Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Вучоныя Беларусі: Пётр Цiханавiч Петрыкаў (Да 75-годдзя з дня нараджэння)

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы

Вучоныя Беларусі: Пётр Цiханавiч Петрыкаў (Да 75-годдзя з дня нараджэння)

Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
СЕРЫЯ ГУМАНІТАРНЫХ НАВУК

Выдавецтва Беларуская навука, Мінск, Рэспубліка Беларусь

Асобны артыкул з нумара 2, 2002 (С. 121--122)

Часопіс

ВУЧОНЫЯ БЕЛАРУСI

Карзенка Г.У.
Пётр Цiханавiч Петрыкаў (Да 75-годдзя з дня нараджэння).

У лiпенi 2002 г. спаўняецца 75 год вядомаму беларускаму гісторыку, арганiзатару гicтарычнай навукi рэспублiкi, члену-карэспандэнту НАН Беларусi, доктару гiстарычных навук, прафесару, лаўрэату Дзяржаўнай прэмii Украiны Пятру Цiханавiчу Петрыкаву.

П.Ц. Петрыкаў нарадзiўся 12 лiпеня 1927 г. у вёсцы Мiкалаеўка Добрушскага раёна Гомельскай вобласцi. Сын селянiна, ён з дзiцячых гадоў прайшоў вялiкую школу працы i ўзмужнення. 3атым былi вучоба ў школе, доўгая сямiгадовая служба салдатам у Савецкай армii. Здавалася б, звычайны лёс юнака тых гадоў, але незвычайнай у хлопца была прага да ведаў. Пасля дэмабiлiзацыi з войску ў 1951 г. дваццацiчатырохгадовы Пётр Цiханавiч паступае на гiстарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта. Ужо ў студэнцкiм асяродку, па сведчанню аднакурснiкаў, ён вылучаўся сваiмi навуковымi назiраннямi, сiстэматызацыяй навуковых фактаў, што звычайна павышае глыбiню i якасць авалодвання вучэбнай праграмай -- фундаментам усёй будучай адукаванасцi чалавека. Па размеркаванню ён едзе ў вёску Шацiлкi Гомельскай вобласцi, дзе працуе настаўнiкам, потым завучам сярэдняй школы.

У 1958 г. Пётр Цiханавiч паступае ў аспiрантуру Інстытута гісторыi АН БССР, а ў 1962 г. абараняе кандыдацкую дысертацыю. Праз адзiнаццаць гадоў даследчыкам пераадолены новы навуковы рубеж -- абаронена доктарская дысертацыя.

Паспяхова складваецца навуковая кар'ера: малодшы навуковы супрацоўнiк, вучоны сакратар, намеснiк дырэктара па навуковай рабоце Інстытуга гісторыi. Пасля двухгадовай працы сакратаром парткома Акадэмii навук П.Ц. Петрыкаў прызначаецца ў 1975 г. дырэктарам Інстытута гісторыi АН БССР. Вучоны шырокага профiлю ён унёс вялiкi ўклад у даследаванне актуальных праблем гiстарычнай навукi, з'яўляецца аўтарам больш 150 навуковых прац, сярод якiх манаграфii, зборнiкi, брашуры, навуковыя дапаможнiкi, артыкулы. Важнейшыя даследаваннi былi прысвечаны праблемам нацыянальна-дзяржаўнага будаўнiцтва. У першую чаргу адзначым наступныя кнiгi: "Революционные комитеты Белоруссии" (1975); "Забота Советской власти о здоровье трудящихся" (1976); "Организация и деятельность постоянных комиссий местных Советов Белоруссии. 1944--1970 гг." (1971); "Советы депутатов трудящихся БССР и их роль в создании материально-тэхнической базы коммунизма (1959--1965 гг.)" (1972).

У кола навуковых даследаванняў Пятра Цiханавiча ўваходзяць не толькi даследаваннi па гісторыi нацыянальна-дзяржаўнага будаўнiцтва, але i рабочага класа, сялянства, iнтэлiгенцыi, развiцця гістарычнай навукi рэспублiкi. З яго ўдзелам важную ролю ў асвятленнi гiсторыi Айчыны, насычэння навуковых гiстарычных прац новымi матэрыяламi i фактамi адыгралi 5-томная "Гiсторыя Беларускай ССР", аднатомная "История БССР" (1977), "История Полоцка" (1987), 4-томная "История рабочего класса Белорусской ССР", вялася падрыхтоўка 5-томнай гісторыi сялянства. Пры ўдзеле вучонага адкрыты для наведвальнiкаў археалагічны музей "Бярэсце". П.Ц. Петрыкаў -- адзiн са стваральнiкаў музея гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, дырэктарам якога з'яўляецца i сёння. Па ключавых накiрунках гістарычнай навукi ён выступаў на навуковых форумах у СССР i за мяжой, у тым лiку на Мiжнародных кангрэсах гiсторыкаў.

З iмем вучонага звязана ажыццяўленне шырокамаштабнага супрацоўнiцтва з адпаведнымi iнстытутамi Акадэмiй навук Лiтвы, Украiны, Малдовы, Расii, Польшчы. У гэты час пачалася сумесная праца беларускiх, лiтоўскiх, польскiх, расiйскiх вучоных над падрыхтоўкай да выдання "Лiтоўскай метрыкi". Пётр Цiханавiч актыўна працаваў у створаным у 1973 г. Мiжрэспублiканскiм каардынацыйным савеце па праблеме гістарычных сувязей беларускага, украiнскага i малдаўскага народаў. Вынiкам стала серыя публiкацый, у тым лiку наступных кнiг: "Исторические корни дружбы и единения украинского и белорусского народов", "Неруши-мая дружба украинского и белорусского народов в период социализма" (Кiеў, 1978). У 1984 г. група аўтараў i рэдактараў, у тым лiку П.Ц. Петрыкаў, была ўзнагароджана Дзяржаўнай прэмiяй Украiнскай ССР.

