Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Вучоныя Беларусі: Заснавальніку Інстытута тэхнічнай кібернетыкі Г.К.Гаранскаму -- 85 год

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы

Вучоныя Беларусі: Заснавальніку Інстытута тэхнічнай кібернетыкі Г.К.Гаранскаму -- 85 год

Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
СЕРЫЯ ФІЗІКА-ТЭХНІЧНЫХ НАВУК

Выдавецтва Беларуская навука, Мінск, Рэспубліка Беларусь

Асобны артыкул з нумара 2, 1998 (С. 135--137)

Часопіс

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI

Анісовіч Г.А., Танаеў В.С., Дабралюбаў А.І. і інш.
Заснавальніку Інстытута тэхнічнай кібернетыкі Г.К.Гаранскаму -- 85 год.

Члену-карэспандэнту Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, арганізатару i першаму дырэктару яе двух буйных інстытутаў, галоўнаму навуковаму супрацоўніку Інстытута тэхнічнай кібернетыкі, доктару тэхнічных навук, прафесару Георгію Канстанцінавічу Гаранскаму споўнілася 85 гадоў. Вялікі ўклад яго ў дасягненне Перамогі 1945 г. як франтавіка ад першых да апошніх дзён Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ў стваральную працу беларускага народа ў перадваенны i пасляваенны час.

Георгій Канстанцінавіч -- неардынарная асоба. Рабочы. Інжынер. Педагог. Вучоны. Арганізатар навуковых i канструктарска-тэхналагічных калектываў. Аўтар 9 навуковых манаграфій, некалькіх вучэбных дапаможнікаў i даведнікаў па станках, аўтаматычных лініях i тэхналогіі апрацоўкі, больш 20 брашур, звыш 200 артыкулаў у навуковых, энцыклапедычных і грамадска-палітычных выданнях, у тым ліку некалькіх вынаходстваў і дзяржстандартаў. Стваральнік новага навуковага напрамку. Заснавальнік і першы галоўны рэдактар усесаюзнага навукова-тэхнічнага зборніка "Вылічальная тэхніка ў машынабудаванні". Член рэдакцыйнай калегіі першай Беларускай энцыклапедыі ў 12 тамах, яе актыўны аўтар і дарадчык. Член рэдкалегіі і аўтар грунтоўнага 3-томнага выдання "Прагрэс кібернетыкі", якое выпушчана міжнародным кніжным выдавецтвам у Лондане. Настаўнік многіх соцень выпускнікоў Беларускага політэхнічнага інстытута 1939--1956 гг. у якасці яго асістэнта, дацэнта, загадчыка кафедры, дэкана і прарэктара. Кіраўнік некалыах дзесяткаў аспірантаў. Сярод яго вучняў 5 дактароў і 37 кандыдатаў навук з Беларусі, Расіі, Узбекістана, Венгрыі, Літвы, Эстоніі.

Укараняльнік шэрагу прагрэсіўных распрацовак у машынабудаўнічую і прыборабудаўнічую вытворчасць. Галоўны канструктар САПР Міністэрства абароннай прамысловасці СССР. Прапагандыст новых перадавых тэхналогій, метадаў і сродкаў. Удзельнік многіх усесаюзных і міжнародных навукова-тэхнічных форумаў і праектаў.

Жыццё Георгія Канстанцінавіча багатае на падзеі і выпрабаванні, складанае і цікавае. Г.К. Гаранскі нарадзіўся 26 снежня 1912 г. у Казані ў сям'і афіцэра рускай арміі паходжаннем з Полацка, з 1918 г. камандзіра Чырвонай Арміі. У 1925 г. сям'я пераехала ў Беларусь (Віцебск, Мінск), дзе бацька працаваў выкладчыкам Беларускай аб'яднанай вайсковай школы.

3 1928 г. Г.К. Гаранскі працуе мулярам, ліцейшчыкам-фармоўшчыкам на будоўлях Мінска (Дом Урада, завод Кастрычніцкай рэвалюцыі і інш.), адначасова вучыцца на рабфаку, з 1933 г. -- у БПІ, які скончыў у 1938 г. з адзнакай па спецыяльнасці "Станкі, інструменты, механічная апрацоўка метала". У тым жа годзе бацьку яго неабгрунтавана арыштавалі і расстралялі, поўнасцю рэабілітавалі ў 1956 г.

