Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Навіны

30.01.2016

Віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі з Днём беларускай навукі

Дарагія сябры!
Віншую вас з прафесійным святам - Днём беларускай навукі.
Сёння ведам належыць важная роля ў фарміраванні канкурэнтаздольнай эканомікі і паляпшэнні якасці жыцця людзей. Развіццё адукацыі і навукі - гэта залог самастойнасці і суверэнітэту дзяржавы, павышэння культурнага, інтэлектуальнага і духоўнага ўзроўню нацыі. Таму ў нашай краіне вялікая ўвага надаецца захаванню і ўмацаванню айчынных навуковых школ, укараненню ў практыку эфектыўных распрацовак.

29.01.2016

Да 100-годдзя з дня нараджэння члена-карэспандэнта У.І. Няфёда прадставілі канверт і паштовую марку

29 студзеня 2016 года ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі быў праведзены круглы стол і адбылося прадстаўленне канверта і паштовай маркі да 100-годдзя з дня нараджэння выдатнага тэатразнаўца, пісьменніка і педагога Уладзіміра Іванавіча Няфёда.
У рабоце круглага стала прынялі ўдзел і выступілі дырэктар Цэнтра акадэмік А.І. Лакотка, Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Б.У. Святлоў, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь У.І. Пракапцоў, намеснік дырэктара Цэнтра па навуковай рабоце, доктар мастацтвазнаўства, прафесар В.І. Жук, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Р.Б. Смольскі, загадчык кафедры рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства Р.І. Баравік, загадчык аддзела тэатральнага мастацтва Центра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства В.М.Ярмалінская, кнадыдат мастацтвазнаўства, прафесар Ю.М. Сохар, сын У.І. Няфёда – мастак Уладзімір Няфёд і унук – Іван Арцімовіч. На імпрэзе прысутнічалі супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.

28.01.2016

16 аспірантам НАН Беларусі назначаны стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне № 17рп “Аб прызначэнні стыпендый аспірантам”. Стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2016 год назначаны 82 аспірантам. У іх ліку 16 прадстаўнікоў навуковых інстытутаў і арганізацый НАН Беларусі. Гэта таленавітыя маладыя аспіранты, якія выконваюць дысертацыйныя даследаванні па прыярытэтных напрамках навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці. Многія з іх маюць акты аб укараненні атрыманых вынікаў у вытворчасць, лячэбную практыку ўстаноў аховы здароўя, адукацыйны працэс, патэнты на вынаходніцтвы, карысныя мадэлі або станоўчыя рашэнні на выдачу патэнта.

Навуковыя дасягненні стыпендыятаў будуць выкарыстаны на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах сацыяльнай сферы краіны.

Прыняцце распараджэння № 17рп з’яўляецца сведчаннем падтрымкі дзяржавай перспектыўных аспірантаў, развіцця навуковых школ і навуковага патэнцыялу Беларусі.

28.01.2016

Уладзімір Гусакоў прыняў удзел у прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню беларускай навукі

28 студзеня 2016 г. у Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная Дню беларускай навукі. У ёй прынялі ўдзел - Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жураўкоў, Старшыня ДКНТ Аляксандр Шумілін, начальнік Галоўнага ўпраўлення інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь Валерый Фішман і начальнік аддзела навукі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васілій Філанюк.
Як паведаміў журналістам У.Гусакоў: “Мы ўжо вызначылі топ-10 лепшых фундаментальных распрацовак 2015 года, а зараз фарміруем топ-100 нашых распрацовак для ўкаранення ва ўсе сферы народнай гаспадаркі”. Таксама Старшыня Прэзідыума падзяліўся планамі Акадэміі на 2016 год: “Пачнецца стварэнне новага спадарожніка дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, будзе стварацца серыя прынцыпова новых беспілотных лятальных апаратаў, серыя суперкамп’ютараў. Акрамя таго, нараўне з космасам мы лічым прарыўнымі і палярныя даследаванні. Літаральна на днях выкананы мантаж першай чаргі Беларускай антарктычнай станцыі”.

28.01.2016

НАН Беларусі прымае актыўны ўдзел у правядзенні Года культуры ў Рэспубліцы Беларусь

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь пастановай ад 25 студзеня 2016 г. №51 зацвердзіў рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў Беларусі ў 2016 годзе Года культуры.