Як арганiзатар навукi П.Ц. Петрыкаў шмат зрабiў для ўсталявання ў Інстытуце гiсторыi творчай для навуковага пошуку aтмacфepы, адносiн добразычлiвасцi i прафесiяналiзму. Пад яго навуковым кiраўнiцтвам вучонымi паспяхова абаронена 20 кандыдацкiх i 6 доктарскiх дысертацый, саiскальнiкi якiх сталi добрым папаўненнем не толькi для iнстытута, але i для гiстарычных кафедр ВНУ рэспублiкi. Вучнi сёння распрацоўваюць самастойныя накiрункi ў гiстарычнай навуцы. Дапамагалi ў падрыхтоўцы кадраў таксама адпаведныя iнстытуты АН СССР. Пётр Цiханавiч забяспечваў плённую працу спецыялiзаванага савета па абароне доктарскiх i кандыдацкiх дысертацый, старшынёй якога быў з 1976 па 1991 г.

Адметная старонка дзейнасцi П.Ц. Петрыкава звязана з фармiраваннем гiсторыка-навуковых даследаванняў у Беларусi. Ён узначалiў створаную ў 1973 г. па рашэнню Прэзiдыума АН БССР групу па напiсанню гiсторыi АН БССР, праз сем гадоў рэарганiзаваную ў аддзел гісторыi навукi (ператвораны ў групу ў 1992 г. i адноўлены ў 1999 г.). Гэта падраздзяленне з'яўлялася каардынацыйным цэнтрам гiсторыка-навуковых даследаванняў, дзе распрацоўвалiся актуальныя праблемы гісторыi i тэорыi айчыннай навукi i асобныя яе накiрункi -- фiзiка, матэматыка, бiялогія, хiмiя, навуковыя персаналii, гісторыя навуковай iнтэлiгенцыi i г. д. П.Ц. Петрыкаў удзельнiчаў у падрыхтоўцы фундаментальных прац, у тым лiку: "Академия наук Белорусской ССР" (1979), "Наука и техника Советской Белоруссии в 1917--1990 гг.: Хроника важнейших событий" (1991), "Інстытут беларускай культуры" (1993), "Национальная академия наук Беларуси (1929--1999)" (1998), "Национальная академия наук Беларуси. Персональный состав. 1928--1998" (2 выданнi 1998--1999). П.Ц. Петрыкаў быў кiраўнiком-каардынатарам комплекснай праграмы "Гiсторыя навукi i культуры Беларусi (дасавецкi перыяд)". Яе паспяховае ажыццяўленне завершылася выданнем буйной манаграфii "Очерки истории науки и культуры Беларуси IХ-начала XX в."(1996). Апошнiя гады пад кiраўнiцтвам М. А. Барысевiча вучоны працуе ў якасцi намеснiка старшынi камiсii НАН Беларусi па гiсторыi навукi, намаганнямi якой забяспечаны выхад у свет грунтоўнай манаграфii "Наука Беларуси в XX столетии" (2001).

Даволi актыўны ўдзел юбiляр прымае ў грамадскiм жыццi Нацыянальнай акадэмii навук i рэспублiкi. Пётр Цiханавiч -- член Дзяржаўнай камiсii па падрыхтоўцы падручнiкаў у гуманiтарнай сферы, многа гадоў працаваў лектарам таварыства "Веды". Высокай ацэнкi заслугоўвае дзейнасць П.Ц. Петрыкава па ўдасканаленню падручнiкаў па гісторыi для студэнтаў-гісторыкаў i вучняў сярэднiх агульнаадукацыйных школ. Хацелася б звярнуць увагу i на малавядомыя моманты грамадскай актыўнасцi вучонага. Напрыклад, акадэмiк М.А. Барысевiч i П.Ц. Петрыкаў былi першымi, хто ў канцы 70-х гадоў паставiлi пытанне перад ЦК КПБ аб навуковай i палiтычнай рэабiлiтацыi першага прэзiдэнта АН БССР, акадэмiка У. М. Ігнатоўскага. У другой палове 80-х гадоў ён шмат зрабiў, працуючы ў акадэмiчнай камiсii па рэабiлiтацыi супрацоўнiкаў акадэмii, рэпрэсiраваных у 30-х гадах.

Усё сваё жыццё П.Ц. Петрыкаў прысвяцiў навуковай дзейнасцi. Як чалавек i вучоны ён карыстаецца заслужаным аўтарытэтам i павагай сярод тых, з кiм працаваў. Яго працы атрымалi грамадскi рэзананс, а iмя -- шырока вядома ў нашай рэспублiцы i далёка за яе межамi. Працавiтасць, сцiпласць, добразычлiвасць прынеслi члену-карэспандэнту НАН Беларусi, прафесару заслужаную павагу збоку навукоўцаў.

Вiншуем, шаноўны Пётр Цiханавiч, з юбiлеем. Сябры, вучнi i калегі жадаюць Вам здароўя, бадзёрасцi, добрага настрою i новых творчых здзяйсненняў!

Часопіс Top

Галоўная старонка / Выданні акадэміі / Навуковыя часопісы / Да пачатку старонкі


Распрацавана і падтрымліваецца Мікалаем М. Касцюковічам. Апошняе абнаўленне: 5 ліпеня 2007 г.
Створана пры ўдзеле Ігната І. Корсака
Капірайт © 2002-2008 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Капірайт © 2002 Выдавецтва "Беларуская навука"