Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Архіў навін 2013 года

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Красавік 2013 года

30.04.2013

Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка прадастаўляе анлайн-доступ да базы даных УІНІТІ РАН

Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І.С. Лупіновіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі першая і адзіная ў Беларусі прадастаўляе анлайн-доступ да ўсёй базы даных Усерасійскага інстытута навуковай і тэхнічнай інфармацыі Расійскай акадэміі навук (БД УІНІТІ РАН). База даных прадстаўляе ў электронным выглядзе матэрыялы рэфератыўных часопісаў УІНІТІ РАН і ўключае апісанні дакументаў з бібліяграфіяй, ключавымі словамі, рубрыкамі і рэфератамі ў выглядзе 28 тэматычных блокаў, што складаюцца з 217 раздзелаў па наступных тэматыках: біялогія, генетыка, ахова навакольнага асяроддзя, металургія, машынабудаванне, фізіка, хімія, інфарматыка, эканоміка, матэматыка, электратэхніка, астраномія, радыёэлектроніка і інш. Рэсурс фарміруецца па матэрыялах перыядычных выданняў, кніг, фірменных выданняў, матэрыялаў канферэнцый, патэнтаў, нарматыўных дакументаў, дэпанаваных навуковых работ з больш чым 80 краін свету на 40 мовах . Па ўмовах падпіскі анлайн-доступ да БД УІНІТІ РАН прадастаўляецца з бібліятэкі, штодня з 9.00 да 19.00, акрамя суботы і нядзелі.


29.04.2013

Міжнародная канферэнцыя па навуказнаўству і навукаметрыі адбудзецца 12-13 кастрычніка ў Маскве

Расійская акадэмія навук 12-13 кастрычніка 2013 г. у будынку Прэзідыума Расійскай акадэміі навук адбудзецца Міжнародная канферэнцыя "Праблемы навукаметрыі. Стан і перспектывы развіцця", якая арганізуецца пры партнёрстве з кампаніяй Thomson Reuters. Тэматыка канферэнцыі: тэарэтычныя і практычныя аспекты развіцця навуказнаўства і навукаметрыі; паказчыкі ацэнкі навуковых даследаванняў: якасны і колькасны падыходы; крыніцы інфармацыі для навукаметрычных даследаванняў; метадалагічныя аспекты выкарыстання паказчыкаў навукі; навуковая палітыка і міжнароднае супрацоўніцтва; кіраванне ведамі і партнёрства з бізнесам; вебаметрыка. Рэгламент работы канферэнцыі ўключае пленарныя даклады, работу па секцыях і трэнінгі па рабоце з бібліяметрычных прадуктамі кампаніі Thomson Reuters. Адкрыты прыём тэзісаў дакладаў, які будзе доўжыцца да 15 чэрвеня 2013 г. Падрабязная інфармацыя размешчана на вэб-старонцы канферэнцыі.


28.04.2013

Сёння спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння акадэміка Б.І.Сцяпанава (1913-1987)

Б.І.Сцяпанаў 28 красавіка 2013 г. спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння выдатнага вучонага і педагога, буйнога арганізатара навукі ў Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата трох Дзяржаўных прэмій СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР, Залатога медаля імя С.І.Вавілава АН СССР, з 1957 г . дырэктара Інстытута фізікі і матэматыкі, у 1959-1985 гг. дырэктара Інстытута фізікі АН БССР, адначасова ў 1953-1967 гг. загадчыка кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1985-1987 гг. члена Прэзідыума АН БССР, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Барыса Іванавіча Сцяпанава.


27.04.2013

Падзенне прэстыжу навукі абумоўлена ... законам

Газета Поиск Пад такім загалоўкам у рубрыцы "Навуковая палітыка" свежага нумары штотыднёвай газеты навуковай супольнасці "Пошук" апублікаваны артыкул намесніка галоўнага вучонага сакратара Прэзідыума Расійскай акадэміі навук, доктара эканамічных навук У.В. Іванова. Прааналізаваўшы істотныя трансфармацыі, якія зведала за апошнія 20 гадоў сістэма падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых кадраў у Расіі, ім зроблены высновы, што Федэральным законам "Аб адукацыі ў Расійскай Федэрацыі" не прадугледжана інтэграцыя навукі і адукацыі, у ім адсутнічае паняцце "навуковыя кадры", у адпаведнасці з законам аспірантура разглядаецца як завяршальны этап вышэйшай адукацыі, а не як пачатак навуковай кар'еры, аднясенне аспірантуры да адукацыйнага працэсу накладае дадатковыя абмежаванні на падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў навуковых арганізацыях. На думку вучонага, закон паставіў нічым не апраўданыя магутныя бюракратычныя бар'еры перад навуковымі арганізацыямі ў плане падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі, у ім не разглядаюцца пытанні кадравага забеспячэння навуковай дзейнасці, а адмова ад сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі, што гістарычна склалася ў Расеі і пацвердзіла сваю эфектыўнасць, нанясе непапраўную шкоду айчыннаму навуковаму патэнцыялу. З поўным тэкстам артыкула можна азнаёміцца тут.