У план уключаны 121 пункт па асноўных напрамках дзяржаўнай культурнай палітыкі Беларусі, сярод якіх НАН Беларусі прызначана адказнай за наступныя мерапрыемствы:

- Распрацоўка Асноў дзяржаўнай культурнай палітыкі
- Комплекснае даследаванне пытанняў развіцця культуры з прэзентацыяй яго вынікаў на міжнародных мерапрыемствах, у тым ліку: Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Беларуская літаратура ў культурнай прасторы сучаснага грамадства”, VІI Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў”
- Правядзенне сацыялагічных даследаванняў па пытаннях культуры, мастацкай літаратуры і чытання
- Пашырэнне выкарыстання беларускай мовы: Правядзенне рэспубліканскай акцыі “Беларусь, я люблю цябе”, прымеркаванай да Дня ўсіх закаханых і Міжнароднага дня роднай мовы.

27.01.2016

85 год з дня нараджэння члена-карэспандэнта М.І. Мушынскага

24 студзеня споўнілася 85 год з дня нараджэння выдатнага вучонага Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара, вядомага крытыка і літаратуразнаўцы, аднаго са стваральнікаў нацыянальнай тэксталагічнай школы Міхася Іосіфавіча Мушынскага, працы якога па праву ўвайшлі ў залатую скарбонку беларускага літаратуразнаўства.

Урачыстае віншаванне юбіляра, прымеркаванае да святкавання Дзён беларускай навукі, адбудзецца 28 студзеня ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (Сурганава 1, корп. 2, Заля паседжанняў, 2-і паверх, 10.30).


27.01.2016

100 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта У.І. Няфёда

27 студзеня 2016 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта У.І. Няфёда (1916-1999), тэатразнаўца, драматурга, прафесара (1964), заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1975), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР (1966).

Больш падрабязна пра працы і заслугі У.І. Няфёда можна даведацца на старонцы нашага сайта.

27.01.2016

Віншаванне Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі У.Р. Гусакова з Днём беларускай навукі

Паважаныя калегі! Дарагія сябры!

Ад імя Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі віншую вучоных нашай краіны, усіх, для каго навуковы пошук стаў лёсам і прызваннем, з прафесійным святам - Днём беларускай навукі!

Навука заўсёды з’яўлялася магутным рэсурсам мадэрнізацыі грамадства, рухаючай сілай тэхнічнага прагрэсу, важнейшым складнікам нацыянальнага багацця. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка паставіў задачу пабудовы грамадства ведаў. Гэта - залог нашага стратэгічнага развіцця і шырокага міжнароднага прызнання. Сёння менавіта навука заклікана прапанаваць шляхі, механізмы і сцэнарыі пераходу эканомікі краіны на шосты, самы высокі тэхналагічны ўклад.

27.01.2016

У НАН Беларусі пройдуць урачыстасці, прысвечаныя Дню беларускай навукі

29 студзеня 2016 года ў НАН Беларусі (пр. Незалежнасці, 66) у 16.00 адбудзецца рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі.

З 10.00 будзе разгорнута выстава дасягненняў і найбольш значных вынікаў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь.

Урачыстасці 2016 года пройдуць пад дэвізам – “Навука - эканоміцы ведаў”.

З праграмай мерапрыемстваў можна азнаёміцца тут.

26.01.2016

Супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прынялі ўдзел у прыродаахоўным тыдні ў нацыянальным парку “Белавежская пушча”

18-22 студзеня 2016 года ў нацыянальным парку «Белавежская пушча» прайшоў Прыродаахоўны тыдзень, у якім актыўны ўдзел прынялі супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

18 студзеня 2016 г. у рамках Тыдня стартаваў цыкл навуковых мерапрыемстваў прыродаахоўнага характару. Цыкл пачаў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі А.М. Скуратовіч адкрытай лекцыяй “Інвазіўныя віды раслін - хто вінаваты і што рабіць”, якая прайшла ў канферэнц-зале Музея прыроды.

26.01.2016

НАН Беларусі праводзіць адкрыты конкурс навукова-тэхнічных праектаў заданняў галіновых навукова-тэхнічных праграм, накіраваных на засваенне новых канкурэнтаздольных відаў прадукцыі і тэхналогій у 2016-2020 гадах

У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку распрацоўкі і выканання навукова-тэхнічных праграм, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку распрацоўкі і выканання навукова-тэхнічных праграм і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і іх асобных палажэнняў” ад 31 жніўня 2005 года № 961, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіць адкрыты конкурс навукова-тэхнічных праектаў заданняў галіновых навукова-тэхнічных праграм, накіраваных на засваенне новых канкурэнтаздольных відаў прадукцыі і тэхналогій у 2016-2020 гадах.

