека, а таксама актывізацыі навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Злучанымі Штатамі Амерыкі.