26.04.2013

Новыя гатункі кармавых культур селекцыі акадэмічных арганізацый уключаны ў Дзяржаўны рэестр

Беларуская ніва Аб новых гатунках кармавых культур, уключаных з 2013 года ў Дзяржаўны рэестр сартоў і драўняна-хмызняковых парод, паведамляе сённяшні нумар грамадска-палітычнай урадавай газеты "Беларуская ніва". Сярод іх культурны гатунак чыны шматгадовай "Купава" селекцыі Палескай доследнай станцыі меліярацыйнага земляробства і лугаводства НАН Беларусі, гексаплоідны гатунак бекманіі звычайнай "Жодзінская" і гатунак фацэліі піжмалістнай "Медуніца" селекцыі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробству, раннеспелы гатунак пайзы "Любава" селекцыі Гомельскай АСГДС НАН Беларусі і Навукова-практычнага цэнтра па земляробству, гібрыды кукурузы "Дняпроўскі 221 МВ" і "Батурын 287 МВ" беларуска-ўкраінскай селекцыі. У гэтым годзе ў Дзяржаўны рэестр сартоў і драўняна-хмызняковых парод уключана 183 гатункі шматгадовых і аднагадовых траў. З поўным зместам Дзяржаўнага рэестра можна азнаёміцца тут.


26.04.2013

Сёння спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння акадэміка Г.П. Гурыновіча (1933-1994)

26 красавіка 2013 г. спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння фізіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, з 1965 г. загадчыка лабараторыі Інстытута фізікі АН БССР, у 1992-1994 гг. загадчыка лабараторыі Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі Акадэміі навук Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Георгія Паўлавіча Гурыновіча.


25.04.2013

Нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў накіраваў віншаванне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Як паведамляе прэс-служба Акадэміі наук, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы, віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі навук, акадэмік Жарэс Алфёраў сёння, 25 красавіка 2013 года, накіраваў віншаванне калектыву Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Інстытуту фізікі імя Б.І.Сцяпанава з нагоды 100-годдзя выдатнага фізіка, акадэміка Барыса Іванавіча Сцяпанава. "Віншую калектыў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Інстытут фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН Беларусі са 100-годдзем выбітнага фізіка, акадэміка Барыса Іванавіча Сцяпанава, які кіраваў Інстытутам і стварыў у Беларусі навуковую школу сусветнага ўзроўню ў галінах спектраскапіі, фізічнай оптыкі і лазернай фізікі, - гаворыцца ў віншаванні. - Вы сёння паспяхова развіваеце фізічныя напрамкі школы Б.І.Сцяпанава, забяспечваючы высокі міжнародны ўзровень фізічных даследаванняў у Беларусі. Радуемся і ганарымся вашымі поспехамі і жадаем новых вялікіх здзяйсненняў".


25.04.2013

Завяршаюцца публічныя кансультацыі па праекце Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб Нацыянальным навукова-тэхналагічным парку "БелБіяград"

На сайце Міністрэства эканомікі для правядзення публічных кансультацый размечаны проект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб Нацыянальным навукова-тэхналагічным парку "БелБіяград". Праект нарматыўнага прававога акта распрацаваны ў мэтах стварэння і арганізацыі дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь шматфункцыянальнага навукова-тэхналагічнага парку ў галіне фармацэўтыкі, нана- і біятэхналогій і наступнага фарміравання на гэтай аснове нацыянальнага нанабіяфармацэўтычнага кластэра, які забяспечыць высокі ўзровень канкурэнтаздольнасці адпаведнай прадукцыі, што вырабляецца на тэрыторыі Беларусі, на знешнім і ўнутраным рынках. Публічныя кансультацыі працягнуцца да 26 красавіка 2013 г.


25.04.2013

Заўтра пройдзе міжнародная канферэнцыя, прысвечаная гісторыка-філасофскім даследаванням у рэгіёне Усходняй Еўропы

Институт философии НАН Беларуси 26 красавіка 2013 г. Інстытут філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць міжнародную навуковую канферэнцыю "Гісторыка-філасофскія даследаванні ў рэгіёне Усходняй Еўропы: вопыт, задачы, сацыякультурная значнасць". Мэта канферэнцыі - абмеркаваць актуальныя праблемы даследавання філасофскай культуры Усходняй Еўропы, яе духоўных вытокаў і таго ўздзеяння, якое аказала гэтая культура на інтэлектуальнае развіццё сучасных нацый Усходняй Еўропы. Канферэнцыя працягвае серыю мерапрыемстваў, што арганізуюцца ў парадку ўсебаковага навукова-метадалагічнага забеспячэння праекта па выданні шасцітомнай "Гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі". Падрабязнасці - у прэс-рэлізе.