26.01.2016

Новыя паслугі па навукаметрыі ў Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэцы

Са студзеня 2016 года Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І.С. Лупіновіча НАН Беларусі аказвае карыстальнікам новыя бясплатныя паслугі:

- вызначэнне навукаметрычных паказчыкаў публікацыйнай актыўнасці вучоных-аграрыяў і навуковых арганізацый (колькасць публікацый, колькасць цытаванняў публікацый, індэкс Хірша);
- кансультаванне аўтараў і навуковых арганізацый аграрнага профілю па пытаннях: размяшчэння публікацый у часопісах, індэксуемых навукаметрычнымі базамі даных; рэгістрацыі і стварэння профіляў у навукаметрычных базах даных; размяшчэння выпускаў аграрных часопісаў і неперыядычных выданняў у Расійскім індэксе навуковага цытавання.

Даныя навукаметрыі дапамогуць даследчыкам ацаніць сваю навуковую дзейнасць, сарыентавацца ў выбары выданняў для размяшчэння сваіх навуковых прац, навучыцца самастойна рэгістравацца і ствараць профілі ў розных замежных рэсурсах, прасоўваць свае выданні ў Расійскі індэкс навуковага цытавання.

Пералік паслуг на сайце БелСГБ.

26.01.2016

Візіт дэлегацыі навуковых арганізацый Рэспублікі Карэя

26 студзеня 2016 г. у НАН Беларусі адбыўся візіт дэлегацыі навуковых арганізацый Рэспублікі Карэя. Першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык і старшыня камітэта па навуковай палітыцы Міністэрства навукі, ІКТ і перспектыўнага планавання Рэспублікі Карэя Лі Сін Ду абмеркавалі перспектыўныя напрамкі і механізмы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.
Акрамя таго, бакі разгледзелі магчымыя формы двухбаковага ўзаемадзеяння, у тым ліку па лініі абмену дэлегацыямі вучоных абедзвюх краін. Як падкрэсліў у час сустрэчы старшыня камітэта па навуковай палітыцы Міністэрства навукі, ІКТ і перспектыўнага планавання Рэспублікі Карэя Лі Сін Ду: “Мэта нашага візіту ў НАН Беларусі - вызначыць і пашырыць магчымасці цеснага супрацоўніцтва вучоных дзвюх краін у галіне практычнай дзейнасці”.

22.01.2016

Адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака «Дрэва беларускай навукі» і галерэі партрэтаў сапраўдных членаў НАН Беларусі (акадэмікаў) НАН Беларусі і членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі

22 студзеня 2016 года ў НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака “Дрэва беларускай навукі” і галерэі партрэтаў сапраўдных членаў НАН Беларусі (акадэмікаў) НАН Беларусі і членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі. Мерапрыемства было прымеркавана да гадавіны заснавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Як падкрэсліў, звяртаючыся да акадэмікаў, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў: “Бягучы год стане для Акадэміі навук шмат у чым вызначальным - стартуюць 12 новых дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, якія павінны выступіць у якасці генератара новых ведаў і крыніцы інтэлектуальнай уласнасці ў краіне".

21.01.2016

Архіў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры лёг у аснову пласцінкі Песняроў 1983

21 студзеня 2016 года ў НАН Беларусі прайшоў круглы стол, прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна (1941-2003). У працы круглага стала прынялі ўдзел вядучыя мастацтвазнаўцы, даследчыкі, дзеячы мастацтва, кіраўніцтва НАН Беларусі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Адкрываючы працу круглага стала, Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, акадэмік Аляксандр Іванавіч Лакотка адзначыў, што “менавіта Мулявін стварыў непаўторную вакальную манеру Песняроў, якая аб’ядноўвае акадэмічнае гучанне, джазавыя і народныя матывы”.