У 1938--1939 гг. -- галоўны механік шчотачнай фабрыкі, затым канструктар станкабудаўнічага завода імя Кірава і адначасова асістэнт БПІ.

У якасці камандзіра агнявога ўзвода артылерыйскай батарэі ён удзельнічаў у вызваленчым паходзе ў Заходнюю Беларусь, а потым у савецка-фінскай вайне 1939--1940 гг. Вярнуўся да працы канструктара на станкабудаўнічым заводзе і выкладчыка БПІ у кастрычніку 1940 г. Аднак ненадоўга... 3 чэрвеня 1941 г. -- на франтах Вялікай Айчыннай вайны: Заходнім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім, 2-м Прыбалтыйскім -- камандзір узвода, батарэі, начальнік штаба артдывізіёна. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Беларусі, цяжка паранены, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі. З верасня 1945 г. -- галоўны тэхнолаг завода Кірава і дацэнт БПІ. 3 1946 г. -- дэкан, загадчык кафедры, пазней -- прарэктар. За аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі, вышэйшай школы, навукі і культуры рэспублікі ўзнагароджаны Граматай і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савста Беларусі.

У 1956--1957 гг. -- галоўны інжынер СКВ-8 і начальник аддзела завода аўтаматычных ліній. 3 1957 г. -- арганізатар і першы дырэктар Інстытута машыназнаўства і аўтаматызацыі (зараз ІНДМАШ). Манаграфіямі "Да тэорыі аўтаматызацыі інжынернай працы" (1962) і "Разлік рэжымаў рэзання з дапамогай ЭВМ" (1963) заклаў фундамент навуковага напрамку --аўтаматызацыі праектавання ў машынабудаванні.

3 1963 па 1965 гг. -- намеснік дырэктара Інстытута матэматыкі і вылічальнай тэхнікі. У лютым 1965 г. заснаваў Інстытут тэхнічнай кібернетыкі -- галаўную арганізацыю па аўтаматызацыі тэхнічнай падрыхтоўкі вытворчасці ў СССР. У 1968 г. абараніў доктарскую дысертацыю "Элементы тэорыі аўтаматызацыі сінтэзу машынабудаўнічых канструкцый", дзе распрацаваў тэорыю алгарытмізацыі, матэматычнага мадэлявання і аптымізацыі складаных працэсаў тэхналагічнага праектавання і канструявання. 3 1969 г. -- прафесар і член-карэспандэнт АН БССР.

Даследаванні інстытута ахоплівалі ўвесь комплекс праблем: аўтаматызацыю тэхнічнай падрыхтоўкі вытворчасці, уключаючы праектаванне прыстасаванняў, інструмента, штампаў і іншай аснасткі; аўтаматызацыю праектавання схем кіравання тэхналагічным абсталяваннем. Ствараліся тэхнічныя сродкі ўводу, вываду, захоўвання і апрацоўкі графічнай інфармацыі.

Кіраваў у якасці старшыні секцыяй аўтаматызацыі інжынернай працы Навуковага савета па вылічальнай тэхніцы і сістэмах кіравання Дзяржкамітэта па навуцы і тэхніцы СМ СССР і Прэзідыума АН СССР, быў членам Навуковага савета па комплекснай праблеме "Кібернетыка" АН СССР, старшынёй Беларускай тэрытарыяльнай групы нацыянальнага камітэта СССР па аўтаматычнаму кіраванню.

Пабываў у многіх краінах: Англіі, Бельгіі, Канадзе, Венгрыі, ГДР і інш., чытаў лекцыі ў Таронта на англійскай мове. Выступаў на многіх прадстаўнічых навуковых форумах, у тым ліку на Першым міжнародным кангрэсе кібернетыкі ў Лондане (1969).

Быў дадзены пачатак шырокаму супрацоўніцтву ІТК з замежнымі краінамі. Праводзіліся ўсесаюзныя каардынацыйныя нарады па пытаннях аўтаматызацыі тэхналагічнага праектавання ў машынабудаванні, якімі заўсёды цікавіліся акадэмікі АН СССР І.І. Артабалеўскі, А.І. Берг, М.Р. Бруевіч.