25.04.2013

Новае слова ў аўтамабілебудаванні можа сказаць Беларусь, калі вучоныя пераканаюць інвестараў

Газета Рэспубліка З такім падзагалоўкам у сённяшнім нумары газеты Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліка" апублікаваны матэрыял, які распавядае аб прапанаванай вучонымі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве новай тэхналогіі атрымання графена і графенападобнага вугляроду - звыштрывалага матэрыялу, што складаецца з аднаго або некалькіх атамных слаёў. Ён дазволіць значна павялічыць каэфіцыент карыснага дзеяння гібрыднага рухавіка і назапашвальніка энергіі для яго - суперкандэнсатара. Прыстасаванне будзе здольна хутка і без страт акумуляваць энергію, якая незваротна губляецца на тармажэнні транспартнага сродку, і затым, калі спатрэбіцца, вяртаць яе колам або ў кантактную сетку. Сёння навуковая распрацоўка існуе ў выглядзе рабочых узораў. Усе кажа на карысць таго, што матэрыял, прызначаны для стварэння суперкандэнсатара, атрымаўся ўнікальным. Аднак перспектывы камерцыялізацыі пакуль не зусім ясныя. Падрабязнасці - тут.


24.04.2013

III Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў" пройдзе 25-26 красавіка

Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, 25-26 красавіка 2013 г/ у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пройдзе III Міжнародная навуковая канферэнцыя "Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў". На канферэнцыі плануецца абмеркаваць ролю навуковых даследаванняў у галіне архітэктуры, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэатразнаўства, музыкі, кіно і экранных відаў мастацтваў, у рашэнні актуальных задач сучаснай культуры. Адбудзецца абмеркаванне актуальных праблем вывучэння этнакультурных традыцый, фалькларыстыкі, антрапалогіі; пошуку сістэмных падыходаў да вырашэння актуальных задач захавання нацыянальных культур і гісторыка-культурнай спадчыны ва ўмовах глабалізацыі. Іншыя падрабязнасці - у прэс-рэлізе.


24.04.2013

Заўтра адкрываецца міжнародная канферэнцыя па праблемах і перспектывах функцыянавання эканомікі Беларусі ў АЭП

Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, 25-26 красавіка 2013 г. у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Праблемы і перспектывы функцыянавання эканомікі Рэспублікі Беларусь у Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана, Расіі". На канферэнцыі плануецца абмеркаваць ключавыя напрамкі павышэння экспартнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь ва ўмовах уступлення краін-членаў АЭП у Сусветную гандлёвую арганізацыю; разгледзець пытанні ўдасканалення сістэмы макраэканамічнага рэгулявання ў кантэксце павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі Рэспублікі Беларусь у рамках АЭП; выявіць праблемы і ацаніць перспектывы фарміравання адзінай інавацыйнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі. Падрабязнасці - у прэс-рэлізе.


23.04.2013

Заўтра ў Нацыянальнай акадэміі навук адкрываецца IV Кангрэс фізікаў Беларусі

Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, 24-26 красавіка 2013 г. у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі будзе працаваць IV Кангрэс фізікаў Беларусі, на якім плануецца абмеркаваць шырокае кола пытанняў: новыя фундаментальныя веды, матэрыялы, тэхналогіі і метады дыягностыкі, фізіка і праблемы энергазберажэння, экалогіі і медыцыны, роля фізікі ў жыцці грамадства і праблемы падрыхтоўкі кадраў па фізіцы. У рамках Кангрэсу будзе праведзены сімпозіум, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння акадэміка Б.І. Сцяпанава, а таксама беларуска-шведска-ўкраінскі семінар, у працы якога прыме ўдзел член Нобелеўскага камітэта па фізіцы прафесар Матс Ларсан. Падрабязнасці - у прэс-рэлізе.


22.04.2013

Гэты дзень у гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

У гэты дзень у розныя гады члены Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі былі ўдастоены Ленінскіх прэмій - адной з вышэйшых у СССР формаў заахвочвання за выдатныя дасягненні ў галіне навукі, тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Ленінская прэмія прысуджана: 22 красавіка 1957 г. - доктару фізіка-матэматычных навук А.К. Красіну (акадэмік з 1960 г.), 22 красавіка 1962 г. - акадэміку М.Я. Мацапуры, члену-карэспандэнту П.У. Броўке (акадэмік з 1966 г.), 22 красавіка 1965 г. - доктару фізіка-матэматычных навук Р.І. Салаухіну (акадэмік з 1977 г.), акадэміку В.С. Нямчынаву, 22 красавіка 1966 г. - акадэміку М.А. Ельяшэвічу, 22 красавіка 1978 г. - акадэміку У.П. Платонаву, акадэміку Я.І. Скурко (М. Танку), 22 красавіка 1980 г. - акадэміку М.А. Барысевічу, доктару фізіка-матэматычных навук В.А. Талкачову (акадэмік з 2000 г.).