Таксама А.І. Лакотка расказаў, што “Уладзімір Мулявін і Песняры іх залатога часу звярталіся да аўтэнтычных фальклорных запісаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія захоўваюцца ў архіве Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры (Аддзел фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў), а канкрэтна да калядных, купальскіх і іншых песень, якія былі запісаны вучонымі НАН Беларусі ў працэсе шматгадовых навуковых палявых даследаванняў “. У прыватнасці А.І. Лакотка згадаў, што ў архіве засталіся сведчанні, што Мулявін рыхтаваў ў 1979 новую праграму “Купалле і калядкі”. Гэтыя песні ўвайшлі пазней у 1983 годзе ў склад пласцінкі “Зачарованая мая” ў выкананні Песняроў.

21.01.2016

22 студзеня 2016 г. 65-гадовы юбілей члена-карэспандэнта НАН Беларусі В.П. Сяменчанкі

22 студзеня 2016 года спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага вучонага ў галіне гідрабіялогіі, агульнай экалогіі, інвазіўнай экалогіі члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара біялагічных навук, загадчыка лабараторыі гідрабіялогіі ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах» Віталія Паўлавіча Сяменчанкі.

Павіншаваць імянінніка асабіста можна 22 студзеня 2016 года з 10 да 12 гадзін у ДНВА “НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах” па адрасе 220072, г. Мінск, Акадэмічная, 27, п. 231





21.01.2016

У НАН Беларусі адбылася нарада па падвядзенні вынікаў рэалізацыі праграм і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы

20 студзеня 2016 г. у НАН Беларусі адбылася нарада на ўзроўні Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і беларускіх органаў дзяржкіравання па падвядзенні вынікаў рэалізацыі праграм і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы. Былі абмеркаваны праекты па стварэнні сумесных інавацыйных прадуктаў і тэхналогій.
У мерапрыемстве прыняў удзел Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. Ён адзначыў, што Саюзная дзяржава не будзе мяняць прыярытэты ў распрацоўцы і зацвярджэнні сумесных праграм.



21.01.2016

НАН Беларусі наведала дэлегацыя японскай кампаніі Kawasaki Heavy Industries, Ltd.

20 студзеня 2016 г. у НАН Беларусі адбыліся перагаворы кіраўніцтва НАН Беларусі з членамі дэлегацыі японскай кампаніі Kawasaki Heavy Industries, Ltd. (Кавасаки хэви индастриз). У цэнтры ўвагі былі пытанні пашырэння перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва ў галіне прамысловасці, энергетыкі і машынабудавання. З беларускага боку ў перагаворах прынялі ўдзел кіраўнікі арганізацый НАН Беларусі фізіка-тэхнічнага Аддзялення НАН Беларусі. Як адзначыў першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык: “Дзейнасць кампаніі “Кавасаки хэви индастриз”- добры прыклад таго, як, выкарыстоўваючы навуку, можна атрымаць добрыя камерцыйныя вынікі. НАН Беларусі гатовая супрацоўнічаць з японскай карпарацыяй па самым шыроким спектры напрамкаў”.

19.01.2016

Акадэміі навук Беларусі і Егіпта падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Акадэмія навуковых даследаванняў і тэхналогій Егіпта падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні. Мерапрыемства адбылося па выніках візіту ў Егіпет дэлегацыі НАН Беларусі на чале з першым намеснікам старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргеем Чыжыкам.
У Каіры беларускія і егіпецкія вучоныя правялі семінар на тэму “Новыя напрамкі ў даследчай і інавацыйнай дзейнасці ў Беларусі і Егіпце”. Бакі абмяняліся вопытам даследаванняў у актуальных для абедзвюх краін галінах, у тым ліку апрацоўкі вады неарганічнымі порыстымі матэрыяламі, вытворчасці “разумных” угнаенняў і біясэнсараў, малекулярнай селекцыі жывёл і раслін, стварэння сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і апрацоўкі здымкаў з космасу. Дэлегацыя беларускіх вучоных таксама наведала Цэнтральны навукова-даследчы інстытут металургіі і горад навукі і тэхналогій імя Ахмеда Зевейла.

19.01.2016

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі праводзіць Круглы стол, прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна

21 студзеня 2016 года ў 10.00 Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі праводзіць Круглы стол, прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна (1941-2003). У працы круглага стала прымуць удзел вядучыя мастацтвазнаўцы, даследчыкі, дзеячы мастацтва, кіраўніцтва НАН Беларусі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Месца правядзення: Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (пр. Незалежнасці, 66, аўд. 216, 2 паверх).

Рэгістрацыя ўдзельнікаў - з 9.30 гадзін.


Новости 1 - 20 из 28
Начало | Пред. | 1 2 | След. | Конец