Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.01.2020

Абвешчаны лаўрэаты конкурсу 100 талентаў НАН Беларусі

Рашэннем Бюро Прэзідыума зацверджаны спіс лаўрэатаў конкурсу 100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за 2019 год. У іх ліку – 10 маладых вучоных.

Сярод лаўрэатаў:

  • Максім Усачонак, намеснік загадчыка цэнтра “Фізіка плазмы” дзяржаўнай навуковай установы “Інстытут фізікі імя Б.І.Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, кандыдат фізіка-матэматычных навук;
  • Аляксей Труханаў, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі фізікі магнітных плёнак дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па матэрыялазнаўстве”, кандыдат фізіка-матэматычных навук;
  • Дзмітрый Якімчук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела крыягенных даследаванняў дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па матэрыялазнаўстве”, кандыдат фізіка-матэматычных навук;
  • Яраслаў Дзічэнка, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі бялковай інжынерыі дзяржаўнай навуковай установы “Інстытут біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, кандыдат хімічных навук;
  • Сяргей Лысенка, дырэктар дзяржаўнай навуковай установы “Інстытут прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, доктар фізіка-матэматычных навук;
  • Марына Шабета, вучоны сакратар дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах”, кандыдат біялагічных навук;
  • Таццяна Хрусталёва, старшы навуковы супрацоўнік шматпрофільнай дыягнастычнай лабараторыі дзяржаўнай навуковай установы “Інстытут фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, кандыдат біялагічных навук;
  • Аляксей Капліеў, старшы навуковы супрацоўнік аддзела найноўшай гісторыі Беларусі дзяржаўнай навуковай установы “Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, кандыдат гістарычных навук;
  • Ягор Гусакоў, загадчык сектара кааперацыі рэспубліканскага навуковага ўнітарнага прадпрыемства “Інстытут сістэмных даследаванняў у АПК Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, кандыдат эканамічных навук;
  • Ірына Калтовіч, старшы навуковы супрацоўнік аддзела тэхналогій мясных прадуктаў навукова-вытворчага рэспубліканскага даччынага ўнітарнага прадпрыемства “Інстытут мяса-малочнай прамысловасці” рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні”, кандыдат тэхнічных навук.
  • Лаўрэаты штогадовага конкурсу 100 талентаў НАН Беларусі ўключаюцца ў банк даных “100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” (з выдачай адпаведнага сертыфіката) і ў рэзерв кіруючых кадраў НАН Беларусі. Акрамя таго, яны атрымліваюць аднаразовы грант на ўдзел у міжнародным навуковым мерапрыемстве на працягу аднаго каляндарнага года з моманту абвяшчэння вынікаў конкурсу. Пры ўмове здавальняючай ацэнкі гадавой справаздачы аб навукова-даследчай, педагагічнай і інавацыйнай дзейнасці лаўрэатам конкурсу выплачваецца штогадовая прэмія ў памеры да 50 базавых велічынь у перыяд уваходжання ў банк даных “100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”.

    Конкурс 100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўпершыню праводзіўся ў 2018 годзе. Яго галоўныя мэты – рэалізацыя мер па прыцягненні і замацаванні таленавітай моладзі ў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах, стварэнне маладзёжных навукова-даследчых груп і амаладжэнне кадравага складу навуковых арганізацый НАН Беларусі, забеспячэнне пераемнасці паміж вучонымі розных пакаленняў. Агульная колькасць маладых вучоных, якія адначасова ўваходзяць у банк даных “100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, не можа перавышаць 100 чалавек. У конкурсе могуць прымаць удзел маладыя вучоныя НАН Беларусі, якія абаранілі кандыдацкую дысертацыю ва ўзросце да 30 гадоў або атрымалі навуковую ступень доктара навук ва ўзросце да 40 гадоў.