21.04.2013

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу

19 красавіка 2013 г. на сумесным пасяджэнні Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу, асноўная тэма якога: "Абнаўленне краіны - шлях да поспеху і росквіту". З тэкстам паслання можна азнаёміцца на афіцыйным інтэрнэт-партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.


19.04.2013

Адбылася сесія Агульнага сходу Аддзялення хіміі і навук аб Зямлі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

18 красавіка 2013 г., напярэдадні Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адбылася штогадовая сесія Агульнага сходу Аддзялення хіміі і навук аб Зямлі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сесія разгледзела два асноўных пытанні. З аналітычным дакладам "Навукаёмістыя інавацыйныя прадукты на аснове спецыяльных палімераў" выступіў дырэктар Інстытута фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, член-карэспандэнт А.В. Більдзюкевіч. Па пытанні "Аб выніках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці Аддзялення хіміі і навук аб Зямлі НАН Беларусі ў 2012 годзе" выступіў акадэмік-сакратар Аддзялення хіміі і навук аб Зямлі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, член-карэспандэнт С.А. Усанаў.


Быў таксама абмеркаваны ход выканання планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і мадэрнізацыі арганізацый аддзялення ў 2012 годзе і за І квартал 2013 года.

19.04.2013

Сёння спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта М.М. Пікуліка (1948-2006)

19 красавіка 2013 г. спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне герпеталогіі, экалогіі жывёл, аховы і выкарыстання жывёльнага свету, з 1985 г. намесніка дырэктара па навуковай рабоце, адначасова з 1988 г. загадчыка лабараторыі, у 1995-2001 гг. дырэктара Інстытута заалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара біялагічных навук, прафесара Міхаіла Міхайлавіча Пікуліка.


17.04.2013

Вучоныя і спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 красавіка 2013 г. №189, за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў і высокае прафесійнае майстэрства, дасягненні і значны асабісты ўклад у развіццё галін нацыянальнай эканомікі і сацыяльнай сферы шэраг грамадзян нашай краіны ўзнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь. Сярод узнагароджаных - вучоныя і спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Медалём "За працоўныя заслугі" узнагароджаны Блiзнюк Аляксандр Сяргеевіч - дырэктар рэспублiканскага вытворчага даччынага ўнiтарнага прадпрыемства "Эксперыментальны завод" рэспублiканскага ўнiтарнага прадпрыемства "Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі". Ганаровае званне "Заслужаны дзеяч навукi Рэспублікі Беларусь" прысвоена члену-карэспандэнту Iльюшчанку Аляксандру Федаравiчу - генеральнаму дырэктару дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання парашковай металургii - дырэктару дзяржаўнай навуковай установы "Iнстытут парашковай металургii". Ганаровае званне "Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь" прысвоена Барадаўку Уладзiмiру Iванавiчу - генеральнаму дырэктару дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання "Цэнтр". Шчыра віншуем нашых калег з высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі і жадаем новых творчых поспехаў!


16.04.2013

Адкрыты афіцыйны інтэрнэт-сайт Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры

Вэб-сайт Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры У сетцы Інтэрнэт па адрасе http://cbcll.basnet.by адкрыты афіцыйны сайт дзяржаўнай навуковай установы "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі". Створаная ў 2012 годзе арганізацыя выконвае навуковыя даследаванні ў галіне мастацтвазнаўства, этнаграфіі, этналогіі, фалькларыстыкі, мовы і літаратуры і мае ў якасці сваіх філіялаў Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы і Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы. На інтэрнэт-сайце, частка раздзелаў якога яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, прадстаўлены звесткі аб гісторыі і структуры цэнтра, яго адміністрацыі, інфармацыйных рэсурсах, прадукцыі і паслугах, а таксама іншая інфармацыя.


15.04.2013

Заўтра адбудзецца сумеснае пасяджэнне Навуковага і Апякунскага саветаў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў

Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, 16 красавіка 2013 г. у будынку Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (п. 216) адбудзецца сумеснае пасяджэнне Навуковага і Апякунскага саветаў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, на якім будуць разгледжаны вынікі дзейнасці фонду за 2012 год і планы на бліжэйшую перспектыву. Усяго ў справаздачным годзе фондам фінансавалася 1275 праектаў з 118 арганізацый, у выкананні якіх удзельнічалі 5314 чалавек, у тым ліку 923 доктара навук, 1894 кандыдата навук і 2497 спецыялістаў без навуковай ступені. У выкананні маладзёжных праектаў удзельнічала 886 чалавек, з іх 192 мелі ступень кандыдата навук. На праекты з арганізацый НАН Беларусі прыходзілася 54,5% ад агульнай колькасці фінансуюемых праектаў, Мінадукацыі - 36,8%, Міністэрства аховы здароўя - 4,6%, іншых арганізацый - 4,1%. Іншыя падрабязнасці - у прэс-рэлізе.