У той час у Г.К. Гаранскага праявілася рэдкае спалучэнне глыбокага розуму даследчыка, таленту і настойлівасці арганізатара, волі і цвёрдасці кіраўніка, гібкасці дыпламата, кемлівасці і знаходлівасці інжынера-вынаходніка, смеласці і прадбачлівасці архітэктара складаных аўтаматызаваных комплексаў, кругагляду сістэмнага аналітыка, вопыту будаўніка, напорыстасці франтавіка, натхнення, духоўнага ўздыму і працоўнай апантанасці творчай інтэлігенцыі 60-х гадоў.

У 1970 г. выйшлі з друку дзве чарговыя манаграфіі па тэорыі аўтаматызацыі машынабудаўнічага праектавання і машыннаму канструяванню спецыяльных прыстасаванняў. 3 1971 г. ён арганізаваў і на працягу 12 гадоў узначальваў Мінскі філіял Цэнтральнага навукова-даследчага тэхналагічнага інстытута абароннай прамысловасці СССР, з'яўляючыся галоўным канструктарам міністэрства па САПР і аўтаматызаваных сістэмах тэхналагічнай падрыхтоўкі вытворчасці (АС ТПВ).

У гэты час з'явіліся дзве грунтоўныя манаграфіі "Аўтаматызаваныя сістэмы тэхналагічнай падрыхтоўкі вытворчасці ў машынабудаванні" (1976) і "Тэхналагічнае праектаванне ў комплексных аўтаматызаваных сістэмах падрыхтоўкі вытворчасці" (1981), у якіх разглядаецца шырокі спектр задач аўтаматызацыі тэхналогіі і канструявання аснашчэння, вызначаецца комплексны падыход да стварэння САПР, АС ТПВ і гнуткіх аўтаматызаваных вытворчасцей.

У Беларускім навукова-даследчым інстытуце навукова-тэхнічнай інфармацыі ён выканаў шэраг распрацовак па аўтаматызацыі праектавання і апублікаваў серыю з 11 брашур аб стварэнні і выкарыстанні АС ТПВ у машына- і прыборабудаванні.

У сучасны момант ён кіруе выкананнем важнага раздзела вялікай тэмы ў галіне фундаментальных навук і асабіста даследуе заканамернасці пабудовы комплекснай вытворчай сістэмы. Гэта тое, што адпавядаепатрабаванням часу, -- прагрэсіўныя і перспектыўныя распрацоўкі ў галіне найноўшых інфармацыйных тэхналогій.

Г.К. Гаранскі працаваў усё жыццё. Працягвае працаваць і цяпер, будучы інвалідам першай групы. Нядаўна выйшла манаграфія групы вучоных ІТК "Аўтаматызацыя праектавання тэхналагічных працэсаў і сродкаў аснашчэння" (1997), для якой ён напісаў першыя дзве главы з шасці. Поўнасцю падрыхтавана да друку 10-я манаграфія "Інтэлектуальная інтэграваная экспертная сістэма аўтаматызаванага праектавання ў машынабудаванні".

Нязломны дух у Георгія Канстанцінавіча Гаранскага. Працаўніка. Творцы. Сведкі стагагоддзя.

Створаная Г.К. Гаранскім тэарэтычная база, практычныя метады і асноўныя накірункі навукі аб аўтаматызацыі машынабудаўнічага канструявання і тэхналагічнага праектавання знайшлі шырокае распаўсюджванне, прызнанне і далейшае развіццё.

Шчыра і сардэчна зычым Георгію Канстанцінавічу здароўя, бадзёрасці, новых навуковых здзяйсненняў.

Г.А. Анісовіч, В.С. Танаеў, А.І. Дабралюбаў, У.І. Махнач, А.Г. Раковіч, М.П. Савік

Часопіс

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі


Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 6 снежня 2006 г.
Створана пры ўдзеле Ігнація І. Корсака
Капірайт © 1998-2006 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 1998 Выдавецтва "Беларуская навука"