15.04.2013

Сёння спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння замежнага члена НАН Беларусі М.І. Талстога (1923-1996)

15 красавіка 2013 г. спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння філолага, спецыяліста ў галіне славянскай філалогіі, у 1968-1996 гг. дацэнта, прафесара Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1992-1996 гг. члена Прэзідыума Расійскай акадэміі навук, акадэміка Расійскай акадэміі навук, замежнага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара Мікіты Ільіча Талстога.


14.04.2013

16 красавіка ў Мінск вернуцца ўдзельнікі пятай беларускай антарктычнай экспедыцыі

Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, 16 красавіка 2013 г. у Мінск вернуцца ўдзельнікі пятай беларускай антарктычнай экспедыцыі: кіраўнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў, навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіл Кароль і дацэнт кафедры мікрабіялогіі біялагічнага факультэта БДУ Уладзіслаў Мямін. Паводле інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, падчас цяперашняй экспедыцыі, якая працягвалася амаль паўгода, палярнікі выконвалі штодзённыя комплексныя лідарныя і радыеметрычныя даследаванні аэразоля ў атмасферы з выкарыстаннем беларускай сонечнай сканіруючай радыеметрычнай станцыі і мабільнага лідара, а таксама праводзілі вымярэнні спектраў адбіцця выхаду скальных парод. Іншыя падрабязнасці - у прэс-рэлізе.


12.04.2013

Вучоныя Расіі і Беларусі абмеркавалі перспектывы інавацыйнага развіцця навукі Саюзнай дзяржавы

Расійская акадэмія навук Як паведамляе афіцыйны сайт Расійскай акадэміі навук, у навасібірскім Акадэмгарадку вучоныя Расіі і Беларусі абмеркавалі перспектывы інавацыйнага развіцця навукі Саюзнай дзяржавы. Сустрэча адбылася ў рамках 31-га пасяджэння пастаянна дзеючага семінара пры Парламенцкім сходзе па пытаннях будаўніцтва Саюзнай дзяржавы на тэму "Навуковы патэнцыял Беларусі і Расіі ў галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў як важны складнік інавацыйнага развіцця Саюзнай дзяржавы". Навасібірскі бок у цэлым высока ацаніў супрацоўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук. Пра гэта гаварылі з трыбуны віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі навук, старшыня Сібірскага аддзялення, акадэмік Аляксандр Асеяў і яго намеснік, дырэктар Інстытута тэарэтычнай і прыкладной механікі, акадэмік Васіль Фамін. Яны адзначылі, што супрацоўніцтва ідзе па самых актуальных напрамках у сучаснай навуцы. Падрабязнасці - тут.


12.04.2013

Сяргей Залаты: "Сумесная арбітальная групоўка дасць інфармацыю нават пра ўсходжасць пасеваў"

Пад такім загалоўкам у сённяшнім нумары грамадска-палітычнай урадавай газеты "Беларуская ніва" апублікавана эксклюзіўнае інтэрв'ю галоўнага канструктара Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, дырэктара навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Геаінфармацыйныя сістэмы" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі С.А. Залатога аб першым беларускім спадарожніку і перспектывах Беларусі ў галіне асваення космасу. Што карыснага даў беларускі спадарожнік за амаль год яго працы? Якая карысць ад касмічных здымкаў у зямным жыцці? Ці абгрунтавана ўкладанне дзяржаўных сродкаў у касмічную сферу? Якім будзе другі беларускі спадарожнік? З грунтоўнымі адказамі акадэмічнага спецыяліста на гэтыя і іншыя пытанні можна азнаёміцца тут.


11.04.2013

Заўтра адкрываецца выстава "Кніжная спадчына Радзівілаў"

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа 12 красавіка 2013 г. у 15.00 у Нясвіжскім палацавым ансамблі адбудзецца адкрыццё выставы "Кніжная спадчына Радзівілаў", на якой будуць прадстаўлены 90 рэдкіх кніг з былой княжацкай бібліятэкі. Праект арганізаваны сумесна з Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. У рамках выставы адбудзецца прэзентацыя каталога "Бібліятэка Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі XVII ст.", які працягвае серыю выданняў, што адлюстроўваюць склад кніжнай калекцыі князёў Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа. Іншыя падрабязнасці - тут.


11.04.2013

Прысуджаны прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі імя акадэміка Б.І.Сцяпанава 2013 года

Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на падставе вынікаў конкурсу, праведзенага Аддзяленнем фізікі, матэматыкі і інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прыняў пастанову ад 28 сакавіка 2013 г. №11 аб прысуджэнні прэмій імя акадэміка Б.І.Сцяпанава.

Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі імя акадэміка Б.І.Сцяпанава 2013 года за цыкл прац "Вымушанае камбінацыйнае рассеянне: фізічныя асновы і прылажэнні" прысуджана калектыву аўтараў у складзе: Апанасевіч Павел Андрэевіч - галоўны навуковы супрацоўнік дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут фізікі імя Б.І.Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", акадэмік, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар; Арловіч Валянцін Антонавіч - старшыня навуковага савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў - дырэктар выканаўчай дырэкцыі, акадэмік, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар.

Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі імя акадэміка Б.І.Сцяпанава 2013 года для маладых навукоўцаў за цыкл работ "Квантава і прасторава структураваныя фатонныя пучкі і асяроддзі: новыя эфекты і магчымасці" прысуджана калектыву аўтараў у складзе: Навіцкі Андрэй Віктаравіч - дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук; Навіцкі Дзяніс Віктаравіч - навуковы супрацоўнік дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут фізікі імя Б.І.Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", кандыдат фізіка-матэматычных навук; Міхалычаў Аляксандр Барысавіч - аспірант дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут фізікі імя Б.І.Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі".

Віншуем лаўрэатаў і жадаем ім творчых поспехаў і новых навуковых дасягненняў!


10.04.2013

Сёння спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння замежнага члена НАН Беларусі У.М. Кудраўцава (1923-2007)

У.М.Кудраўцаў 10 красавіка 2013 г. спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння юрыста, буйнейшага спецыяліста ў галіне крымінальнага права, крыміналогіі, сацыялогіі права, заслужанага дзеяча навукі РСФСР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзямідаўскай прэміі, у 1973-1989 гг. дырэктара Інстытута дзяржавы і права АН СССР, у 1988-2001 гг. віцэ-прэзідэнта АН СССР і Расійскай акадэміі навук, акадэміка Расійскай акадэміі навук, замежнага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара юрыдычных навук, прафесара Уладзіміра Мікалаевіча Кудраўцава.


09.04.2013

Камітэт Дзяржаўнай Думы па абароне падтрымаў ініцыятывы Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук

Сібірскае аддзяленне Расійскай акадэміі навук Як паведамляе сайт COPAH.info, у навасібірскім Акадэмгарадку прайшло выязное паседжанне "круглага стала" Камітэта Дзяржаўнай Думы па абароне, на якім дэпутаты абмеркавалі з вядучымі вучонымі стан работ і перадавыя распрацоўкі інстытутаў Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук у інтарэсах абаронна-прамысловага комплексу, а таксама перспектывы і праблемы ўкаранення найноўшых навуковых дасягненняў у вытворчасць і пытанні іх заканадаўчага забеспячэння. У прынятых па выніках сустрэчы рэкамендацыях адзначаны высокі ўзровень вынікаў, атрыманых акадэмічнымі інстытутамі па напрамках, звязаных з абаронай, члены Камітэта па абароне выказаліся за аказанне дзяржаўнай падтрымкі 12-ці ключавым напрамкам даследаванняў у гэтай сферы. Камітэт Дзяржаўнай Думы падтрымаў дзве ініцыятывы Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук - па стварэнні ў Сібіры федэральнага "Цэнтра фундаментальных даследаванняў і распрацовак у інтарэсах абароны і бяспекі" і па падрыхтоўцы законапраекта аб статусе акадэмгарадкоў. Члены думскага Камітэта рэкамендавалі Ураду Расійскай Федэрацыі ўключыць у Федэральную мэтавую праграму "Развіццё абаронна-прамысловага комплексу Расіі на перыяд да 2020 года" спецыяльны раздзел па мадэрнізацыі прыборнай, эксперыментальнай і тэхналагічнай базы СА РАН. Ураду таксама рэкамендавана надзяліць Расійскую акадэмію навук і яе рэгіянальныя аддзялення паўнамоцтвамі дзяржаўнага заказчыка ў дачыненні да работ па профілі АПК і дзяржаўнай бяспекі.


08.04.2013

Сёння спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння акадэміка М.А. Сазонава (1903-1963)

8 красавіка 2013 г. спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, з 1933 г. дырэктара Усесаюзнага НДІ электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, у 1938-1947 гг. кіраўніка аддзела Маскоўскага НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, у 1954-1958 гг. прафесара Маскоўскага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, у 1959-1962 гг. акадэміка-сакратара Аддзялення механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР, з 1962 г. кіраўніка аддзела Цэнтральнага НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара тэхнічных навук, прафесара Мікалая Аляксеевіча Сазонава.


07.04.2013

У гэты дзень 75 гадоў таму ў Акадэміі навук было створана Упраўленне па падрыхтоўцы навуковых кадраў і Вучоныя саветы пры інстытутах

7 красавіка 1938 г. Прэзідыум Акадэміі навук БССР прыняў рашэнне арганізаваць пры Акадэміі навук Упраўленне па падрыхтоўцы навуковых кадраў, на якое ўскласці кіраўніцтва і кантроль за падрыхтоўкай аспірантаў і павышэннем кваліфікацыі навуковых работнікаў, што працуюць у сістэме Акадэміі навук БССР, а таксама рашэнне аб стварэнні пры інстытутах Акадэміі навук БССР Вучоных саветаў, усклаўшы на іх распрацоўку навуковых тым, планаў і кантроль за іх якасным выкананнем.


05.04.2013

Увасабленне транскантынентальнай мары

Белорусская нива Пад такім загалоўкам у сённяшнім нумары грамадска-палітычнай урадавай газеты "Беларуская ніва" апублікаваны працяг матэрыялу, што распавядае пра жыццёвы шлях і творчыя дасягненні Героя Беларусі акадэміка Міхаіла Сцяпанавіча Высоцкага (1928-2013). У 1961 годзе ва ўзросце 33 гадоў ён стаў галоўным канструктарам Мінскага аўтазавода, пазней зрабіў прынцыповы крок у аўтамабілебудаванні СССР, змяніўшы аблічча машын сваімі перакульваемымі кабінамі. У 1970-80-я гады М.С. Высоцкі стварыў два сямействы магістральных аўтацягнікоў. Яркі прадстаўнік гэтай ідэі - знакамітая "Перабудова", якая стала "зоркай" Парыжскага аўтасалона ў 1988 годзе. Што ж з'явілася для галоўнага канструктара ўвасабленнем мары? З якой унікальнай машынай беларускі аўтапрам збіраецца заваяваць свет? І чаму патрабавальнага галоўнага канструктара Міхаіла Высоцкага называлі горцам? Пачатак аповяду пра рэвалюцыянера ў айчынным аўтамабілебудаванні - тут.


05.04.2013

Сёння спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння акадэміка Ц.М. Годнева (1893-1982)

5 красавіка 2013 г. спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння фізіёлага раслін і біяхіміка, заслужанага дзеяча навукі БССР, у 1945-1966 гг. загадчыка лабараторыі Інстытута эксперыментальнай батанікі, у 1967-1969 гг. загадчыка аддзела Лабараторыі біяфізікі і ізатопаў АН БССР, у 1946-1956 гг. члена Прэзідыума АН БССР, у 1946-1948 гг. акадэміка-сакратара Аддзялення біялагічных, сельскагаспадарчых і медыцынскіх навук АН БССР, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара біялагічных навук, прафесара Ціхана МІкалаевіча Годнева.


04.04.2013

У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася прэзентацыя Цэнтра інавацыйных тэхналогій ЕўрАзЭС

Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася прэзентацыя ААТ "Венчурная кампанія "Цэнтр інавацыйных тэхналогій ЕўрАзЭС". У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Беларускага інавацыйнага фонду, Расійскай венчурнай кампаніі, Нацыянальнага агенцтва тэхналагічнага развіцця Казахстана, Цэнтра высокіх тэхналогій ЕўрАзЭС, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі, Расіі і Казахстана На прэзентацыі свае інавацыйныя праекты прадставілі Аб'яднаны інстытут машынабудавання, Інстытут парашковай металургіі і Інстытут хіміі новых матэрыялаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Падрабязнасці - у прэс-рэлізе.


04.04.2013

Заўтра ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пройдуць XX Годнеўскія чытанні

5 красавіка 2013 г. у Інстытуце біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (г. Мінск, вул. Акадэмічная, 27, п.141) пройдуць юбілейныя XX Годнеўскія чытанні. На чытаннях з лекцыяй "Ад нейратаксінаў да структуры нікацінавых рэцэптараў і новых лекаў" выступіць загадчык аддзела малекулярных асноў нейрасігналізацыі Інстытута біяарганічнай хіміі імя акадэмікаў М.М.Шамякіна і Ю.А.Аўчыннікава Расійскай акадэміі навук, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук, доктар хімічных навук, прафесар Цэтлін У.І. Пачатак лекцыі ў 14.00.


03.04.2013

Аб'яўлены конкурс на суісканне прэмій акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы 2013 года

Аб'яўлены конкурс на суісканне прэмій акадэміі навук Украіны, Беларусі і Малдовы 2013 года за выдатныя навуковыя дасягненні, атрыманыя ў ходзе выканання сумесных навуковых даследаванняў у галіне: прыродазнаўчых навук (адна прэмія), тэхнічных навук (адна прэмія), гуманітарных і грамадскіх навук (адна прэмія). Конкурс будзе праводзіцца ў адпаведнасці з Палажэннем аб прэміях акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы, арганізатарам конкурсу 2013 года з'яўляецца Нацыянальная акадэмія навук Украіны. Інфармацыя аб парадку вылучэння і прадстаўлення работ на конкурс размешчана тут. Матэрыялы на конкурс прымаюцца да 1 кастрычніка 2013 г. Тэлефоны для даведак у г. Мінску: (017) 284-24-56, (017) 284-11-63.


02.04.2013

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Развіццё сетак трансферу тэхналогій для інавацый" пройдзе ў канцы траўня

30-31 траўня 2013 г. у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пройдзе Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Развіццё сетак трансферу тэхналогій для інавацый", арганізатарам якой выступае Інавацыйная асацыяцыя "Рэспубліканскі цэнтр трансферу тэхналогій". Канферэнцыя праводзіцца пры падтрымцы Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, міжнародных праектаў "LT.InnoConnect.BY - Сетка інавацыйнага супрацоўніцтва для эканамічнага развіцця" і "COOL Bricks - Змена клімату, культурная спадчына і энергаэфектыўныя помнікі", Праграмы супрацоўніцтва "Цэнтральна-Еўрапейская Ініцыятыва" (ЦЕІ), бізнес-асацыяцый Рэспублікі Беларусь. Мэты мерапрыемства: абмен вопытам у галіне трансферу тэхналогій і выпрацоўка рэкамендацый, накіраваных на ўдасканаленне сетак трансферу тэхналогій Рэспублікі Беларусь; інфармаванне рэспубліканскай і міжнароднай грамадскасці аб развіцці інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, краінах СНД і ЦЕІ. Прыём заявак на ўдзел у канферэнцыі жыццяўляецца да 14 траўня 2013 г. у рэжыме анлайн. Умовы ўдзелу ў канферэнцыі і іншыя падрабязнасці - тут.


02.04.2013

Прыняты меры па павышэнню эфектыўнасці ўзаемадзеяння заказчыкаў кадраў і Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта

Дом Урада У мэтах стварэння галіновай, практыкаарыентаванай, інтэграванай сістэмы падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў, паляпшэння ўмоў для навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 сакавіка 2013 г. №240, накіраваная на павышэнне эфектыўнасці ўзаемадзеяння арганізацый - заказчыкаў кадраў і ўстановы адукацыі "Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт" (БДТУ), якой таксама прадугледжана рэарганізацыя асобных устаноў адукацыі. У прыватнасці, міністэрствам прамысловасці, лясной гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва, інфармацыі, аховы здароўя, канцэрнам "Беллеспаперапрам" і "Белнафтахім" даручана сумесна з універсітэтам распрацаваць і зацвердзіць план мерапрыемстваў па стварэнню ў базавых арганізацыях - заказчыках кадраў вучэбна-навукова-вытворчых цэнтраў, што ўключаюць філіялы кафедраў БДТУ, навучальныя і навуковыя галіновыя лабараторыі. Міністэрству адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва даручана забяспечыць на дагаворнай аснове сумесную навуковую і адукацыйную дзейнасць БДТУ і дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", а таксама БДТУ і навукова-даследчага і праектна-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Інстытут НДІСМ".


01.04.2013

Пайшоў з жыцця вядомы вучоны ў галіне малекулярнай генетыкі акадэмік М.А. Картэль

1 красавіка 2013 г. на 76-м годзе пайшоў з жыцця вядомы вучоны ў галіне малекулярнай генетыкі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар Мікалай Аляксандравіч Картэль. Грамадзянская паніхіда адбудзецца 2 красавіка 2013 г. у 12.30 па адрасе: г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 66 (правы хол 2 паверха).


01.04.2013

Аб'яўлены конкурс на суісканне прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2013 года

На падставе рашэння Бюро Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ад 21 сакавіка 2013 г. №104 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аб'явіла аб правядзенні юбілейнага конкурсу на суісканне прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прысвечанага 85-годдзю акадэміі. Конкурс будзе праводзіцца ў адпаведнасці з Палажэннем аб прэміях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, зацверджаным пастановай Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ад 17 сакавіка 1995 г. №26. Рашэнне аб прысуджэнні прэмій прымае Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Вынікі конкурсу будуць падведзены ў снежні 2013 года. Матэрыялы з надпісам "На суісканне прэміі НАН Беларусі 2013" павінны быць прадстаўлены ў адным экзэмпляры да 1 кастрычніка 2013 г. у аддзел прэмій, стыпендый і ўзнагарод упраўлення кадраў і кадравай палітыкі апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па адрасе: 220072, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 66, каб. 317, 413. Інфармацыя аб парадку вылучэння і прадстаўлення работ на конкурс размешчана тут. Тэлефоны для даведак у г. Мінску: (017) 284-24-56, (017) 284-11-63.

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Красавік 2013 года / Да пачатку старонкі
Пры поўным ці частковым выкарыстанні інфармацыі спасылка на крыніцу з'яўляецца абавязковай